Капішча на беразе Свіслачы, дзе стаяў знакаміты камень “Дзед”, будзе адноўлена – паведамляюць “Мінск-Навіны”.
Рэканструкцыя капішча адбываецца ў межах другога этапу добраўпарадкавання парку імя 40-годдзя Вялікага Кастрычніка. Месца былога капішча будзе абнесена стылізаванай драўлянай агароджай, унутры яго пакладуць брукаванку і зробяць падсветку, а ў цэнтры пляцоўкі размесціцца стэнд з інфармацыяй пра гісторыю месца.
Чым цікавы гэты аб’ект? Не толькі тым, што тэрыторыя капішча ўключаная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Справа яшчэ і ў тым, што Мінскае капішча было дзейсным ў першай палове мінула стагоддзя. І гэта сапраўды ўнікальная з’ява не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы. Бо Мінск – гэта ці не адзіная еўрапейская сталіца, якая можа пахваліцца наяўнасцю дзеючага паганскага капішча ў ХХ стагоддзі.
Раім перачытаць артыкул гісторыка Змітра Скварчэўскага “Загадкі Мінскага капішча” пра гэты культавы комплекс.