Антон Рудак накіроўваецца ў ваколіцы Маладзечна. Маршрут разлічаны на адзін дзень — калі выехаць ранкам машынай з Мінска, можна ўправіцца яшчэ да вечара.
Калыска паэта
Першы прыпынак у нашым падарожжы — многім знаёмая Вязынка. Будзе сімвалічным распачаць знаёмства з Маладзечаншчынай з наведвання родных мясцін Песняра, чыё 140-годдзе краіна акурат адзначыць неўзабаве. Няма нічога дзіўнага, што ў гэтым краі на паўдарозе між Мінскам і Вільняй вельмі многія мясціны звязаныя з жыццём будучага народнага паэта, маладыя гады якога прайшлі на мяжы пазамінулага і мінулага стагоддзяў, калі Вільня і Мінск яшчэ не былі раздзеленыя дзяржаўнай мяжой і спаборнічалі за званне сталіцы беларускага нацыянальнага адраджэння.
У Вязынцы варта не толькі агледзець музейную экспазіцыю, але і прагуляцца па ваколіцах. Філіял музея знаходзіцца на тэрыторыі колішняга шляхецкага маёнтка Замбжыцкіх, у якіх сям’я Луцэвічаў арандавала зямлю акурат у той час, калі з’явіўся на свет малы Янка. Таму навокал мы можам бачыць надзвычай маляўнічы прысядзібны парк, які раскінуўся паміж рэчкай Вязынкай і каналам Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.
У лёсах гэтага тыповага шляхецкага двара адбілася ўся гісторыя Беларусі ХХ стагоддзя — як вядома, у выніку Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе Маладзечаншчына і Вязынка адышлі пад уладу Польшчы, і неўзабаве ў колішнім маёнтку Замбжыцкіх размясціўся пастарунак Корпуса аховы памежжа — польскай вайсковай арганізацыі, створанай для аховы савецка-польскай дзяржаўнай мяжы. Знаходзіўся ён у былым сядзібным доме Замбжыцкіх, які, на жаль, быў страчаны ў пасляваенныя гады, але на яго месцы захаваўся да сёння бетонны склеп. Дадамо яшчэ хіба, што ў Радашковічах, дарогай на Вязынку, можна паглядзець мясцовы касцёл, збудаваны ў 1859 годзе, дзе быў ахрышчаны малы Ясь Луцэвіч.
Спадчына мястэчак
Кіруемся далей — у Дубрава. На ўскраіне можна пабачыць рэшткі колішняга маёнтка, які належаў шляхецкаму роду Хмараў, — тут на беразе маляўнічага става захаваліся мураваныя будынкі бровара і спіртасховішча. Адсюль жа праглядаецца і абрыс старажытнага гарадзішча, што сведчыць пра даўнюю гісторыю гэтага паселішча. А ў цэнтры мястэчка варта агледзець велічныя руіны касцёла, збудаванага на мяжы XVIII і XIX стагоддзяў. На жаль, з-за людской нядбайнасці ў 1980 годзе ў храме здарыўся пажар, які знішчыў дах будынка, але, нягледзячы на тое, і сёння яго магутныя муры і калоны ўражваюць сваёй прыгажосцю ды магутнасцю. Рухаючыся далей на захад, варта таксама зрабіць прыпынак у Пятроўшчыне, дзе на беразе Заходняй Бярэзіны захаваліся руіны вадзянога млына з маляўнічай плацінай.
Вадзяны млын у Гарадку
Нарэшце трапляем у Гарадок, дзе нас вітае яшчэ адзін вадзяны млын, але гэтым разам ужо большы, чатырохпавярховы. У цэнтры мястэчка захавалася старая мураваная забудова, у тым ліку будынак колішняй сінагогі, ля якога ўсталяваны мемарыяльны знак з напамінам аб тым, што на гэтым месцы знаходзілася гарадоцкае гета, каля дзевяцісот вязняў якога былі забітыя нацыстамі ў 1942 годзе. Побач, у мясцовым гісторыка-літаратурным музеі, можна бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй мястэчка і выдатных асоб, жыццё і дзейнасць якіх былі звязаныя з Гарадком. Кіруючыся далей на захад, раім таксама прыпыніцца ў Хоўхлаве, дзе на маляўнічым пагорку можна пабачыць драўляны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, збудаваны ў 1738 годзе ў стылі барока.
