Між мэдытацыяй і рацыяй Алеся Разанава

“Паэтыка Алеся Разанава: між мэдытацыяй і рацыяй” — так называецца кніга маладога літаратуразнаўцы Анатоля Івашчанкі, якая ўвечары 11 лютага прэзентавалася ў Мінску ў гістарычнай майстэрні.

Адным з першых, хто пачынаў даследаваць наватарскія вершы Алеся Разанава, быў літаратуразнаўца і гісторык Анатоль Сідарэвіч. Сёння на вечарыне ён скончыў свой выступ заклікам да прысутных увесь час чытаць саму паэзію і зрэдчас нешта пра паэзію, бо растлумачыць сапраўдную творчасць, на яго думку, немагчыма. А ў інтэрв’ю “Свабодзе” спадар Сідарэвіч сказаў, што хацеў бы пісаць не пра паэзію, а пра паэтаў:

“Мне б хацелася цяпер проста напісаць пра Алеся як пра чалавека. Ну, напрыклад, як я іду па берасцейскай шашы, як я збочваю з гэтай шашы, іду ў вёску Сялец — колішняе места, дзе некалі каралеўскія дыпламаты мелі сваю рэзідэнцыю. Напісаць, як прыходжу ў Сялец, як я прыходжу ў хату Разанава. Вось гэта апісаць і многа чаго іншага расказаць…”

А паэт Андрэй Хадановіч лічыць, што чытачы могуць цалкам абмінуць толькі ідэалагічнае літаратуразнаўства. А прэзентаваная сёння кніга да яго не належыць:

Анатоль Івашчанка мае вельмі някепскіх папярэднікаў. Адразу згадваецца праца не абы-каго, а таленавітай і разумнай Ганны Кісліцынай, якая пачынала шлях даследчыцы з Разанава. Таму ў сённяшняга аўтара ёсць добры трамплін, і даследаваць паэзію Разанава — гэта ого-го які някепскі дэбют для літаратуразнаўцы”.

Анатоль Івашчанка — выкладчык кафедры беларускай і рускай моў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту. У аснову кнігі ён паклаў сваю кандыдацкую дысертацыю. Цікава, што амаль адначасова з ім свае кандыдацкія па творчасці Алеся Разанава абараняюць яшчэ два маладыя навукоўцы, хаця рабіць гэта, як прызнаўся спадар Івашчанка, даволі складана:

“Справа вельмі няпростая, але патрэбная, паколькі на сёння вельмі бракуе даследаванняў, прысвечаных паэталогіі і паэтыцы. Пераважная частка, можа, дзевяноста дзевяць адсоткаў беларускай паэзіі сёння застаецца без належнага аналізу — навуковага і крытычнага”.

Наколькі дапамагае праца літаратуразнаўцаў самім творцам? Гаворыць герой кнігі Анатоля Івашчанкі Алесь Разанаў:

“Самае істотнае ва ўсіх кніжках — гэта з’ява творчасці. Ёсць яна — тады нейкая дадатковая каардыната прысутнічае. І ўсе творцы шукаюць гэтыя дадатковыя каардынаты. Твор — гэта тое, дзе ўсход і захад сустракаюцца. Твор — гэта тое, дзе медытацыя і рацыя сустракаюцца і творыцца нейкая новая якасць”.

Выступы паэтаў і літаратуразнаўцаў на імпрэзе дапаўняў гурт старадаўняй музыкі “Расалія”.

Фота retshyz.livejournal.com