Распавядаем пра ненарматыўную лексіку.
Увага! У тэксце ўжываецца ненарматыўная лексіка, але выключна з мэтай адлюстравання навуковых фактаў.
Мацерныя словы, абуральныя і абразлівыя, сёння выціснутыя на перыферыю прасторы нашай культуры. Іх ужыванне фактычна забароненае і можа стаць прычынай пакарання, аднак гэтыя словы вядомыя ўсім і ўжываюцца ледзь не кожным з нас. На дзіва, пры такой шырокай распаўсюджанасці мат застаецца дастаткова таямнічай з’явай, вакол якой склалася багата стэрэатыпаў. Людзі ведаюць значэнні слоў, але не ведаюць іх сэнсу і не здагадваюцца пра паходжанне. Паспрабуем разабрацца з папулярнымі міфамі пра мат увогуле і пра яго месца ў беларускай мове і культуры.
Міф № 1. Беларусам не ўласцівая мацерная лаянка.
Гэта, бадай, асноўны стэрэатып, ад якога паходзіць большасць іншых, што будуць тут разглядацца. Насамрэч мат быў добра вядомы нашым продкам. У ХІХ ст. этнограф Павел Шэйн адзначаў: «Селянін наш багаты і лаянкай. У яго знойдзецца нямала выразаў гэтай слоўнай катэгорыі; ён пускае іх у ход пры самай нязначнай нагодзе». А ў нарысе Рыгора Барадуліна «Як беларусы сэксам займаюцца» можна даведацца пра некаторую спецыфіку выкарыстання мацерных словаў і нават адчуць іх мілагучнасць: чаго вартае адно толькі «ні***танькі».
Міф № 2. Мат — гэта запазычаная з’ява.
Крыніцай запазычання звычайна лічыцца руская мова, якая матам «сапсавала» беларускую. У сваю чаргу, у рускіх мат — гэта мангола-татарская спадчына. Гэтае і падобныя меркаванні не адпавядаюць рэчаіснасці, пра што сведчыць шэраг фактаў. Першае зафіксаванае мацернае слова («пи*ьда») на тэрыторыі Беларусі адносіцца да другой паловы ХІ — першай паловы ХІІ ст. Яно выдрапанае на камені ў падмурку Сафійскага сабора ў Полацку, на якім прысутнічае пералік імёнаў, якія прынята лічыць імёнамі прадстаўнікоў будаўнічай арцелі. Мацернае слова напісанае дагары нагамі пад імем «Петъръ». Пра сэнс гэтага надпісу мы можам толькі здагадвацца, але жартам заўважым, што лексіка будаўнікоў з часоў Полацкага княства не надта змянілася.
Ужо адзін толькі гэты факт адразу разбурае міф пра мангола-татарскую спадчыну, бо першая згадка мату на беларускіх землях значна ранейшая за з’яўленне на гістарычнай арэне мангола-татарскіх заваёўнікаў. Між тым гэта таксама сведчыць, што словы, якія мы цяпер называем ненарматыўнымі, былі вядомыя нашым продкам таксама задоўга да захопу беларускіх земляў Расійскай імперыяй і правядзеннем русіфікацыі. А значыць, міф пра запазычанне не пацвярджаецца. Аднак дзеля справядлівасці зацемім, што ўплыў Расіі на распаўсюджванне мацернай лаянкі і змены яе сутнасці і ўспрымання грамадствам, відавочна, быў значным, што адлюстроўваецца ў паняццях лаяцца «па-руску» і «загнуць маскаля» (аблаяць мацерным словам), прычым апошняе паказвае не толькі на этнічныя стэрэатыпы, але і на тое, што лаянцы беларусы «вучыліся» ў войску (словам «маскаль» таксама пазначаліся раней салдаты).
Акрамя таго, лаянку, па ўсім відаць, менавіта мацерную, згадвае таксама ў ХІІ ст. знакаміты духоўны дзеяч Кірыла Тураўскі: «буе слово, срамословіе, бестудная словеса и плясаніе, еже в пиру, и на свадбах, и в павечерницах, и на игрищах и на улицах». Гэта каштоўнае сведчанне, дзе акрэсліваецца сфера ужывання мацернай лексікі, якая дакладна супадае з тым, што пасля пацвярджаецца беларускім фальклорам. Такім чынам, упэўнена можна казаць пра мат як пра частку тутэйшай культуры. Пра яго месца і ролю ў беларускай традыцыі яшчэ пагаворым падрабязней.