Дзе пачыналіся працоўныя шляхі
Паміж вёскамі Груздава і Палачаны варта завітаць на месца, дзе ў 2015 годзе намаганнямі фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага», а таксама каталіцкіх вернікаў і валанцёраў, падтрыманых раённымі ўладамі, было добраўпарадкаванае месца колішняга драўлянага касцёла Святога Роха, які з’явіўся тут у 1773 годзе, але, на жаль, быў разбураны ў 1990-я. Дбаннем неабыякавых людзей касцельны цвінтар быў добраўпарадкаваны, адноўленыя брама і агароджа, прыведзеныя ў належны выгляд таксама рэшткі склепа-пахавальні шляхецкага роду Дадэркаў. Акрамя таго, побач з колішнім касцёлам усталяваны крыж на магіле чатырох ахвяр першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. Спіс незвычайных помнікаў, якія варта пабачыць у гэтых ваколіцах, завяршае каменны крыж з надпісам, што знаходзіцца пры дарозе на поўнач з Палачанаў і здаўна лічыцца цудадзейным.
Асабіста для мяне ваколіцы Груздава і Палачанаў былі цікавыя яшчэ і тым, што менавіта ў гэтых вёсках у 1909 годзе, пасля заканчэння Барунскай настаўніцкай школы, пачынаў свой працоўны шлях мой прадзед Рыгор Рудак. З немалым здзіўленнем я даведаўся, што ён зусім ледзь-ледзь размінуўся ў часе з маладым Іванам Луцэвічам, які за пару гадоў да таго працаваў памочнікам вінакура на бровары ў суседняй Яхімоўшчыне. Акрамя бровара, ад колішняй сядзібы Сулістроўскіх тут на берагах маляўнічага става захаваліся два драўляныя свірны, афіцына, флігель і два жылыя дамы, у адным з якіх сёння размяшчаецца яшчэ адзін філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
Сляды мінулага не мусяць знікнуць
Млын-вятрак у Солтанах
Далей рухаемся на поўнач і трапляем у вёску Солтаны, дзе захаваўся драўляны млын-вятрак першай паловы ХХ стагоддзя. Надзіва няблага збераглося ўнутранае абсталяванне млына, але лёс ягоны выклікае занепакоенасць — такія будынкі з дрэва часта разбураюцца, не атрымаўшы належнага догляду. На ўсю краіну, на жаль, сёння набярэцца толькі з дзясятак драўляных ветракоў, тры з якіх перавезеныя ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам. Яшчэ пяць ветракоў у розных кутках Беларусі былі зруйнаваныя з розных прычын толькі за апошнія дваццаць гадоў. Між тым, варта было б звярнуць увагу на патрэбу захавання такіх рэдкіх і адметных пабудоў, якія некалі былі неад’емнай часткай беларускага вясковага краявіду, а сёння могуць бясследна знікнуць.
Касцёл у Беніцы
Апошні пункт нашага падарожжа — велічны барочны касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Беніцы, збудаваны ў 1704 годзе. Рэстаўрацыйныя работы тут былі распачатыя яшчэ ў 1980-я гады, і сёння, хоць будынак і стаіць зачыненым, яму, прынамсі, не пагражае далейшае разбурэнне. Ля касцёла, калі пашанцуе, вы можаце сустрэцца з мясцовым вартаўніком — рудым ласкавым катом, які правядзе вас вакол храма і развітаецца ля брамы. Час вяртацца дадому — наперадзе чакаюць новыя маршруты і свежыя ўражанні. То да наступнай сустрэчы!
Антон Рудак, kimpress.by