«Мэта — не даць дзецям страціць у сабе беларускае»: школа для маленькіх беларусаў адкрылася ў Познані

Суботняя беларуская афлайн-школа для дзяцей рознага ўзросту адкрылася ў Познані 14 ліпеня. «Школа будзе цудоўным месцам для аб’яднання беларусаў Познані», — упэўнены кіраўнік праекта Ілля Сініца. Заняткі пачнуцца ў верасні, але ўжо зараз у беларускую школу запісалі сваіх дзетак 40 бацькоў.


01 Будынак беларускай школы

Будынак, дзе знаходзіцца Беларуская школа

Познаньская беларуская школа будзе працаваць у партнёрскай прыватнай школе Akademia na Wyspie недалёка ад цэнтра горада. Будынак не новы, але адрамантаваны — галоўнае, лічаць арганізатары, тут лунае атмасфера вольнасці: паўсюль дзіцячыя малюнкі і творчыя інсталяцыі, побач са школай — двор, дзе вучні могуць пагуляць і адпачыць на свежым паветры.

Школа ў Познані створана па ўзоры  суботняй Беларускай школкі ў Варшаве на базе Акадэміі Добрай Адукацыі, якая вядзе дзейнасць 12 школ і ўстаноў асветы ў Польшчы.

Бацькі з дзецьмі на адкрыцці Беларускай школы ў Познані
Бацькі з дзецьмі на адкрыцці Беларускай школы ў Познані

Кіраўнік праекта Ягор Сурскі, гісторык, настаўнік с міжнародным досведам працы ў сістэме адукацыі, тлумачыць:

«Адкрываючы чарговую беларускую школу, мы кіраваліся тым, што будзе патрэбна беларускім дзецям. Штодзённа яны наведваюць стацыянарныя польскія школы. Наша суботняя павінна выконваць ролю сацыялізацыі, даваць магчымасць знаходзіцца ў беларускамоўным асяроддзі. Мы плануем ператварыць стандартныя ўрокі ў цікавую інтэрактыўную прастору для творчасці, запрашаць вядомых беларусаў. Так, у Варшаве заняткі па тэатральным майстэрстве выкладае беларускі рэжысёр Андрэй Саўчанка. Да нас завітвалі Андрусь Такінданг, Акварэлія».

Кіраўнік праекта Ягор Сурскі

Кіраўнік праекта Ягор Сурскі


У планах — цесна супрацоўнічаць з беларускімі суботнімі школамі ў іншых польскіх гарадах (яшчэ адна хутка адкрыецца ў Гданьску), арганізоўваць сумесныя летнікі, а таксама начоўкі — тут гэта распраўсюджаная практыка: вучні пад наглядам настаўнікаў могуць заночыць у школе. Нядаўна адпаведную начоўку правялі ў варшаўскай школе з нагоды Міжнароднага дня дзіцячай казкі — плануецца рабіць тое ж самае і ў Познані.

У дворыку Беларускай школы
У дворыку Беларускай школы

«Напачатку маем чатыры прадметы: беларускую мову і літаратуру, гісторыю, маляванне і музыку. Але да ініцыятывы ўжо далучылася шмат людзей, якія прапанавалі свае паслугі — верагодна, будуць і танцы, і творчасць, і факультатыўныя заняткі па розных мовах. Мэта школы — даць магчымасць нашым дзецям у Познані не страціць у сабе беларускае, а камусьці — і развіць яго з нуля.

Гледзячы на тое, як зараз русіфікуецца і выкручваецца адукацыя ў Беларусі, нельга сядзець склаўшы рукі. Школа будзе цудоўным месцам для аб’яднання беларусаў Познані. Тут даволі маладая і нешматлікая дыяспара, таму 40 бацькоў, якія да нас запісаліся — вялікая справа для ўсяго беларускага ў горадзе, дзе мы цяпер жывем», — расказвае Ілля Сініца.

Дзіцячыя малюнкі на сцяне Беларускай школы
Дзіцячыя малюнкі на сцяне будынка, дзе месціцца Беларуская школа

«Хацелася б, каб у дачкі было больш знаёмстваў са сваімі аднагодкамі-беларусамі. Каб яна не забывалася на гісторыю Беларусі і матчыну мову, таму што ўжо год, як мы жывем у Польшчы, і дачка яе не вывучае», — кажа адзін з бацькоў Дзмітрый.

Падчас урачыстага адкрыцця школы настаўнікі распавялі пра свой досвед і пра тое, чым будуць займацца з дзецьмі. Перад удзельнікамі сустрэчы выступіў Познаньскі спеўны сход — заспяваў вядомыя беларускія песні.

Выступленне Познаньскага спеўнага схода на адкрыцці Беларускай школы
Выступленне Познаньскага спеўнага сходу на адкрыцці Беларускай школы ў Познані

Атрымаць дадатковую інфармацыю пра беларускую школу ў Познані і запісацца на заняткі можна праз суполку ў тэлеграме «Познань | Беларуская школка»

Таццяна Краўчанка, budzma.org

Чытайце яшчэ:

Гайд па беларускім Уроцлаве

Гайд па беларускім Кракаве

Гайд па беларускім Беластоку

Гайд па беларускай Варшаве

Гайд па беларускай Вільні