У 1926 годзе пабачыў свет паэтычны зборнік з невыразнай вокладкай і сціплай назвай «Вершы». Разам з тым гэтае выданне стала сапраўдным прарывам у літаратурна-грамадскім жыцці, бо яго аўтаркамі былі выключна жанчыны: Зінаіда Бандарына, Наталля Вішнеўская, Яўгенія Пфляўмбаўм. Нечуваная для тых часоў падзея адгукнулася амаль праз стагоддзе, бо сёлета зборы твораў гэтых паэтак выйшлі асобнымі кнігамі ў межах выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм». Свой расповед пра літаратурныя навінкі «Будзьма!» пачынае з Наталлі Вішнеўскай, чый жыццёвы і творчы шлях лёгка заткне за пояс любы вострасюжэтны блокбастар.
Вокладка новага выдання. Крыніца: інстаграм-старонка выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм».
Не будзе перабольшаннем сказаць, што ўкладзенае Віктарам Жыбулем «Мнагавокае неба» — унікальная кніга. І на тое ёсць мінімум тры прычыны:
— гэта першая і пакуль што адзінае асобнае выданне Наталлі Вішнеўскай. Апроч узгаданага вышэй зборніка 1926 года, дзясятак вершаў аўтаркі быў надрукаваны ў «Бліскавіцах» — анталогіі беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду, якая выйшла ў 2017 годзе. Асобныя творы з’яўляліся на старонках часопісаў і газет («Маладняк», «Чырвоныя сейбіт», «Полымя», «Савецкая Беларусь»), аднак знайсці іх можна хіба што ў Нацыянальнай бібліятэцы.
— кніга ўяўляе сабой збор усіх вядомых твораў паэткі і мае даволі незвычайную структуру: эпісталярная спадчына ў разы (нават у дзясяткі разоў) перавышае па аб’ёме паэтычную.
— з другой прычыны вынікае і трэцяя: праз ліставанне Наталлі Вішнеўскай з іншым творцам, Сяргеем Грахоўскім, можна прасачыць лёс не толькі асобных людзей, але і большай часткі ХХ стагоддзя. Хаця і без гэтага біяграфія аўтаркі была настолькі адметнай, што пра яе варта расказаць асобна.
Пачалося з таго, што выпхнулі на сцэну
Наталля Вішнеўская ў 1920-х (з асабістага архіва Ірыны Багдановіч)
Наталля Вішнеўская нарадзілася 3 траўня 1907 г. у Коўне (цяпер — Каўнас, Літва) у настаўніцкай сям’і. Дзяцінства скончылася хутка: падчас Першай сусветнай вайны горад быў заняты нямецкімі войскамі, а Вішнеўскія эвакуяваліся ў Самарскую губерню. Характэрна, што свой першы верш Наталля напісала ў 1922 годзе пасля таго, як яны пераехалі ў Беларусь і пасяліліся на Капыльшчыне. Невядома, ці дайшло б да нас імя паэткі, калі б не маці з яе настаўніцкімі курсамі ў Слуцку, дзе адным з выкладчыкаў быў Якуб Колас. Тут усё і пачалося, прычым даволі нечакана. Хай пра гэта раскажа сама Наталля: «Там выпадкова ў адзін з вечароў мяне выпхнулі на сцэну прачытаць свой вершык. Колас зацікавіўся, восенню ўстроіў мяне ў дзіцячы дом у Мінску, дзе я скончыла сямігодку пры Белпедтэхнікуме (была такая абразцовая), а потым пайшла ў тэхнікум. Ну, а далей увесь час наглядаў за мной, часта бывала ў іх дома» (ліст да Ірыны Багдановіч ад 6 ліпеня 1987 г.)
Пад узгаданым «тэхнікумам» маецца на ўвазе Беларускі педагагічны тэхнікум, які на той час быў цэнтрам культурнага жыцця і калыскай маладой беларускай літаратуры. Тут выкладалі Усевалад Ігнатоўскі і той жа Якуб Колас, вучылася цэлае сузор’е пісьменнікаў (у тым ліку Зінаіда Бандарына, сааўтарка па будучым зборніку), часта наведваўся ў госці Янка Купала. Сярод такой кампаніі Вішнеўская не толькі не разгубілася, але і была адной з самых прыкметных: спачатку стала кандыдаткай, а потым і правадзейным сябрам першага беларускага літаб’яднання «Маладняк». Яшчэ да атрымання дыплома з’явілася першая кніга, у якой жаночая паэзія заявіла пра сябе ў поўны голас.
