Беларускія літаратары Віктар Марціновіч і Вольга Гапеева прадставяць свае творы на XXIV Міжнародным літаратурным фестывалі «Poetische Quellen» («Паэтычныя вытокі») ва Усходняй Вестфаліі-Ліппе, паведамляе reform.news.
Падзея пройдзе з 27 па 31 жніўня ў культурным парку Aqua Magica ў Лёне (Löhne).
Вольга Гапеева 31 жніўня а 14.00 прэзентуе свой раман «Самота, што жыла ў пакоі насупраць».
А 16.30 на той жа пляцоўцы адбудзецца сустрэча з Віктарам Марціновічам, які распавядзе пра свой твор «Рэвалюцыя».
На фэсце выступіць і нямецкі пісьменнік, журналіст, аўтар кнігі пра беларускія пратэсты 2020 года Rasender Stillstand Інго Пэтц — сустрэча з ім запланавана таксама на 31 жніўня.
Сярод гасцей падзеі — лаўрэат Ляйпцыгскай кніжнай прэміі ў намінацыі «Пераклад» Томас Вайлер. Нагадаем, што прэстыжную ўзнагароду на Ляйпцыгскай кніжнай выставе творца атрымаў за пераклад кнігі «Я з вогненнай вёскі...» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка. Томас Вайлер з’яўляецца і аўтарам перакладу рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы». На сустрэчы 31 жніўня перакладчык распавядзе пра свае сувязі з Беларуссю і творчую кухню.
Цяжкасці дарогі з Беларусі. Заўважым, што Віктар Марціновіч, які едзе на фестываль з Мінску, вымушаны дабірацца да Германіі праз Турцыю. Найбольш просты шлях да Літвы, а адтуль да нямецкіх земляў, значна ўскладніўся пасля адмены аўтобусных рэйсаў беларускіх кампаній да Вільнюса і іншых літоўскіх гарадоў.
«Два тыдні таму з 75% маршрутаў Eurolines здарылася тое, што папярэдне здарылася з усімі авіарэйсамі з Менску ў Еўропу», — канстатаваў чарговае захлопванне для беларусаў магчымасцей трапіць за мяжу ў сваіх сацсетках беларускі пісьменнік.
Квіткі на падзеі фестывалю можна набыць тут.