«Нам патрэбна свая медыяплатформа»: Вольга Яноўская пра выдавецтва Grunwald у Канадзе і бачнасць беларускага кантэнту ў сеціве

Выдавецтва Grunwald Publishing было заснавана ў Канадзе ў 2023 годзе з мэтай выдання беларускіх кніг на англійскай мове. Першая кніга — пераклад аповесці «Дзве душы» Максіма Гарэцкага — выйшла з друку ў верасні 2024-га. Цяпер рыхтуецца пераклад «Шляхціца Завальні» Яна Баршчэўскага, перавыданне кнігі The Belarusian Cookbook Алеся Белага і падручнік па беларускай мове для англамоўных.

Voĺha Janoŭskaja
Вольга Яноўская. Фота: Вілія Яноўская

Reform.news паразмаўляў з заснавальніцай Grunwald Publishing Вольгай Яноўскай пра асаблівасці выдання кніг у Канадзе, пошукі ідэнтычнасці ў жыцці і літаратуры, а таксама — пра беларускую мову ў сеціве. Апошняя праблема цяпер актыўна абмяркоўваецца, а Вольга Яноўская, акрамя выдавецтва, якім заангажаваная ў вольны час, працуе ў сферы лічбавага маркетынгу і займаецца аптымізацыяй сайтаў для пошукавых сістэм. Яе асноўныя праекты звязаныя з буйнымі двухбаковымі маркетплэйсамі, як eBay, Shutterstock і Adevinta (да 2022 года ім належаў kufar.by).

«Dźvie dušy» Maksima Hareckaha na anhlijskaj movie
«Дзьве душы» Максіма Гарэцкага на англійскай мове. Фота: olya.ianovskaya / Facebook

— Вы прыехалі ў Канаду школьніцай. Як так атрымалася, што вы дасюль так добра і без акцэнту размаўляеце на беларускай мове?

— Мы прыехалі сюды напрыканцы 1990-х, мне было 15 гадоў. У Мінску я вучылася ў беларускамоўнай гімназіі, пераехаўшы ў Канаду, у першыя ж гады эміграцыі я адшукала беларускую суполку ў Таронта. Тыя знаёмствы і сяброўствы, якія ў той час склаліся, дапамаглі пазбегнуць поўнай асіміляцыі. Першыя гады ў эміграцыі былі крытычнымі і самымі складанымі: новая краіна, новая культура, новая мова. А я — падлетак, і ніякага скайпу. Лісты да сяброў ішлі больш за два тыдні ў адзін бок, а тэлефонныя карткі каштавалі шалёныя грошы. Мы тэлефанавалі бабулям-дзядулям літаральна па 2-3 хвіліны ў месяц. А дзядуля пісаў мне лісты заўсёды па-беларуску.

Менавіта тады я пачала чытаць больш беларускіх кніг. А Караткевіч стаў тым аўтарам, які адкрыў для мяне мову нанова.

Сёння ўсё значна прасцей, бо ёсць інтэрнэт, сацсеткі і велізарная колькасць розных ініцыятываў, даступных літаральна ў адзін клік. Шмат інфармацыйна-культурных прадуктаў, праз якія можна не толькі захаваць мову, але і зрабіць так, каб яна заставалася актуальнай. Любы чалавек можа атрымаць хуткі доступ да беларускіх кніг, музыкі, фільмаў, падкастаў. І тыя супольнасці, што раней існавалі толькі лакальна, зараз могуць камунікаваць і супрацоўнічаць паміж сабой па ўсім свеце.

— Тым не менш існуе праблема бачнасці беларускай мовы ў сеціве...

— Гэта не толькі беларуская праблема. Існуюць сістэмныя механізмы, якія перашкаджаюць лакальнаму нішаваму кантэнту быць заўважаным, што становіцца яшчэ больш небяспечным, калі такія механізмы выкарыстоўваюцца як інструмент прапаганды ці інфармацыйнай вайны.

Прывяду прыклад. У сакавіку 2022 года я заўважыла, што калі шукаць у Google інфармацыю пра Украіну на расійскай мове, то практычна ўсе вынікі ў топе былі з дзяржаўных расійскіх СМІ. Гэта быў самы пачатак вайны, і інфармацыйны парадак у Google ўжо цалкам кантраляваўся расійскай прапагандай.

Гэта выглядала няправільна і з пункту гледжання маралі, і з тэхнічнага боку, бо ўкраінскія СМІ публікавалі вельмі шмат матэрыялаў на расійскай мове. І таксама працавалі аўтарытэтныя міжнародныя рэсурсы, як BBC Russian ці Deuche Welle. Паводле ўсіх алгарытмічных правілаў яны таксама мусілі быць у топе ці нават займаць больш высокія пазіцыі за «РИА Новости», але гэтага не адбывалася.