«Могуць пісаць ня горш за таварышаў-хлопцаў»
Тытульны аркуш дэбютнай кнігі (з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь)
Зборнік пад назвай «Вершы», які выйшаў у 1926 г. у кніжніцы «Маладняка», стаў для Наталлі літаратурным дэбютам. Не дзіўна, што першым адрэагаваў часопіс «Маладняк» у асобе літаратуразнаўцы Міколы Байкова. Водгук, трэба адзначыць, быў даволі супярэчлівым, бо разам са станоўчай характарыстыкай твораў крытык палічыў неабходным адзначыць: «Вядома, што нашыя кабеты сарамяжныя і іх трэба парадкам раскачаць, каб яны пачалі выяўляць сябе ўраўне з мужчынамі». Што да саміх твораў, то большасць з іх «можа вытрымаць крытыку. Беларускія поэткі паказалі, што яны могуць пісаць ня горш, а часам, калі мова датыча жаночых інтарэсаў, жаночае долі-нядолі, лепш за іх таварышаў-хлопцаў. Праўда, як першыя спробы маладога пярка, вершы маюць і бракі». Разам з тым Байкоў падкрэсліў і пазітыўны (згодна з уяўленнямі той эпохі) момант: зборнік паказвае, што «беларуская камсамолка выходзіць на шлях шырокай грамадзянскай дзейнасці».
Кожная з аўтарак надрукавала ў гэтым зборніку па сем вершаў. Не густа, але дастаткова, каб намацаць стыль. У той час, як мэйнстрымам было ўслаўленне рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва, Вішнеўская пісала тонка і чулліва. Яе асноўная гераіня — маладая дзяўчына з шырокай гамай эмоцый, якія аўтарка перадае ў тым ліку праз настраёвыя пейзажы:
Ціха навокала. Ночка вясновая,
Нібы дзяўчына да хлопца вясёлага,
Нікне да шэрых грудзей камяніц,
Туліцца ў бляску вясёлым зарніц.
Вецер сарваўшыся ймкнецца маланкай,
Стукне у вокны, у шыльды буяна,
Быццам юнак развясёлы вальсуе,
З ліпай кудлатай гуляе-жартуе.
У гэтым жа вершы чытач сустракаецца з «мнагавокім небам» — прыгожай метафарай, якую Віктар Жыбуль, укладальнік зборніка, скарыстаў у якасці назвы новай кнігі.
Неба таемна глядзіць мнагавокае,
Зоры мігцяць, мітусяцца высока так...
Рынецца з неба адна з іх, другая,
Глянуць іскрыста — і ў цемры знікаюць...
Творчасць «маладнякоўцаў» вызначалася актыўным пошукам новых мастацкіх форм і сродкаў. Наталля Вішнеўская не вяла рэй у авангардзе эксперыментатарства, аднак была не супраць, напрыклад, пагуляцца з вобразамі, сакавітасць якіх узмацнялася за кошт двайных слоў. Зірніце, як насычаны імі хаця б гэты ўрывак:
Рада я ў полі туманна-расістым
Росквіт рання-зары спатыкаць,
Рада я песняй бурліва-агністай
Сінюю даль хваляваць...
Разам з тым з самага пачатку ў творчасці паэткі выразна праяўляюцца грамадскія, сацыяльныя і нават феміністычныя матывы. У вершы «Да дня жанчын» аўтарка не толькі дэкларуе пераход ад эпохі падняволля да новага жыцця (што адпавядала агульнай тэндэнцыі), але і звяртае ўвагу на самастойную ролю жанчыны ў будаўніцтве ўласнай долі:
Што на росквіце дзён, светазорная,
З віру бур, завірух, навальніцаў
Яна ўстала, магутная, смелая,
Яснай долі сваёй будаўніца.
Цікава, што ў тым самым нумары «Маладняка», дзе была надрукавана рэцэнзія на кнігу жаночай паэзіі, меўся водгук і на зборнік «мужчынскай» тройкі: Янкі Бобрыка, Алеся Звонака і Янкі Туміловіча. Два з іх стануць мужамі Наталлі Вішнеўскай. Аднак першым быў іншы паэт...
