• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
07.12.2022 | Гісторыя

Моцарт у спадніцы і рэвалюцыянерка-«спакусніца», якая закупляла зброю для Каліноўскага

Яна магла б стаць вядомай піяністкай, а замест гэтага правяла доўгія гады ў ссылцы толькі за тое, што хацела бачыць сваю краіну свабоднай. Слухачы называлі яе геніем, а ўлады — «жанчынай шкоднай і абсалютна нядобранадзейнай у палітычным сэнсе».

«Салідарнасць» сабрала цікавыя факты пра Камілу Марцінкевіч — музыку, асветніцу, рэвалюцыянерку і дачку аднаго з самых вядомых беларускіх літаратараў XIX стагоддзя.


kamila01-1-05.jpg

У восем гадоў пакарыла сваёй ігрой на фартэпіяна Мінск, Вільню, Кіеў і Варшаву.

Калі 22 лістапада 1834 года на свет з’явілася Каміла, яе бацька Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч яшчэ не быў вядомым пісьменнікам. Сям’я дробнага чыноўніка жыла ў невялікай хатцы ў раёне цяперашняга выхаду з метро «Плошча Перамогі», дзе размяшчалася жыллё многіх мінскіх чыноўнікаў. Там Каміла і рабіла свае першыя крокі ў музыцы.

З юных гадоў дзяўчынка мела неверагодныя здольнасці. Ігры на фартэпіяна Каміла вучылася ў мінскім пансіянаце сваёй хроснай маці Марыі Мантэграндзі. Падобна юнаму Моцарту, з 8 гадоў яна ўжо выступала з канцэртамі. Прычым не толькі ў Мінску. Разам з родным братам Міраславам пакарала Вільню, Кіеў, Варшаву, дзе выконвала сваіх любімых Фрыдэрыка Шапэна і Ферэнца Ліста, а таксама ўласныя творы.

Вось як апісвае канцэрт Камілы і Міраслава ў Варшаве нехта Сікорскі для часопіса Biblioteka Warszawska: «Два юныя таленты з’явіліся ў нас з ціхага літоўскага Мінска. Таленты настолькі асаблівыя, што ў іх праглядае геній. Яшчэ дзеці, а прасунуліся ў майстэрстве ігры на фартэпіяна да такога высокага ўзроўню, што ім не адзін дарослы пазайздросціць».

Нажаль, музычная кар’ера юнай Камілы скончылася, так і не пачаўшыся, — у бацькоў не было грошай, каб адправіць дзяцей вучыцца далей. У маі 1851 года Дунін-Марцінкевіч нават пісаў прашэнне на імя расійскага імператара з просьбай за казённы кошт уладкаваць Камілу і Міраслава ў парыжскую кансерваторыю. Адказ прыйшоў ад цэсарэвіча, будучага імператара Аляксандра II: адмовіць.

У гэты час Каміла ўжо грала ў тэатральнай трупе бацькі. У 1852 годзе яна выходзіла на сцэну ў мінскай пастаноўцы першай беларускай оперы «Сялянка», музыку да якой напісаў Станіслаў Манюшка, а лібрэта — бацька юнай артысткі.

kamila02-1-05.jpg
Фота: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Каміла таксама паспяхова працавала ў Мінску настаўнікам музыкі. Яе фартэпіянныя творы (пераважна танцавальныя) хутка заваявалі папулярнасць і выконваліся на дамашніх і публічных канцэртах.

Праспявала забаронены гімн у Мінскім кафедральным саборы і ўвяла моду на «жалобу»

Думаецца, улады не раз яшчэ пашкадавалі аб тым, што не далі Каміле адвучыцца ў кансерваторыі. Зрабі інакш, яны, магчыма, маглі б неўзабаве апладзіраваць вядомай піяністцы, а не змагацца з непрымірымай рэвалюцыянеркай.

Каміла аказалася годнай дачкой свайго бацькі, які марыў убачыць вольнай ад расійскага прыгнёту родную дзяржаву. Але ў імперскай Расіі былі свае думкі на гэты конт. У 1858 годзе падчас выступу ў Мінску імператар Аляксандр II развеяў усе надзеі мясцовай шляхты, назваўшы Паўночна-Заходні край «спрадвечна рускімі» землямі.

Апошняй кропляй стаў расстрэл царскімі войскамі ў 1861 годзе ў Варшаве мірнай маніфестацыі.

Гэта быў сігнал да пачатку супраціву ў Мінску. Адной з ключавых фігураў стала менавіта Каміла Марцінкевіч, чыя папулярнасць у той час у горадзе была вельмі вялікая. У сакрэтных данясеннях паліцэйскія чыны называюць яе проста: «Адна з галоўных мінскіх патрыётак дзяўчына Марцінкевіч». Менавіта ёй ставяць у віну «патрыятычную моду» на спевы гімнаў у касцёлах і грамадскіх месцах. Так, у тыя часы таксама маглі караць за «няправільныя» песні.

