Прывітанне, сябры! Вось і надыйшла зіма! А гэта значыць, што тэатрык “Лямцавая батлейка” распачаў сезон спектакля “Мама Му, Крумкач і Каляды” паводле кніг шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр. Адноўленую версію спектакля 8 снежня паглядзелі вучні сярэдняй школы №4 г.Салігорска. Выступ праходзіў у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ад імя якой былі ўрачаны настаўніцы плакаты ў гонар 500-годдзя беларускага кнігадруку і баваўняныя торбачкі, у якіх будзе зручна насіць сшыткі і падручнікі.
Перад спектаклем дзеткі даведаліся пра гісторыю беларускага кнігадруку. А потым усе апынуліся ў кароўніку, дзе поўзала змяя, грымеў землятрус, а Крумкач шукаў сабе падарункі на Каляды. На ровары мы паехалі ў зімовы лес, дзе на ялінцы заззялі агеньчыкі і гучалі калядныя віншаванні.
Пасля спектакля на невялічкім майстар-класе дзеткі зрабілі калядныя віншаванкі з Мамай Му і Крумкачом. А ў падарунак атрымалі каляровыя і карысныя паштовачкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Святы пачынаюцца!
Да пабачэння! Да новых сустрэч! Чытайце кніжкі на роднай мове!