І я напісала артыкул, у якім патлумачыла, чаму такога не павінна быць. Маёй мэтай было звярнуць увагу Google на гэтую праблему. Артыкул апублікавалі ў вядучым выданні па лічбавым маркетынгу Search Engine Land пад даволі правакацыйнай назвай: «Dear Google it’s time to remove russian propaganda from search results» («Дарагі Гугл прыйшоў час прыбраць расійскую прапаганду з вынікаў пошуку»). Загаловак, дарэчы, прыдумаў рэдактар, не я.

Артыкул выклікаў дыскусію ў SEO-супольнасці, вяліся спрэчкі пра свабоду слова, цэнзуру, межы алгарытмічнага ўмяшання. І там былі каментары, які пакідалі даволі вядомыя асобы ў медыя сферы і канкурэнты Google.

Ці звязана гэта было з гэтым артыкулам, ці не, але праз кароткі час Google сапраўды змяніў свае rater guidelines — дакументы, паводле якіх ацэньваецца якасць кантэнту. Былі ўведзены новыя правілы для ацэнкі палітычнага і вострага кантэнту. І даволі хутка інфармацыйны ландшафт у рускамоўным Google стаў больш збалансаваны.

Расійскія прапагандысцкія крыніцы цалкам не зніклі, але іх дамінаванне заўважна аслабла.

Незалежныя ўкраінскія і заходнія СМІ сталі больш бачнымі.

Google з гэтай прычыны атрымаў шмат праблем, бо Расія наклала на кампанію вялізны штраф за распаўсюд антырасійскай прапаганды. Аднак цяпер людзі, якія шукалі інфармацыю пра вайну, сталі атрымліваць яе з разнастайных крыніц.

Гэты выпадак паказвае, што нават невялікія змены ў працы пошукавых сістэм могуць вельмі значна паўплываць на ўсю інфармацыйную прастору. Але алгарытмы ніколі не будуць ідэальнымі, і SEO-эксперты заўсёды імкнуцца абыграць сістэму.

Атрымліваецца, што расійскі наратыў дамінаваў, нягледзячы на вялікую колькасць аўтарытэтнага ўкраінскага і заходняга кантэнту, нават у сітуацыі, дзе рэсурсы бакоў былі дастаткова збалансаваныя. У такім разе, ці ёсць тады надзея для беларускага кантэнту, які мае значна менш стваральнікаў, чытачоў і не атрымлівае дзяржаўнай падтрымкі?


Зразумела, што складана даносіць інфу пра Беларусь тым, хто пра яе нічога не ведае і не цікавіцца.

— Аднак як дамагчыся таго, каб нас маглі знайсці тыя, хто ўжо шукае?

— Калі мы гаворым пра тое, што перашкаджае бачнасці беларускай мовы і беларускага кантэнту ў інтэрнэце, то гэта, на мой погляд, алгарытмічныя перашкоды: Google і іншыя пошукавыя сістэмы могуць аўтаматычна пераключаць запыты на рускую мову, бо яны аддаюць перавагу больш папулярным матэрыялам.

Пэўную ролю таксама адыгрываюць налады браўзераў, бо Google счытвае моўную канфігурацыю камп’ютара. Калі аперацыйная сістэма вашага камп’ютара, рахунак Google і браўзер настроены на рускую мову, то Google хутчэй за ўсё будзе даваць інфу на рускай. Гэта даволі моцныя сігналы, якія ідуць ад самога карыстальніка. І тут трэба заняцца сваёй асабістай канфігурацыяй камп’ютара і браўзера.

Час ад часу я бачу, як з’яўляюцца розныя петыцыі з заклікамі да кампаній дадаць беларускую мову. Гэта добры жэст актывізму, але ці мы разумеем, чаго патрабуем?

Мы просім бізнес укласці значныя рэсурсы ў лакалізацыю сваіх прадуктаў на яшчэ адну мову. Аднак лакалізацыя — гэта складаны, дарагі і працаёмкі працэс. А для кампаній, галоўная мэта якіх зарабляць грошы і атрымліваць прыбытак, рашэнні аб інвестыцыях прымаюцца на аснове чаканага ROI (акупнасці гэтых самых інвестыцый).

