У дзень нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага распавядаем пра ягоныя няпросты жыццёвы шлях. Селянін з паходжання, Максім з маленства прагнуў і шукаў высокага, годнага, вартага жыцця. У выніку ўвайшоў у беларускую літаратуру і аўтарам містычных тэкстаў пра жыццё ў гэткіх пошуках, і творцам, які замацаваў у белліце стэрэатыпы пра нуду, жуду і крыўду, і пісьменнікам пра вайну…
Максім Гарэцкі. Крыніца: Вікіпедыя
Максім Гарэцкі нарадзіўся “на масленку, у суботу” 6 (па новым стылі – 18) лютага 1893 года ў вёсцы на 20 двароў Меншая (пазней Малая) Багацькаўка на ўскрайку вялізнага лесу, званага Цёмным, за 25 км ад Мсціслава і 90 км ад Оршы. “У нядзелю ўранні хрэсьбіны былі”.
Бацькі: Іван Кузьміч і Ахрасіння (у сям’і яе звалі Просяй) Іванаўна (у дзявоцтве Папова).
Бацькі Іван Кузьміч і Ахрасіння Міхайлаўна Гарэцкія. Крыніца: Вікіпедыя
Бацька ў малыя гады пасвіў свіней і авечак, даглядаў кароў, дапамагаў на кухні ў тутэйшых паноў (“наўчыўся катлеты смажыць і пірагі пячы, у карты гуляць і гарэлку піць”), затым многія гады служыў за 80 км ад хаты – кухарам за 3 рублі ў месяц у пана Мікалая Цэкерта ў Лонніцы Аршанскага павета, на правабярэжжы Дняпра ля пасёлка Краснае – на цяперашняй мяжы РБ і Смаленшчыны. Бацька пана Мікалая атрымаў там маёнтак, бо “вылечыў цара”. “Аб ім сярод панскіх слуг і ваколічных сялян хадзіла, што быў ён незвычайны лекар… чарадзей, астролаг, фармазон… па начох з будкі над домам сачыў зоры…”
Маці Максіма ведала процьму песень, любіла іх спяваць. Яна была дачкой панскага ткача з сяла Слаўнае, яе сям’я (хоць яе галава і хадзіў у лапцях) лічылася заможнай. Калі адбыўся шлюб, Івану Кузьмічу было 28 гадоў, а Ахрасінні Іванаўне – 20. Бацька Максіма стараўся і навучыўся размаўляць па-руску, а да “мовы мужыцкай” ставіўся непаважліва. Ахрасіння гаварыць па-руску саромелася і так і не навучылася.
Максім быў чацвёртым дзіцем і трэцім сынам у сям’і, але праз тое, што брат і сястра памерлі надта малымі, фактычна стаў другім дзіцем і сынам.
“Падлога ў нашай хаце была земляная, халодная, няроўная… Каля печы быў шырокі запечак, дзе сядзелі старэйшыя жанчыны, пралі, шылі, гаманілі ў доўгія вечары, а да іх туліліся дзеці. Ад печы амаль на ўзроўні палацей праз усю хату была перакінута бэлька, курчына, якая здавалася малым вузенькай кладкай над бяздоннем, перапаўзці па якой было найвялікшай спакусай і праявай геройскай смеласці”.
У хаты была высокая, нетыповая для беларускіх вёсак столь – ну чым не стартпляцоўка для высокіх думак?!
У дамку пад саламянай страхой разам жылі сем’і Івана Гарэцкага, яго брата і іх сястры – 12 чалавек.
Каля года Іванава сям’я пражыла ў паноў Цэкертаў у Лонніцы, пакуль малочніца і пакаёўка не “нашапталі пані”, што Іван “даець дзяцём з кухні ад паноў”. У выніку “на купалле паехала” Ефрасіння з дзецьмі ў Багацькаўку і Цэкертам больш не служыла.
Але праз тое, што Іван Гарэцкі быў панскім лёкаем, яго сямейнікам аднавяскоўцы далі мянушку Лакяёнкі.
У школу (яна звалася школа граматы) будучы класік белліту пайшоў васьмігадовым у роднай Багацькаўцы.
У 1903-м бацька забраў Максіма да сябе ў маёнтак малодшага Цэкерта пад Лёзна. І з 1903 па 1908 Максім вучыўся ў вучылішчы-школе ў Вольшы Аршанскага павета, ад маёнтка за 12 км.
Школа была “второклассной”, г.зн. другой па статусе. У ёй Максім вучыўся 5 гадоў.
Нягледзячы на два класы адукацыі, з паступлення яго пасадзілі ў другі клас нанова. Маўляў, хоць і добра чытаў, але “правілы па рускай мове і арыфметыку дрэнна ведаў”.