Аднойчы разам з іншымі неабыякавымі гараджанамі Каміла сваім цудоўным і моцным голасам смела заспявала рэвалюцыйны гімн у Мінскім кафедральным касцёле. За гэта яе імя было запісана першым у спісе асоб, якія бралі ўдзел у гэтым «супрацьпраўным» дзействе.

Калі ж расійскія ўлады афіцыйна забаранілі такія спевы, Каміла знайшла новы спосаб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю: у знак салідарнасці і ў памяць аб загінуўшых патрыётах яна адной з першых у Мінску стала апранаць жалобную чорную сукенку і капялюшык.

З яе ўзялі прыклад сотні жанчын краю. З’ява стала настолькі масавай, што расійскія ўлады сталі разглядаць нашэнне жалобнага адзення як пагрозу правапарадку і ў выніку, як і спевы гімнаў, забаранілі.

Але Каміла не супакоілася. Яна падкормлівала арыштантаў з Варшавы, якіх гналі праз Мінск на ўсход, а аднойчы нават спякла пірог з цукровым надпісам «Гонар вам», і толькі пільнасць жандарскага афіцэра не дазволіла «небяспечнаму» торту дабрацца да зняволеных.

Марцінкевіч наводзіла жах на расейскіх чыноўнікаў. Аднойчы мінскі губернатар адправіў яе з Мінска ў Вільню, але калі пра гэта даведаўся віленскі губернатар Назімаў, ён вельмі раззлаваўся на свайго калегу і тут жа забараніў дзяўчыне ўезд у Віленскі край, вярнуўшы яе ў Мінск.

Выліла мачу на галаву губернатару

Дарэчы, з мінскім губернатарам Эдуардам Келерам у Камілы склаліся асаблівыя адносіны. Гісторыі вядомы наступны факт. 23 чэрвеня 1861 года губернатар Мінска прагульваўся ў раёне Стацкай Слабады (цяперашні Гарадскі Вал), калі насустрач яму выбегла шчупленькая, але шустрая дзяўчына і на вачах ва ўсіх выплюхнула з сасуда на кіраўніка горада мачу.

kamila03-1-05.jpg
Фота: Эдуард Келер (у цэнтры) з сынамі

Дзяўчына, як не цяжка здагадацца, была той самай Камілай Марцінкевіч. Такой зневажальнай публічнай абразы губернатар не вынес.

«Мы даўно вас чакалі...» — такімі словамі сустрэла Каміла мінскага паліцмайстра, які прыйшоў яе арыштоўваць.

У гэты ж дзень дзяўчыну прывялі на допыт у кабінет графа Келера. Жандарскі палкоўнік Рэйхарт уласнай рукой запісаў паказанні абуральніцы спакою. Ясныя і смелыя адказы яшчэ больш раззлавалі губернатара, і ён аддаў распараджэнне змясціць затрыманую ў лякарню для вар’ятаў, якая знаходзілася ў манастыры базыльянак (недалёка ад Траецкага прадмесця).

Але папулярнасць Камілы сярод мінчан была такая высокая, што яе зняволенне ў псіхушку выклікала дэманстрацыі пратэсту. Прагрэсіўныя жыхары сталі ладзіць пад вокнамі шпіталя мітынгі ў падтрымку рэвалюцыянеркі. Вязні штодня прыносілі свежыя кветкі, спявалі ля сцен песні.

Каб спыніць пратэсты, улады пагадзіліся адпусціць «хворую». Камілу вызвалілі пад паручальніцтва, ёй было дазволена жыць па-за горадам і не прыязджаць без дазволу ў Мінск.

Арганізавала школу для дзяцей беднаты

Натуральна, выйшаўшы з «турмы», Каміла заставалася пад назіраннем жандармерыі. Аднак сядзець без справы яна не магла. Шмат разоў ёй даводзілася праязджаць праз мястэчка Гарадок (недалёка ад Маладзечна), якое знаходзілася на шляху з бацькоўскага фальварку Люцынка ў Вільню. Тут, у Гарадку, у доме адстаўнога салдата, Каміла вырашыла адкрыць школу для дзяцей беднаты.

Так, са згоды і ўхвалення бацькі, нарадзілася школа, дзе сельскія дзеці маглі вучыцца грамаце. Каміла таксама сама навучала іх музыцы і спевам. У Гарадку бываў і Дунін-Марцінкевіч.


kamila04-05.jpg
Каміла і яе бацька Дунін-Марцінкевіч. Фрагмент фота

Падобныя навучальныя ўстановы Каміла арганізавала і ў Мінску. Калі ж у 1863 годзе ўспыхне паўстанне, усе яны будуць зачыненыя, а працу Камілы назавуць антыдзяржаўнай дзейнасцю. Выконваючы абавязкі Мінскага губернатара, Кажэўнікаў дакладваў 7 лютага 1863 года, што школа была арганізавана для маскіроўкі агітацыйнай дзейнасці сярод салдат і насельніцтва.

