Вёска Залессе вядомая аматарам птушак як “савіная вёска”. Штогод у гэтым кутку Белавежскай пушчы абмяркоўваюць пытанні па ахове прыроды і назіраюць за птушкамі. Але аграэкасядзіба “Залессе” не абмежавалася навуковым кірункам, яна таксама стала пляцоўкай для незвычайных імпрэзаў. Восенню мінулага года тут прайшоў “Савіны фэст”, які прыцягнуў увагу людзей да птушынага свету. А сёлета 8-10 жніўня ў Залессі зладзілі “Прызба-фэст”, які аб’яднаў і птушкаведаў, і культуразнаўцаў.
“Прызба-фэст: Тэатр. Экалогія. Сацыяльнае мастацтва” – назва мерапрыемства яскрава адлюстроўвае азначаныя пласты чалавечай зацікаўленасці. Экалагічную ролю прыняла на сябе аграэкасядзіба “Залессе”, на тэрыторыі якой размясціліся ўдзельнікі фэсту і асноўная інфраструктура. А культурную частку забяспечылі тэатр “Крылы халопа” і запрошаныя госці, якія тры дні не давалі сумаваць ні дарослым, ні дзецям.
Першы дзень выдаўся інфармацыйна-пазнавальным. Удзельнікі і госці знаёміліся паміж сабой і з лясной мясцовасцю, ладзілі дыскусіі на тэму сацыяльнага мастацтва і спрабавалі ўспрыняць чорна-белае нямое кіно пад жывую музыку.
Другі дзень атрымаўся самым насычаным па праграме і колькасці наведнікаў. Каля 150 чалавек запаўнялі зялёныя плямы вакол вясковых хатак рознакаляровымі намётамі. Атмасфера ў Залессі склалася вольная і няспешная, што нават не ўкладалася ў галаве. “Мне падабаецца, што тут ніхто не прымушае ўдзельнічаць ва ўсім, можна проста гуляць і глядзець”, – дзеліцца ўражаннямі адзін з гасцей фэсту.
На ўваходзе на тэрыторыю фэсту разглядаю самаробную мапу, з якой відаць, што ўся тэрыторыя разбітая на адпаведныя зоны. Вось асноўная хата гаспадара, каля яе размяшчаецца палявая кухня, дзе нас будуць частаваць аўсянай кашай з варэннем, пловам і гарбатай на травах. Побач месца для вогнішча, каля яго мы яшчэ заспяваем пад гітару ўвечары.
Злева ад гаспадаравай хаты – паветка. Бачу, на сцяне ўжо развесілі дзіцячыя малюнкі на тэму Чарнобылю. Далей асобная экалагічная сметніца, прызначаная для шкляных і пластыкавых бутэлек. А вунь драўляная хатка з дзвюма намаляванымі совамі! Каля яе размясціўся невялічкі handmade кірмаш: “птушыныя” магніцікі, лялькі-беларусачкі, свістулькі з бярозы, падвескі і брошачкі.
Найбольшую папулярнасць набыла “Прастора крэатыўнага гультайства “ЛЯ-НОТА”. Яна змясціла тры пляцоўкі: друкарня, кавярня, чытальня. У друкарні працуе Святлана, але яна не кнігі друкуе, а вучыць нас азам шаўкаграфіі. На выбар ёсць чатыры малюнкі, безліч каляровых фарбаў, а вось аснову для свайго прынта вы прыносіце самі. Часцей за ўсё “татуіроўку” рабілі на цішотках. Чарга ахвочых атрымаць прызба-прынт на памяць была настолькі вялікай, што Святлана рабіла ажно на змярканні. І тое не ўсім паспела.
У кавярні працуе Аліна. Яна, як лясная магічка, настойвае ў самавары гарбату з палявымі траўкамі і заварвае каву з цынамонам. Але ж хто насамрэч ведае, што яшчэ яна дадае ў кубкі са сваіх шматлікіх слоічкаў? Кожную гадзіну Аліна выстаўляе аўдыторыі новы гарачы напой.
У чытальні не працуе ніхто. Гэта для самых “ЛЯ-НОТных” у цені дрэваў стаіць старэнькі фатэль і кандэлябр. Паміж галін уладкавалася палічка з кнігамі, выбірай і чытай, пакуль астатнія “забіваюць” галаву на майстар-класах ды лекцыях.
Але і падчас адукацыйных момантаў атмасфера навокал была настолькі расслабленай, што слухаць лекцыі і прэзентацыі, пры гэтым лежачы на саламяным мяшку, было адно задавальненне. Прадстаўнік ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Дзяніс Табуноў расказвае прысутным пра тэрыторыі, важныя для птушак. На адной з такіх тэрыторый сядзім цяпер мы (балота Дзікое), другая знаходзіцца вакол нас (НП “Белавежская пушча”).
Праваабаронца Жанна Панамарэнка (Мурманск, Расія) разглядае праблему дыялогу паміж сучасным мастацтвам і ўладай: “Я спрабую зразумець, на якіх прынцыпах мастак будуе свой зварот да ўлады. Чаму гэта перфоманс, а не візуальнае мастацтва? Чаму менавіта канфліктнасць і правакацыя?”
Пасля абмеркавання сур’ёзных тэмаў і дыскусій надыходзіць час вячэры. А далей ужо не абысціся без музыкі! Мясцовая жыхарка Валянціна Парфёнаўна (для сваіх баба Валя) у свае 86 гадоў з вялікім задавальненнем бавіць час сярод моладзі. Разам са сваёй сястрой яны адна за адной згадвалі народныя танцы і прыпеўкі. Спявалі то на палескай, то на польскай. Потым ініцыятыву перахапілі музыкі з праекта “Андарак”. Этнічныя матывы ў сучасным рытме захаплялі і бабу Валю, і ўсіх прысутных.
На дэсерт другога дня Прызба-фэсту на імправізаванай экасцэне нас чакаў спектакль “Чарнобыль” у пастаноўцы тэатра “Крылы халопа”, а таксама яшчэ адна порцыя кароткаметражных французскіх фільмаў з агучкай ад праекту КІНЕМО. Поўны месяц у гэтую жнівеньскую ноч асвятляў шлях яднання культуры і прыроды.
Заключная частка фэсту была арганізаваная ў вёсцы Вялікае Сяло. Разынкай трэцяга дня стаў дзіцячы спектакль “Аповеды з Вялікага Сяла”, заснаваны на рэальных гісторыях гэтага мястэчка. Пад заслону трохдзённага свята госці з Польшчы, тэатр “Венгайты”, прадэманстравалі спектакль “Зямля Б”, а таксама прапанавалі адкрыты майстар-клас традыцыйнага польскага танцу для жыхароў і гасцей вёскі.
Фэст прайшоў. Але засталіся людзі, якія працягваюць рабіць сваю культурную, экалагічную ці іншую карысную справу. І галоўнае зусім не тое, чым мы займаліся цягам гэтых трох дзён, а тое, што “пстрыкнула” ў нашых галовах, калі мы пачулі нешта сапраўды важнае. І гэтае важнае для кожнага сваё.
*Мерапрыемства праводзілася пры падтрымцы праекта “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, які рэалізуе ПРААН. Выканаўчая арганізацыя — Брэсцкі трансгранічны інфацэнтр.
Аўтар тэксту і фота: Вольга Малафеечава