Кампаніі глядзяць на лічбы: ці ёсць дастатковая колькасць карыстальнікаў, у якіх у наладах браўзера выбраная беларуская мова? Большасць інструментаў інтэрнэт-аналітыкі дае магчымасць аналізаваць моўныя налады карыстальнікаў. Калі мы карыстаемся інтэрнэтам на рускай, англійскай або іншай мове, то мы становімся нябачнымі як патэнцыйны сегмент карыстальнікаў і кандыдат на лакалізацыю.

Я зразумела гэта, калі спрабавала пераканаць калегаў у PayPal у неабходнасці беларускай лакалізацыі. Інтарэсу да праекту не было, бо лічбы не апраўдвалі інвестыцыю.

Яшчэ адзін істотны фактар — інфармацыйная канкурэнцыя. Часта калі беларуская тэма трапляе ў агульны парадак дня, то яна абмяркоўваецца праз расійскую перспектыву. І самога па сабе беларускага і беларускамоўнага кантэнту даволі мала. І таму алгарытмы іх не заўважаюць, бо ўспрымаюць іх як нішавы кантэнт.

— І як магчыма такую сітуацыю выправіць?

— Калі гаворка пра бачнасць беларускага кантэнту, на якой бы мове ён не быў, працы тут вельмі шмат. Трэба прасоўваць беларускі наратыў у англамоўнай прасторы праз артыкулы, аналітыку, медыяпраекты, ствараць больш якаснага кантэнту і глядзець яго. «Лайкі», «шэры» — усё гэта вельмі важна. Мне здаецца, што нам патрэбна свая медыяплатформа, як мінімум яшчэ і на англійскай мове.

Бо бачнасць беларускага кантэнту ў інтэрнэце — гэта не пытанне мовы, а пытанне інфармацыйнай прысутнасці. Не Google павінен тут нешта рабіць, а мы самі.

Прывяду невялікі прыклад. Да 2020 года Згуртаванне беларусаў Канады не мела нармальнага двухмоўнага сайта, хоць суполка існавала больш за 70 год, а сайта, які б мог індэксавацца ў Google і быць лёгка знойдзены тымі, хто цікавіўся беларусамі ў Канадзе, не было. І пасля выбараў, падчас пратэстаў шмат хто з канадскіх палітыкаў і медыя спрабавалі даведацца пра нас, і яны амаль нічога не знаходзілі. Бо дагэтуль суполка існавала для саміх сябе, беларусы для беларусаў, а не дзеля таго, каб прадстаўляць інтарэсы беларусаў перад грамадзянамі Канады, чым звычайна займаюцца дыяспары. І мы запусцілі такі сайт, аптымізаваны і двухмоўны. І раптам нас стала нашмат лягчэй знайсці. Нам пачалі пісаць прадстаўнікі медыя. Высветлілася, што палітыкам істотна, як успрымаюць сітуацыю ў Беларусі канадыйскія беларусы. І медыя, і палітыкі былі зацікаўлены ў беларускім пытанні, але ім патрэбны быў нехта з канадыйскіх беларусаў, хто б мог ім дапамагчы зразумець гэты кантэкст.

Voĺha Janoŭskaja
Вольга Яноўская з першай перакладзенай кнігай выдавецтва Grunwald Publishing. Фота: Вілія Яноўская

— Як я разумею, і ідэя стварыць выдавецтва Grunwald прыйшла з асэнсавання, што трэба павялічваць сваю прысутнасць у сеціве?

— Так, менавіта. Але была яшчэ адна важная прычына. Маёй дачцы ўжо пятнаццаць год, яна нарадзілася ў Канадзе і незалежна ад маіх жаданняў яе родная мова — англійская. І ўзнікла пытанне, як зрабіць так, каб яна адчувала сябе часткай беларускай супольнасці. Увогуле за мяжой нараджаюцца тысячы беларусаў штогод, яны выхоўваюцца ў іншых культурах. Як ім захаваць ідэнтычнасць, як перашкодзіць татальнай асіміляцыі? Мне захацелася зрабіць так, каб маладыя людзі маглі захоўваць сваю ідэнтычнасць, нават не валодаючы беларускай мовай. Паменшыць моўны бар’ер, каб наша культура, наш наратыў былі максімальна даступныя на тых мовах, якія яны разумеюць.

І я для дачкі пачала шукаць пераклады на англійскую мову тых беларускіх класікаў, якіх сама чытала яшчэ ў школе.

Тое, што знайшла, мяне вельмі расчаравала. Я знайшла нятанны пераклад «Дзікага палявання караля Стаха».

Знайшла некалькі перакладаў Быкава, зробленыя яшчэ ў савецкія часы з расійскай мовы, яны былі даступныя толькі ў электронным фармаце — 250 даляраў за pdf, альбо іх трэба было шукаць дзесьці ў букіністычных анлайн-кнігарнях.