Міф № 3. Мат мае цюркскае ці фіна-ўгорскае паходжанне.
Гэты тэзіс — таксама не больш чым міф, які абвергнуты мовазнаўцамі. Так званыя мацерныя словы — гэта балта-славянская спадчына, якая ўзыходзіць да старажытнай агульнаіндаеўрапейскай мовы, што чарговы раз падкрэслівае аўтахтоннасць дадзенай лексікі для беларусаў. У асноўным увесь мат з’яўляецца вытворнымі формамі ад чатырох слоў, якія маюць дакладную індаеўрапейскую этымалогію. Дык якое ж іх сапраўднае паходжанне?
Дзеяслоў «*баць» паходзіць ад індаеўрапейскага кораня *h₃yebʰ- (*h₁eibʰ-,*iebh) са значэннем «уваходзіць, пранікаць, сукупляцца». У санскрыце вядомы яго прамы аналаг — yabhati. І зусім нечакана будзе адшукаць гэты ж корань у назве ракі Дняпро! Прынамсі вядомая такая версія. Вядомы лінгвіст Уладзімір Тапароў адзначаў, што этымалогія назвы Дняпро ўзыходзіць да індаеўрапейскіх каранёў: dānu (рака, вада) і *-íebhr, што ўвасабляе ідэі плоднасці і сукуплення. То бок назва Дняпро можа прыкладна значыць «пладавітая рака», «вада, што дае ўрадлівасць і плоднасць».
А вось самае першае з зафіксаваных мацерных словаў у Беларусі, «пі*да», утворанае ад індаеўрапейскага кораня *pisd-eH₂-, які значыць «вульва». Назоўнік «х*й» мовазнаўцы выводзяць ад індаеўрапейскага кораня *skēu- са значэннямі «рэзаць, аддзяляць, драпаць». Гэтым коранем пазначаецца штосьці вострае і выцягнутае. Ад гэтага ж самага індаеўрапейскага кораня паходзяць такія бяскрыўдныя словы, як беларускае «хвоя», латышскае skuja (хвоя) і літоўскае skuja (хвоя, шышка).
Слова «бл*дзь», у сваю чаргу, паходзіць ад індаеўрапейскага кораня *bʰlendʰ- , звязанага з некалькімі значэннямі: 1) змяшаць, пераблытаць; 2) зрабіць мутным, непразрыстым. Праз рэканструяванае протабалтаславянскае слова *blenstei, уласна, утвараецца протаславянскае *blędь «памылка, падман» і *blęsti «гаварыць глупства», а ўжо адсюль утвараюцца знаёмыя славянскія «бл*дзь» і «блуд» (заблукаць, пайсці не тым шляхам, адхіленне, распуста). І тут таксама можа быць сувязь, хаця прафесіяналы спрачаюцца, яшчэ з індаеўрапейскім *bhləido-s «блядны, бледны». То бок і тут таксама прасочваецца сэнсавы шэраг «невыразны, няяркі, няпэўны, недакладны». Блізкі прамы моўны сваяк — нямецкае слова blöd (дурны, неразумны).
Міф № 4. Раней жанчыны не выкарыстоўвалі мацерныя словы, а толькі мужчыны.
А вось гэты стэрэатып мае рэальны падмурак у традыцыйнай культуры і міфалагічным светапоглядзе. Сапраўды, у беларусаў існуе ўяўленне пра мат як пра спецыяльную мужчынскую лексіку, карыстацца якой жанчынам нельга. Вядомая нават палеская легенда пра гэта. Яна распавядае, што калісьці Бог хадзіў па зямлі і папрасіў жанчыну паказаць дарогу. Аднак яна жала жыта і адмовілася, спасылаючыся на недахоп часу. У адказ Бог зрабіў так, што жанчыне ніколі не хапае часу. Калі Бог запытаўся пра дарогу ў мужчыны, той прапанаваў Богу пасядзець, пакурыць, а пасля ўжо паказаў дарогу. Пры гэтым мужчына выказаў абурэнне адмовай жанчыны дапамагчы: «Ядри яё налева, што ана тебе адказала». На што Бог адказаў: «Ты — ругайса, а жэншчыне ругаца неззя». Мат у вуснах жанчын успрымаецца як грэх, ад якога пакутуе зямля: «Зямля ат жэншчын гарыть, ат таго, што жэншчыны ругаюца», «Як ругаецца [матам жанчына], пад табой зямля гарыть, ты трогаеш з зямли мать, з таго свету мать ты трогаеш... эта слава ня нужные, мужское слово». У народным успрыманні ўжыванне мацерных словаў з боку мужчын не лічылася грахом, а было звычайнай з’явай.