У школе Вольшы Максім быў выдатнікам. Захапіўся мастацкай літаратурай, беларускім фальклорам, звярнуў увагу на асобныя творы беларускіх пісьменнікаў, пачаў свядома карыстацца беларускай мовай. Апроч таго, стаў спяваць і граць на розных музычных інструментах, асабліва добра граў на скрыпцы. У яго была вельмі добрая музычная памяць.
“Максім часта граў на скрыпцы і дудах-жалейках, хораша граў. З вялікім захапленнем слухала ўся сям’я, асабліва мама”.
Мноства песень пераняў Максім ад маці. І казак шмат запомніў. Апроч таго, любіў выдумляць і сваё, імправізаваць.
Любавічы – буйны цэнтр хасідызму, своеасаблівай галіны юдаізму айчыннага вырабу непадалёк і ад маёнтка, і ад Вольшы. Хасіды жылі адасоблена ад славянаў, але выключаць факт іх повязі з Гарэцкім не варта. Максім з першых сваіх апавяданняў паказаў сябе пісьменнікам, схільным да містыкі. Ці не пад уплывам Любавічаў у тым ліку?
Па сканчэнні школы, ён атрымаў статус настаўніка і, некалькі месяцаў папрацаваўшы на бацькавай гаспадарцы, паехаў у Горкі, дзе з дапамогай прыватнага рэпетытара Крэера пачаў рыхтавацца да паступлення ў Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча.
Максім Гарэцкі – вучань каморніцка-агранамічнага вучылішча ў Горках (1913). Крыніца: bis.nlb.by
У аповесці “У чым яго крыўда?” Максім так апіша свой горацкі час: “з прыемнасцю, хаця і ўкрадня, заглядаўся на гожанькіх дзяўчат іўдзейскага народу, і буржуек, і пралетарак, і звычайнага серадовага стану. І ўва ўсім горадзе найболей паважаў за рэвалюцыйныя ідэі свайго быўшага настаўніка іудзея-бундаўца, які рэвалюцыйна настрайваў свайго вучня, але ніколі словам не заікнуўся ні аб якай партыйнай арганізацыі ў сваім горадзе і як туды паступаць”.
У 1912-м Максім пачаў слаць карэспандэнцыі з Горак у Вільню ў беларускую газету “Наша ніва”. Яны сталі яго першымі тэкстамі, надрукаванымі ў газеце. Аўтара пазначалі псеўданімам Беларус.
Затым былі яшчэ некалькі яго карэспандэнцый. Подпіс Беларус з 10 студзеня 1913-га пашырыўся да М. Беларус – тэкст Максіма, змешчаны ў газеце ў гэтую дату, – пра тое, як “у вёсцы Крутой шалёная кошка пакусала надоечы хлопчыкаў-вучняў. Паехалі лячыцца ў Маскву. Шэсцера на свае грошы, а чатыром гаротнікам памагло крыху земства”. Уяўляеце, які фільмец мог з тога сюжэту захапляльны быць – “Дзесяць ахвяраў звар’яцелай кошкі”?! Ды аніхто кіна пра тое тады не зняў – не існавала яшчэ “Беларусьфільма”.
25 студзеня (10 лютага па новым стылі) 1913-га “Наша Ніва” ўпершыню надрукавала, пад тым жа псеўданімам М. Беларус празаічны твор Максіма – апавяданне “У лазні”. Пасля, у тым жа годзе, – яшчэ некалькі апавяданняў.
Гарэцкі пісаў каларытна дэталізавана. Прыкладам – ды хоць сказы са згаданага тут твора “У чым яго крыўда?”:
“Свацця паставіла на стол пару нямытых шклянак і адзін шчарбаты кубак”.
“Ад безвыходнага становішча ён накінуўся на піва… Піў столькі, што сват і асабліва свацця нават здзівіліся… “Мусіць ад вучонасці так,– падумалі яны абое,– усё ж вучоным прыямней піць піва, чымся простую гарэлку”.
Першыя фельетоны Максіма (таксама пад псеўданімамі, 1913 г.) паказалі: можа Гарэцкі быць і сатырыкам. Ды надалей ён рэдка вяртаўся да сатыры з гумарам. Тут Максім падобны да Якуба Коласа, з якім сябраваў. Колас – жыццялюб, імправізатар, аматар і майстра жартаў, анекдотаў, захапляльных смешных гісторый – у літаратуры пакідаў шмат тэкстаў зусім іншага настрою і зместу, а радасць, весялосць, аптымізм праменілі з яго часцей у коле непасрэдных суразмоўцаў.
Займацца ў вучылішчы давялося 4 гады – да ліпеня 1913 г. Скончыў Максім навучанне выдатна па ўсіх прадметах, апроч прыродазнаўчых, якія добра. Па размеркаванні быў накіраваны і паехаў у Вільню.