Гэта былі старыя школьныя асобнікі ў вельмі кепскім стане.

Я ведала, што я шукаю, але ўсё роўна не магла знайсці. Як быццам беларускіх перакладаў проста не існавала, а тыя, што існавалі — былі амаль недаступны. У свеце маркетынгу гэта недапушчальна.

І тады з’явілася жаданне зрабіць так, каб беларускія кнігі ў англійскім перакладзе можна было лёгка знайсці і набыць. Кніга не павінна ляжаць у гаражы ці выходзіць накладам у 200 асобнікаў. Яна павінна быць даступнай у інтэрнэце ў адзін клік, на ўсіх буйнейшых платформах, бо гэта менавіта тое, чаго чакае пакупнік у ХХІ стагоддзі.

Менавіта так і нарадзілася ідэя стварыць Grunwald.

Усвядоміць тое, што менавіта трэба рабіць і чаму гэта важна, заняло колькі часу. Калі ж гэта разуменне прыйшло, то тэхнічны бок справы — рэгістрацыі і афармлення бізнесу ў Канадзе, падрыхтоўка юрыдычных пытанняў і распрацоўка асноўных працэсаў — аказаўся даволі простым.

Галоўнае пытанне для мяне сёння — гэта праца над перакладамі.

— Вы перакладаеце самі ці запрашаеце іншых перакладчыкаў?

— І сама перакладаю, і шукаю перакладчыкаў. Мы ў кантакце з брытанцам Джымам Дынглі, які разам з жонкай Элай ужо колькі год перакладаюць беларускія кнігі на англійскую мову. Зараз абмяркоўваем яго нядаўнія пераклады. Таксама да мяне пачынаюць звяртацца перакладчыкі, якім гэта тэма цікавая. Мяркую, што калі мы пачнём пашырацца, то больш людзей далучыцца да ініцыятывы.

— Чаму вы выбралі менавіта «Дзьве душы» Максіма Гарэцкага для першай кнігі выдавецтва? Гэта было з практычных ці з ідэйных прычынаў?

— Бо на той момант я чытала менавіта гэтую кніжку. Аднак я падумала, што канадцам яна таксама будзе цікавая. Бо ў ёй адбываюцца пошукі сябе, пошукі сваёй ідэнтычнасці. Канада, ЗША — краіны імігранцкія, таму тэма даволі актуальная.

— Якія існуюць крытэрыі адбору кніг для вашага выдавецтва? Ці спіс складаецца даволі спантанна?

— Крыху спантанна. Зараз я працую над перакладам «Шляхціца Завальні», бо гэты твор мне заўсёды падабаўся. Такі гатычны фольк-хорар шмат каму можа быць цікавым, асабліва фалькларыстам і аматарам вуду, фанатам Ціма Бёртана. Яраслаў Андэрс увогуле назваў яго еўрапейскім вуду. Ён настолькі візуальна выразны, што мне здаецца, тут патрэбная экранізацыя.

Але першы крок — зрабіць яго пераклад. Там ужо будзем рухацца далей.

Мне цікава было б выдаваць нон-фікшн — кнігі пра этнаграфію, антрапалогію. Ну і класіку белліту.

Адзін з праектаў, над якім мы зараз працуем, перавыданне падручніка беларускай мовы для англамоўных, які выйшаў у Канадзе 51 год назад.

Skryn sajta vydaviectva Grunwald Publishing
Скрын сайта выдавецтва Grunwald Publishing

— У вас ёсць каманда? Хто цяпер працуе ў выдавецтве?

— Сталай каманды няма і па праўдзе на гэтым этапе, можа, і не патрэбна, бо кожны праект мае свае асаблівасці. Ёсць некалькі чалавек, з якімі мы спрацаваліся, ёсць альфа-рыдары, людзі якія чытаюць раннія версіі перакладаў, даюць свой фідбэк. Час ад часу звяртаюцца перакладчыкі. Нядаўна мы зрабілі опен-кол для ілюстратараў на выданне «Шляхціца Завальні» і выйшлі на некалькі вельмі таленавітых мастакоў, з якімі, спадзяюся, будзем працаваць у будучыні. Вёрстку я раблю пакуль сама, але ёсць на прыкмеце некалькі таленавітых дызайнераў.

Зараз мы працуем над аўдыякнігай «Дзьве душы», якой займаецца мая дачка Вілія, бо яе хобі — вакал і прадусаванне музыкі, таму ведае, як працаваць з аўдыёсістэмамі.

