Спектакль, які дапамагае «пражыць і выпусціць вонкі ўласны боль»

26 верасня ў цэнтры культуры Starego miasta ў Варшаве Тутэйшы тэатр прадставіў чарговы паказ імправізацыйнага спектакля «Гаральд». Гэтым разам сустрэча з гледачом адбылася ў фармаце адкрытай рэпетыцыі, на якую сабраліся тэатралы з розных куткоў Варшавы. У чым адметнасць спектакля распавёў рэжысёр Андрэй Саўчанка, сваімі ўражаннямі ад спектакля падзяліліся і гледачы.

harald-001.jpgСцэна са спектакля «Гаральд». Фота са старонкі «Тутэйшага тэатра» ў інстаграме

Асаблівасць творчага праекта ў тым, што ўся дзея, якая адбываецца на сцэне, заснавана на імправізацыі, таму сюжэт ствараецца тут і цяпер і ніколі не паўтараецца зноў, імкнучыся скласціся ў цэльную кампазіцыю. Разам з акторамі імправізуюць музыка і мастак па святле.

Рэжысёр Андрэй Саўчанка распавёў пра сутнасць праекта:

«Гаральд — гэта наша павага да тых творцаў, якія калісьці вынайшлі гэты метад працы. Быў такі калектыў у Злучаных Штатах, які называўся «Камітэт», і яны, працуючы над тэмай В’етнамскай вайны, знайшлі новы творчы спосаб дзеяння на сцэне — у іх не было загадзя падрыхтаванага сцэнара, п’есы. Мелі тэматычныя ўстаноўкі, якія ператваралі ў маналогі, дыялогі на сцэне, і такім чынам выйшлі на імправізацыю. Гаральд — гэта асабістае імя, якое па сутнасці нічога не значыць, таму яго можна напаўняць сваім уласным сэнсам і формай. Таму мы яго выбралі. Працаваць над праектам мы распачалі ў 2021 годзе, хутка авалодалі сістэмай. З 2021 года мы граем «Гаральда» амаль штомесяц».

Režysior Andrej Saŭčanka
Рэжысёр Андрэй Саўчанка падчас спектакля «Гаральд»

Імправізацыя на Старым Мясце ў пятнічны восеньскі вечар складалася з трох частак — рэжысёрскай, акцёрскай і глядацкай.

На пачатку паказу рэжысёр Андрэй Саўчанка вызначыў тэму і заангажаваў гледачоў паразважаць над тым: «Як людзі апранаюцца?», чаму яны выбіраюць тыя ці іншыя рэчы, якія апранаюць на сябе штодня. На сваім прыкладзе рэжысёр апісаў уласны гардэроб, які выбраў на спектакль: вельветавы восеньскі пінжак, які, хоць і стары, выглядаў вельмі высакародна; кашуля, падораная лепшым сябрам, і цішотка з выявай Алеся Бяляцкага. Аказалася — у кожнага элемента гардэроба ёсць свая непаўторная гісторыя.

Režysior Andrej Saŭčanka
Рэжысёр Андрэй Саўчанка падчас спектакля «Гаральд»

У наступнай частцы тэатральнай дзеі праз імправізацыю акцёраў на сцэне ўзнікалі нечаканыя тэмы, цікавыя дыялогі і непрадбачаныя развязанні складаных сітуацый.

«Я не першы раз на спектаклі Тутэйшага тэатра і на паказе такога кшталту. Я знаёмая з формай праекта, які выклікае ў мяне цёплыя пачуцці, кажа адна з глядачак Таццяна. — Я прыкладна ведала, да чаго мы ў фінале прыйдзем, ведала, што ў выніку ўзнікне жаданне выказацца з глыбіні, што спектакль дапаможа пражыць і выпусціць вонкі нейкі ўласны боль, прабачыць сябе. Я лічу, што такія паказы павінны быць, павінны жыць, таму што мы ўсе — раненыя

У нас раненая нацыя, бо мы нешта не пражылі, нешта яшчэ не перажылі, кропка не пастаўлена. Мы ўсе ў нейкім стане, што мы вернемся. Мы тут — чужыя. І дзякуючы такой магчымасці сабрацца разам, пачуць беларускую мову і з дапамогай актораў — мы становімся адным цэлым».

Гледачы ў такім паказе — не пасіўны элемент дзеі. Яны могуць выказвацца, імправізаваць, а падчас пятнічнай дзеі ў гледачоў была магчымасць пабыць ваўкалакамі і ... павыць, выпусціўшы ўсе непатрэбныя эмоцыі вонкі.

«Я першы раз на спектаклі такога кшталту, не чакала нічога падобнага, — дзеліцца Воля. — Я заўсёды лічыла сябе адкрытым чалавекам, але тут, у Польшчы, зразумела, што я вельмі закрытая. Асабліва адчула гэта сёння на спектаклі, калі хацелася схавацца ад складаных эмоцый. Сям’я для мяне — месца супакою, дзе ў мяне выстаўлены свой маленькі свет, і страшна высунуць нос у іншае месца. І вось у такіх месцах, як тут, прыходзіць усведамленне, наколькі я закрытая. Проста хочацца схавацца ад складаных эмоцый і не ўспрымаць іх. Мяне ў спектаклі кранула ўсё, бо я аказалася не падрыхтаванай».

Scena sa spiektaklia «Haraĺd»
Сцэна са спектакля «Гаральд»

Трэцяя частка спектакля была аддадзена гледачам, у якіх была магчымасць выказацца і парэфлексаваць над пабачанай дзеяй.

«Я не чакаў, што гледачы выйдуць на такія глыбокія асабістыя прамовы. «Гаральд» ішоў досыць цікава сёння — спачатку былі жарты, пасля ўзнікла гэта забойна сумная тэма з забойствам сабакі, і раптам мы выйшлі на шчырасць і глыбіню. Зусім нечакана ў паказе з’явіліся спевы Андруся Такінданга, які аказаўся вельмі лёгкім на пад’ём. Пасля паказу ў мяне ўнутры ёсць пачуццё маленькай радасці, узнікаюць пытанні — я бачу нашыя хібы, на якія трэба наводзіць фокус і якія трэба прапрацоўваць яшчэ больш пільна і ўважліва, даючы магчымасць акторам уключацца ў творчыя працэсы глыбока, выразна і эфектыўна. Так што ёсць над чым працаваць», — падзяліўся заснавальнік Тутэйшага тэатра Андрэй Саўчанка.

Andruś Takindanh
Андрусь Такінданг падчас спектакля «Гаральд»

«Тутэйшы тэатр», створаны па ініцыятыве Андрэя Саўчанкі ў 2017 годзе ў Мінску, існуе на сутыкненні лабараторнага, студыйнага, аўтарскага кірункаў. У 2022 годзе ён вымушана пераехаў з Беларусі ў Польшчу, дзе працягвае сваю дзейнасць.

Наста Пабягунская, Budzma.org