Залатавалосая жонка ворага народа
Алесь Дудар. Крыніца: nlb.by
У тым самым 1926-м годзе выйшла кніга «І залацісьцей і сталёвей» Алеся Дудара — маладога, але ўжо вядомага паэта, які прысвяціў верш пра каханне «Н.В.» — залатавалосай дзяўчыне з васількова-блакітнымі вачыма. Супадзенне? Наўрад ці, бо неўзабаве яны ажаніліся.
Свайго першага мужа Вішнеўская ўспамінае як страшна працавітага чалавека, які меў добрую бібліятэку і днямі сядзеў за кнігамі. Але ж сямейнае жыццё было кароткім, бо неўзабаве Алесь «напісаў харошы, але трохі нацыяналістычны верш і адразу прачытаў яго першаму сакратару ЦК Васілевічу. Ну а праз два дні — арышт, праз тры — высылка ў Смаленск» (ліст да Ірыны Багдановіч ад 06.06.1987 г.). Пад гэтым вершам маецца на ўвазе «Пасеклі край наш папалам», які Дудар спачатку прачытаў і даў перапісаць намесніку старшыні наркамзема Алесю Адамовічу, а той ужо панёс яго да Васілевіча.
Тагачасны Менск быў шакаваны: ажно тры гады за верш? У 1929-м гэта ўспрымалася як жорсткі прысуд, бо Дудар стаў першым паэтам, якога так пакаралі. Дасталася і самой Вішнеўскай: «Пачалося з таго, што культпрап ЦК, з якім я была ў добрых адносінах, узяў мяне за горла, каб адмовілася ад Дудара». Яе прымусілі скасаваць шлюб, не далі давучыцца ў БДУ, не бралі на працу і, вядома, не друкавалі. Аднак паступова сітуацыя стала паляпшацца: у часопісе «Полымя» апублікаваны адзіны вядомы нам празаічны твор Наталлі «Завея» — кароткае апавяданне з фантастычнай канцоўкай, якое таксама ёсць у кнізе. А потым пачалі выходзіць і вершы на дазволеныя тэмы.
У 1930-м Дудара арыштавалі зноў (на гэты раз па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі»), а Вішнеўская мусіла пераехаць у Маскву, дзе працавала ў беларускай секцыі Цэнтральнага выдавецтве народаў СССР, а потым — у газеце «Гудок», дзе рэдагавала беларускую старонку.
Вершы паэткі, напісаныя з 1926 па 1930 гады, размешчаны ў двух раздзелах кнігі: «маладнякоўскім» і «БелАППаўскім» (адпаведна таму, сябрам якога аб’яднання яна з’яўлялася). Чым далей, тым болей лірычнасць і чуллівасць вымушана саступае месца ідэалагічна правільным вершам пра камсамол, заводы і фабрыкі. Разам з тым пра прыгожыя вобразы і метафары Вішнеўская не забывае:
Бліскучы ўсход зары пунсовай,
Крывёй набракшы небасхіл...
У ледзяных, сцюдзёных сковах
Гадзіннік восемь адзваніў.
«Кахаў ты? Не! Смяяўся? Так!»
Наталля Вішнеўская і Алесь Звонак. Пачатак 1930-х (з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры).
Другім мужам паэткі стаў Алесь Звонак — таксама паэт-маладняковец, разам з якім яна вярнулася ў Менск у 1934-м. Ён быў навуковым супрацоўнікам Акадэміі навук, а Наталля далучылася да працы над 10-томным выданнем Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.
Сямейнае жыццё зноў было кароткім і няўдалым: у 1936-м арыштоўваюць ужо Звонака. Пры гэтым сама паэтка не дужа прыхільна ўспамінала былога мужа: «Зазнаўца, злы, пусты... Адкуль гэта ўсё ў яго? А быў жа некалі чалавекам» (ліст да Сяргея Грахоўскага ад 12.03.1987 г.).
