Школа маладога пісьменніка абвясціла новы набор. Як заўсёды, там будуць вучыць чытаць, пісаць, а таксама слухаць сябе ды іншых. Заняткі з мэтрамі беларускай літаратры — бясплатныя.
Сёлета ў школе будуць выкладаць Андрэй Хадановіч, Віктар Жыбуль, Марына Казлоўская і Ульяна Верына. Акрамя практычных заняткаў з пастаяннымі выкладчыкамі, па праграме навучання прадугледжаны лекцыі і майстар-класы запрошаных навукоўцаў і аўтараў. Яны дадуць асновы тэорыі прозы, паэзіі і паэтычнага перакладу.
Навучанне ў Школе разлічана на 5 месяцаў і працягнецца з лістпада 2023 па травень 2024. Заняткі будуць праходзіць па суботах, і да іх можна далучыцца з любой кропкі свету.
Школа маладога пісьменніка працуе з 2012 года. Яе выкладчыкамі ў розныя гады былі, напрыклад, Валянцін Акудовіч, Уладзімір Някляеў, Наталка Бабіна, Алесь Пашкевіч.
Сярод выпускнікоў Школы — Павел Анціпаў, Ганна Комар, Антон Рудак, Крысціна Бандурына і многія іншыя аўтары, якія пасля яскрава дэбютавалі ў друку і працягваюць сваю літаратурную кар'еру.
Дэдлайн падачы заявак — 28 кастрычніка 2023 года
Пажаданы ўзрост удзельнікаў і ўдзельніц — да 35 гадоў.
Заяўка павінна ўключаць:
1) уласны мастацкі твор любога жанру (паэзія, проза, эсэ), альбо фрагмент твора на беларускай альбо рускай мове аб’ёмам 2-5 старонак;
2) матывацыйны ліст з адказам на пытанне, чаму вы хочаце паступіць у Школу маладога пісьменніка;
3) спіс з 5-10 кніг, якія на вас паўплывалі найбольш.
Вашыя ўзоры твораў, матывацыйны ліст і спіс кніг дасылайце на паштовую скрыню bellit.info@gmail.com разам адным файлам у фармаце .doc (.docx).
Падрабязней пра правілы афармлення заяўкі можна пачытаць тут.
Чытайце яшчэ: Журы літаратурнай прэміі «Дэбют» назвала імёны намінантаў. У шорт-ліст увайшло 10 аўтараў