— Як вы распаўсюджваеце, рэкламуеце гэтыя выданні, што робіце, каб яны былі бачнымі? Як знайсці кнігі англамоўным людзям, якія зацікавяцца беларускай літаратурай?

— Я імкнуся зрабіць так, каб нашыя кнігі былі максімальна лёгкадаступнымі, каб яны былі там, дзе знаходзіцца чытач. А значыць — мы павінны быць паўсюль. І праз распаўсюд першага нашага выдання «Дзьве душы» я распрацоўваю гэтыя працэсы, бо раблю гэта ўпершыню. Стараюся, каб кнігі былі на самых буйных платформах. І зараз «Дзьве душы» ёсць на Amazon, Barnes & Noble, Indigo, Waterstones, Everand і Apple Books і шмат дзе яшчэ.

Важна, каб любая кнігарня магла лёгка замовіць нашыя выданні праз цэнтральнага дыстрыб’ютара, і для мяне асабіста істотна, каб гэтыя кнігі былі ў публічных і акадэмічных бібліятэках — у папяровым і электронных фарматах, каб іх можна было ўзяць у бібліятэцы і ў лічбавым выглядзе.

З аўдыёкнігамі — тыя ж планы: зрабіць іх агульнадаступнымі на ўсіх магчымых пляцоўках.

Bielaruskija i pierakladnyja knihi ŭ zbory Voĺhi Janoŭskaj
Беларускія і перакладныя кнігі ў зборы Вольгі Яноўскай. Фота: Вілія Яноўская

— Беларуская літаратура, безумоўна, — частка еўрапейскай. Але крыху таямнічая яе частка, малавядомая. Як вы робіце прамоцыю беларускай літаратуры, што акцэнтуеце — загадкавасць, сугучнасць еўрапейскім матывам?

— Гэта залежыць ад кнігі. Я сачыла за статыстыкай «Дзьвюх душ» і бачыла рэйтынг на платформах менавіта па кніжным катэгорыям. І «Дзьве душы» некалькі тыдняў трымаліся на чацвёртай пазіцыі ў катэгорыі «Першая сусветная вайна». Гэта было трохі нечакана, але цалкам прымальна, таму што праз такія сумежныя катэгорыі і тэмы можна гэтую кнігу прасоўваць. Бо калі спрабаваць прадаваць толькі праз тэму Беларусі, мы будзем вельмі моцна сябе абмяжоўваць.

— А ў гэтых бібліятэках і крамах пад якімі шыльдамі вы змяшчаеце свае кнігі?

— Я выбіраю спіс катэгорый і тэг па тэматыцы, стылю, мове, геаграфіі, культуры і іншае. А крамы ці бібліятэкі самі выбіраюць паводле якіх тэгаў размяшчаць у сваіх сістэмах. У мяне ёсць свая маленькая букіністычная анлайн-крамка, дзе я пачала збіраць пераклады беларускіх кніг. І там раблю асобную старонку, якая называецца «Беларуская літаратура на англійскай мове», гэтая старонка створана адмыслова пад Google.

— Продажы першай кнігі ўжо ідуць, наколькі яна запатрабаваная?

— Так, продажы першай кнігі працягваюцца. Я не была ўпэўнена, чаго чакаць, бо «Дзьве душы» з’яўляюцца нашай першай публікацыяй. Аднак вынікі ўжо пераўзышлі ўсе нашы чаканні, і я лічу, што яшчэ ёсць вялікі патэнцыял для росту.

У мяне няма поўнай статыстыкі па бібліятэках — а размяшчэнне нашых кніг на паліцах бібліятэк з’яўляецца маёй першай мэтай, — аднак час ад часу я даведваюся, што «Дзьве душы» з’явілася ў маленькай публічнай бібліятэцы дзесьці ў ЗША, і гэта мяне вельмі цешыць.

— Якія кнігі чакаць ад выдавецтва ў найбліжэйшы час?

— Я хацела бы зрабіць пашыранае выданне «Дзьвух душ» у цвёрдым пераплёце, з разгорнутым каментарам ці эсэ, які дае больш гістарычнага і культурнага кантэксту да кнігі.

Зараз амаль што скончаны пераклад «Шляхціца Завальні», плануецца прыгожае, ілюстраванае выданне.

Да канца красавіка хочам выдаць «The Belarusian Cookbook» Алеся Белага. Таксама працуем над перавыданнем Fundamental Belaruisan, падручніка беларускай мовы для англамоўных. І адначасова вядзём перамовы з іншымі аўтарамі.