Маецца ў перапісцы і пярліна: адзіны ліст Вішнеўскай да Звонака, датаваны 15.02.1972 г. Халодны, непрыязны і напісаны на рускай мове, ён яскрава паказвае ўсю бездань, якая пралягла між блізкімі некалі людзьмі: «Только сегодня получила твою книжечку. Спасибо большое за память, Алесь. Только меня, признаться, крайне удивила твоя невежливость. О. Лойко и тот, посылая мне эту книжечку, нашёл время черкнуть пару слов. Тем не менее ещё раз спасибо. Она ещё раз напомнила нашу чудесную, незабываемую молодость. Будь здоров. Привет твоей супруге». Віктар Жыбуль адзначыў у каментарах, што пад «книжечкой» (не падаецца, што гэтае слова здзекліва гучыць?), магчыма, маецца на ўвазе зборнік «Універсітэт паэтычны» (Менск, 1971).
Што ж напісала Наталля Вішнеўская пасля 1930 года? Доўга лічылася, што нічога. Цікава, што паспрыяў гэтаму якраз былы муж: «Да таго ж гадоў 20 з лішкам таму назад наш агульны прыяцель З[вонак] сказаў, што пачынаць мне ўжо позна, і зусім адбіў ахвоту брацца за пяро» (ліст да Сяргея Грахоўскага ад 01.07.1981 г.).
Разам з тым ахвота знікла не да канца: у 2019 г. Ганна Севярынец знайшла ў архіве Алеся Звонака яшчэ 3 вершы. Верагодна, яны былі дасланы ў 1961 г. разам з асабістым лістом, які не захаваўся. Працытуем адзін з іх, найбольш красамоўны:
Кахаў ён? Не! Смяяўся? Так!
Дарыў пяшчот пагаслы жар.
Як жабраку даюць пятак
І пагарэльцу на пажар.
За што? За шчырасць і тугу?
За снег у золаце валос?
За вернасць верную маю,
Якой ты ў сэрцы не данёс?
Пагардай чорнай адплаціў
За годы мук... Хай будзе так!
Таго, што страціў, ты не сніў.
Кахаў ты? Не! Смяяўся? Так!
Пад каўпаком
Янка Бобрык. Крыніца: wikipedia.org
Пасля арышту другога мужа Вішнеўскай цішком паведамілі, што ордэр гатовы і на яе. У гэтую ж ноч яна разам з маці выязджае ва Украіну, дзе жыве ў глухой вёсцы, а потым падаецца ў Ленінград. Там яна пабралася шлюбам з Янкам Бобрыкам, яшчэ адным паэтам-маладнякоўцам. Аднак лёс і на гэты раз не пашкадаваў Наталлю: вайна, блакада і эвакуацыя, на якую не пагадзіўся муж («Паміраць, дык тут»). Ён і праўда памёр ад голаду ў 1942 годзе.
Праз два гады Вішнеўская вярнулася з эвакуацыі. Не маючы ўласных дзяцей, яна ўзяла на выхаванне двух хлопчыкаў, якія сталі маракамі дальняга плавання і клапаціліся пра прыёмную маці да самага скону. Варта адзначыць, што рэпутацыя ў паэткі была даволі небяспечнай: двойчы жонка «ворагаў народа», сяброўка многіх «нацдэмаў» і выпускніца Белпедтэхнікума (што само па сабе лічылася крамольным). Таму не дзіўна, што ў 1952 годзе паэтку зачапіла так званая «ленінградская справа», падчас якой Наталля падазравалася ў змове і пабыла ў зняволенні. Пазней яна напіша: «У мяне ж гэтая паласа няшчасця пачалася ў [19]29 годзе і цягнулася да [19]53-га. Усе гады «пад калпаком» (ліст да Сяргея Грахоўскага ад 15.04.1987 г.).
А далей?
Што сталася з Наталляй Вішнеўскай? Ці пабралася яна новым шлюбам, што расказвала пра знаёмых пісьменнікаў і як рэагавала на асноўныя падзеі той эпохі? Прапануем даведацца пра гэта з багатай эпісталярнай спадчыны паэткі, якая рупліва сабрана, сістэматызавана і пракаментавана ў кнізе. Укладальнік Віктар Жыбуль выканаў вялізную працу, каб імя паэткі вярнулася ў беларускую літаратуру і заняла належнае месца.
Аксана Данільчык і Віктар Жыбуль — яркі даследчыцкі дуэт кандыдатаў філалагічных навук, які вяртае з нябыту літаратурную спадчыну Беларусі. Фота Алены Казловай з інстаграм-старонкі выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм».
Юрась Гарэлка, budzma.org