На варшаўскай сцэне тэатра Przodownik адбыўся паказ спектакля «Бежанцы 1915» па кнізе, напісанай вядомай польскай журналісткай Анэтай Прымака-Онішк. Кнігу адаптаваў драматург Раман Паўлоўскі-Фелберг. Паставіў спектакль Андрэй Новік — кіраўнік і заснавальнік BY тэатра.
У кнізе сабраны сапраўдныя гісторыі бежанцаў падчас Першай сусветнай вайны. Тады каля 3 мільёнаў чалавек пакінулі свае дамы, большасць з іх — беларусы і ўкраінцы. Каля 30% так ніколі і не вярнуліся. Што хаваецца за сухімі лічбамі, і чаму для нас сённяшніх гэты спектакль надзвычай важны? Карэспандэнтка Budzma.org Наста Пабягунская паглядзела спектакль і падзялілася сваімі ўражаннямі.

Спектакль уздымае вельмі моцную і балючую тэму, тое, пра што ўспамінаць цяжка і што хочацца пакласці ў самыя далёкія скрыні нашай памяці, закрыць на ключ і ніколі не выцягваць, — пра Бежанства, якое непасрэдна звязана з болем, смерцю, голадам, слязьмі, стратамі і пастаянным пачуццём невядомасці. Рэжысёр вуснамі актораў прамовіў на сцэне тое, што доўга замоўчвалася нашымі продкамі, што абмінута ў падручніках па гісторыі, пра што з неахвотай згадвалі нашыя прабабулі і прадзядулі, якія прайшлі праз жахі Першай сусветнай вайны. Расказаць гэтую гісторыю было няпроста, але неабходна.

Сціплая, але незвычайная сцэнаграфія, удала створаная Аленай Семянюк, адразу прыцягвае ўвагу і задае адпаведны настрой. На сцэне — абкручаная паперай і абматаная вераўчынай лава, на іншым баку такія ж — стол і невялікі зэдлік. Над лавай замест лямпы боўтаецца вядро, з якога час ад часу будзе выпраменьвацца жоўтае святло. А пад нагамі, замест цвёрдай стабільнай падлогі... зямля. Хутка адкрыюцца цэнтральныя дзверы, пасярэдзіне запаліцца святло, і гледачы ўбачаць чатыры босыя постаці — вось яны, Бежанцы.

Адметнасць пастаноўкі ў тым, што акторы не выконваюць ролю аднаго героя, а пастаянна змяняюцца. Таму спектакль цяжкі для выканання, але вельмі дынамічны і цікавы для ўспрыняцця. У гледачоў з’яўляецца неверагодная магчымасць сачыць за пераўвасабленнем кожнага актора ў розныя постаці. Вось Андрэй Новік у ролі простага селяніна, жыхара падляскай вёскі, а вось ужо ён жа — чырвоны агітатар, і раптам — праваслаўны поп. Гэтаксама хутка мяняецца і дзеянне спектакля на сцэне: вось простае вясковае жыццё на Падляшшы — людзі працуюць, размаўляюць, спяваюць, і раптам — вайна, бежанства, новыя ўмовы, рэвалюцыя, вяртанне на радзіму.

Асабліва кранальна выглядае гісторыя двух сыноў, эмацыйна сыграная Алексам Сапрыкіным: сыны пакідаюць бацьку, які адмаўляецца з’язджаць з роднай зямлі, сядаюць на воз, які пачынае павольны рух, а сабака Бобік яшчэ доўга бяжыць за гаспадарамі, пакуль іх постаці не знікаюць за гарызонтам...
У спектаклі гучаць дакладныя лічбы бежанцаў — тры мільёны дзвесце тысяч, і большая частка з іх — беларусы і ўкраінцы, больш за мільён. Глядач разам з героямі перажывае цяжкія першыя тыдні бежанства, калі па рацэ плывуць людскія целы і рака становіцца чырвонай. А пасля пачынаецца эпідэмія, ад якой паміраюць больш слабыя.
Вельмі цікава абыграна сцэна, калі бежанцы пішуць лісты да ўраду, спадзеючыся на дапамогу. Усе акторы збіраюцца пад адным патокам святла, які выходзіць з-пад вядра, што замяняе жырандоль. Героі штурхаюць адно аднаго, валтузяцца і крычаць свае просьбы аб дапамозе ў вядро, якое абыякава матляецца над іх тварамі. У адказ, вядома ж, — цішыня. Павольна галасы сціхаюць, тузанне спыняецца, на вачах герояў з’яўляюцца слёзы — і ўсе разумеюць, што дапамогі няма ад каго чакаць. Бежанства працягваецца.