Аднаму са сваіх пераходных з твора ў твор аўтабіяграфічных персанажаў Гарэцкі даў імя Лявон Рыгоравіч Задума. Вясковы хлопец, які доўгі час вучыцца. А калі вяртаецца на вёску, яго і пачынаюць зваць толькі імем па бацьку. Прычым і родны дзядзька (“Даруйце, Рыгоравіч! Гэта я няўмысна патурбаваў вас”), і дзяўчына, з якой герой твора “быўшы малым, вадзіў на пасту коней” (“– Чаму ты гэта, Лёкса, сядзіш, не скачаш?… – Во каб з Рыгоравічам, дык бы пайшла!” – адказала хітрая Лёкса”).
Па сведчанні сваякоў Максіма, багацькаўская Лёкса была рэальнай дзяўчынай менавіта з такім імем. Яна падабалася Максіму. Збольшага праз яго сарамлівасць ды нерашучасць не атрымалася ў іх кахання. Затое ў літаратуру гісторыя іх зносін увайшла без камуфляжу.
Рыгоравіч Гарэцкага крытычна глядзіць на вёску: “Знайду тупагаловых дзевак, – падумаў ён, – буяншчыкаў-хлапцоў, брыдкую лаяніну, гульню на грошы ў карты, гідкае скалазубства, насміханне над маімі думкамі аб лепшым, зусім не гэтакім жыцці”. І адначасова робіць выбар на карысць вяскоўцаў-беларусаў перад традыцыйным панаваннем небеларускай чынавенскай інтэлігенцыі ў гарадской Беларусі: “мы можам, мы спрадвеку тут свае, мы маем права. Што супольнага ў нас з гэтай грамадою чорнага гругання, што нібы складае мазгавую частку Беларусі?… Далоў гэтых чарцей, бо тут наша месца!”.
Праз год жыцця у Вільні ў Гарэцкага выйшаў зборнік апавяданняў “Рунь”. Гэтым разам імя аўтара не хавалася за псеўданімы ды крыптонімы.
Многія апавяданні зборніка для тых часоў былі пабудаваныя незвычайна, па-наватарску.
А з напісанага Максімам у 1913-м, што тады так і не было абнародавана праз друк, згадаем яго кароткія апавяданні “Буйніцы і драбніцы” (такі беларускі дзэн – блізкі да ўсходняй медытацыі на беразе ракі), “Усё мінаецца” (беларускі дзэн на лавачцы), “Хаўтуры” (беларускі дзэн ля памерлага з элементамі чорнага гумару).
Рукапіс драматычнага абразка «Памінкі», 1922 г. На аркушы пячатка савецкіх часоў з надпісам «забаронена». Крыніца: Вікіпедыя.
З восені 1913 да лета 1914 Максім – чарцёжнік, каморнік землеўпарадкавальных камісій Віленскай губерні (Вільня).
А тады, каб не ісці на службу звычайным салдатам на 3 гады, Гарэцкі пачынае адбыванне вайсковай павіннасці ў якасці “вальнапісанага” царскай арміі.
Праз два тыдні Расійская імперыя ўступіла ў вайну з Германіяй, Аўстра-Венгрыяй і Турцыяй. Максім трапіў на фронт, удзельнічаў у жорсткіх баях. За страшны бой 27 жніўня пад Аленбургам (Прусія) ён быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам. 25 кастрычніка яго паранілі. Ляжаў у шпіталі яўрэйскай абшчыны “Мішмэрэс хойлем” у Вільні, дзе у той час працавала міласэрнай сястрой знакавая беларуская пісьменніца Алаіза Пашкевіч (Цётка). Праляжаў больш за два месяцы. Пасля Новага года паехаў у Багацькаўку.
Максім Гарэцкі ў шпіталі (Вільня, 1914). Крыніца: bis.nlb.by
З таго часу ён пачынае паступова вяртацца ў літаратуру. Але іншым. Аптымістычнасць даваенных твораў змяняе бачанне непазбежнай трагедыі жыцця, выразны антымілітарызм. І тут самы час згадаць Максімава апавяданне “Рускі”, якое многія з нас праходзілі ў школе і праз згадку якога цікава напісаў пра Гарэцкага ў “Гамбургскім рахунку Бахарэвіча” яго дагэтуль жывы аўтар.
Пры напісанні артыкула аўтар карыстаўся апроч тэкстаў Максіма Гарэцкага кнігай Радзіма Гарэцкага “Браты Гарэцкія”, інтэрнэт-рэсурсамі, кнігай "Максім Гарэцкі: пісьменнік ад Бога" (Андрэй Мельнікаў, Рыга : Інстытут беларускай гісторыі і культуры, 2018).
А. М., Budzma.org