Міф № 5. Мацерныя словы — гэта заклёны і словы з чараўніцкіх практык.
Гэтае меркаванне таксама ў пэўнай ступені адпавядае рэчаіснасці, аднак варта адзначыць, што сфера ўжывання была больш шырокай. Можна сцвярджаць, што ў пэўны час мацяршчына мела рытуальны характар і функцыі і з’яўлялася элементам абрадаў паганскага паходжання, якія маюць выразную сувязь з урадлівасцю і плоднасцю: вясельных, радзінных і сельскагаспадарчых абрадаў і каляндарных святаў (напрыклад, Масленіца, Каляды). У шэрагу выпадкаў мацерная лаянка па сваіх функцыях адпавядае малітве: такім чынам можна абараніць сябе ад шкоднага магічнага ўздзеяння і ад нячысцікаў. Праклёны, заклёны і нават бажба ў форме ненарматыўных выказванняў, паводле меркавання філолага Барыса Успенскага, маюць асацыяцыю менавіта з грамавым ударам, разглядаюцца ў якасці закліку Грымотніка, які б’е нячыстую сілу. Прысутнасць такой лексікі ў абрадавым фальклоры і міфалагічных тэкстах таксама сведчыць пра яе арыгінальнасць і старажытнасць у нашай культуры.
Адметна, што, згодна з легендай пра паходжанне чорта, запісанай у в. Грабаўка Гомельскага раёна, мат характарызуе мову нячысціка: «Ну, бог васкрес и пашол у пекла и стал тягнуть из пекла людей из ямы. Адин ру́ки падае́ — а ўсих рук багата. Так он не стерпеў и па-руски загнул матам. И Исус Христос его не взял, и <он> зделался чортом. У его сейчас абразавались ногти такие и воласы паднялись на галаве и сделалась такое обличив, як у чорта». У фальклоры латышоў чорт таксама ўжывае мацерныя словы. Дарэчы, балцкім народам гэтая лексіка добра вядомая, што цяпер, што ў старажытнасці. У прускай мове вядома слова «peisda», якое сустракаецца ў нямецкіх сярэднявечных слоўніках. Цікава яшчэ, што ў літоўскай міфалогіі вядомы бог Пізюс (Pizius), які адказвае за шлюбную вернасць і плоднасць. Няцяжка здагадацца, з якім коранем і словам звязанае ўласнае імя боства. Міфалагічны сэнс і рытуальны кантэкст мацяршчыны — насамрэч даволі шырокая тэма, вартая асобнага разгляду.
Як сведчаць прыведзеныя тут звесткі, мацерныя словы ўсё ж не з’яўляюцца чужароднай з’явай у беларускай мове і культуры, але ёсць архаічнай тутэйшай спадчынай. Іншая рэч, што з цягам стагоддзяў гэтыя, відаць, першапачаткова звычайныя, нармальныя словы, якія не мелі абразлівага і забароненага характару, пад уплывам розных знешніх уплываў і ўнутраных чыннікаў паступова страцілі свой першасны сэнс і набылі новы, згубілі культурны кантэкст, у якім раней натуральна існавалі, таму змяніліся іх роля і ўспрыманне. Так і ўтварылася супярэчлівая сітуацыя, калі ўсе ведаюць такія словы, але амаль нічога не ведаюць пра іх ды лічаць чужымі. Як і чаму яны трапілі пад забарону і набылі сённяшні сэнс і адпаведнае табуяванае ўспрыманне — гэта ўжо іншая гісторыя.
budzma.by