Было месца ў спектаклі і для своеасаблівага гумару — калі выжылыя бежанцы ўсё ж такі дасягаюць бяспечнага Кыргызстана і ўпершыню бачаць, як кажа адна з гераінь спектакля, «чорных» людзей з вузкімі вачыма. Смешна назіраць, як беларускія вясковыя жанчыны рэагуюць на новую рэчаіснасць, новых, нязвыклых людзей. А акцёр Алекс Сапрыкін таленавіта пераўвасабляецца ў кыргыза і апавядае бежанцам пра новы для іх край. Глядач трошку расслабляецца: відаць, як усё пачынае наладжвацца. Здаецца, вось зараз усе зажывуць добра, і бежанцы на сцэне, і глядач у зале зможа парадавацца за герояў. І раптам... рэвалюцыя. Хуткая змена ўлады: чырвоныя, белыя, свае, чужыя — не разбярэшся. І зноў суперажываеш бежанцам, якія вяртаюцца дадому, у новую краіну, дзе ўсё ўжо інакш: спаленыя, абрабаваныя дамы, канфіскаваная маёмасць, галеча, голад і холад. «Мы вярнуліся на голы камень», — адзначае адна з гераінь. Пачынаецца жыццё нанова ў новых абставінах...
Цікава, што ў спектаклі гучаць адразу чатыры розныя мовы — героі размаўляюць па-польску, па-беларуску, па-руску і на падляскім дыялекце.
Самым напоўненым, выбудаваным, моцным і кранальным у спектаклі з’яўляецца фінал. Глядач перамяшчаецца ў сучаснасць: акторы Андрэй Новік і Алекс Сапрыкін пераўвасабляюцца ў дзяцей і просяць матулю, якую выканала Марыя Чыквін, расказаць тую цікавую казку — пра вазы, пра ўцекачоў, пра тое, як людзі вярталіся дадому. Маці пачынае расповед пра бежанства, а дзеці з цікавасцю слухаюць. Калі Марыя скончвае аповед, гучаць словы малой дачкі (Дар’і Новік): «Мама, а раскажы гэту гісторыю яшчэ раз, толькі на той дзіўнай мове...»

«Мы сталі лісцем, а не людзьмі — вецер нас гоне, куды хоча», — чуем у спектаклі, і гэта цягнецца праз стагоддзе. Зараз вецер гоніць сучасных беларусаў, але тое, пра што мы не маем права забывацца і што мусім зрабіць, — перадаць нашым дзецям гісторыю ўласнага бежанства, нават калі гэта балюча, каб праз стагоддзе нашчадкі не забыліся ўжо пра бежанства ХХІ стагоддзя.
«Мне не хочацца расказваць свайму дзіцяці пра цяжкія моманты ўцёкаў з Беларусі пасля 2020-га. Але пасля гэтага спектакля разумееш: гэта неабходна — нават калі баліць, нават калі не хочацца вяртацца да перажытых жахаў. Бо, калі мы гэтага не зробім, нашчадкі не зразумеюць, што такое бежанства XXI стагоддзя», — адзначыў рэжысёр Андрэй Новік падчас сустрэчы са стваральнікамі спектакля пасля паказу.
Наста Пабягунская, Budzma.org