Ахрысцілі рэвалюцыянеркай-«спакусніцай»

Як расказаў Сitydog гісторык Уладзімір Арлоў, у 1863 годзе ўвагу следчых судовага аддзялення Віленскай ваеннай акругі прыцягнуў адзін групавы здымак, знойдзены пры вобшуку кватэры-атэлье знакамітага мінскага фатографа Антона Прушынскага, затрыманага па падазрэнні ў сувязі з паўстанцамі. Чатыры чалавекі на фота былі апранутыя ў народныя сурдуты і сукенкі-«чэмаркі» — такое адзенне насілі паўстанцы. Адзіная жанчына на здымку — Каміла.

kamila05-05.jpg
Той самы здымак, з-за якога была арыштаваная Каміла

У лютым 1863-га Камілу зноў узялі пад варту. Падставай стаў данос расійскага салдата, да якога Каміла звярнулася з просьбай прадаць зброю. Паказальная ў гэтым сэнсе фармулёўка ў данясенні губернатара: «Марцінкевічава спакушала і схіляла да перадачы зброі».

Канешне, прэтэнзіі мелі ўсе падставы. Прынамсі, у частцы рэвалюцыйнай дзейнасці. Каміла актыўна ўдзельнічала ў падзеях 1863 года. У яе дома праводзіла сходы Мінская арганізацыя Літоўскага камітэта, якая займалася падрыхтоўкай паўстання. Марцінкевіч сама была сябрам гэтага камітэта. Яна агітавала, раскідвала ўлёткі, здабывала зброю.

Каб злавіць «злачынцу» з Мінска ў Гарадок адразу былі камандзіраваны следчы-прыстаў Мінскай гарадской паліцыі «з прызначанымі ў яго распараджэнне 50 ніжніх чыноў той жа роты і добранадзейным афіцэрам».

Следства прыйшло да высновы, што Каміла Марцінкевіч «адкрыццё вучылішча ажыццявіла, толькі каб было зручней зблізіцца з сялянамі, маючы прыстойны адвод і магчымасць хаваць свае шкодныя і непрыстойныя сувязі з сялянамі». Увогуле, дзяўчыну зноў ахрысцілі рэвалюцыянеркай-«спакусніцай».

Кінула са сваёй камеры кветкі для паўстанца і з’ехала ў ссылку

На гэты раз Каміла адбывала пакаранне ў Пішчалаўскім замку (цяперашняя Валадарка). Туды падкупленыя наглядчыкі перадалі ёй ліст-прызнанне ў каханні ад кіраўніка мінскай паўстанцкай арганізацыі Караля Станкевіча.

А ў жніўні 1863 года з акна сваёй камеры няўрымслівая Каміла ўмудрылася кінуць пад ногі паўстанцу Жмачынскаму, якога вялі на смяротнае пакаранне, букецік кветак.

Улады разумелі, што спакою ад вязніцы чакаць не даводзіцца.

Гнеў Мураўёва-вешальніка быў бязлітасны. Вердыкт: «Выслаць як жанчыну шкодную і зусім нядобранадзейную ў палітычным сэнсе пад строгі паліцэйскі нагляд у Пермскую губерню...»

29-гадовую Камілу Марцінкевіч чакала ссылка ў сібірскі горад Салікамск на 25 гадоў.

kamila06-05.jpg
Фота Мікола Купава. Лінагравюра «Каміла Марцінкевіч». 1976 год

Магіла знайшлася толькі ў наш час

Лёс гэтай цудоўнай і ганарлівай жанчыны склаўся трагічна. Толькі праз 20 з невялікім гадоў яна, хворая, змагла вярнуцца на радзіму.

Аб яе жыцці ў ссылцы вядома не шмат. Даследчыкі пішуць, што там яна выйшла замуж за лекара Казіміра Асіповіча і нарадзіла шасцярых дзяцей. Апошнія гады Каміла цяжка хварэла. Гэты час яна прысвяціла пошукам рукапісаў свайго бацькі, каб захаваць для гісторыі. Агулам яна пражыла 66 гадоў.

Доўгі час не было вядома, дзе пахавана адна з самых дзёрзкіх жанчын Мінска.

Аднак у 2011 годзе студэнты ЕГУ знайшлі магілу Камілы і яе мужа Казіміра ў Вільні. На вуліцы Полацкай на Бернардынскіх могілках стаіць выдатна захаваны надмагільны камень, з аднаго боку якога выбіта імя мужа Камілы, а з другога — яе.

kamila07-05.jpg
Магіла Камілы Марцінкевіч на могілках у Вільні.

Тут скончыла свой зямны шлях гэтая нязломная жанчына — патрыётка, якая аддала сваё жыццё дзеля свабоды роднай краіны.

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства Беларусы свету

«Свае людзі» у Вільні. Фалькларыстка Святлана Чакушка

Радыё Ўнэт у праекце «Свае людзі» працягвае расказваць пра беларусаў, якія волею лёсу апынуліся за межамі краіны,...

valiancina_shauchenka
Мастацтва Беларусы свету

Беларуска-брытанскі рэжысёр і стваральнік арт-рэплік Уладзімір Шчэрбань плануе пераўвасобіць творы Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане

Беларускі-брытанскі тэатральны рэжысёр і акцёр Уладзімір Шчэрбань, вядомы апошнім часам як стваральнік сотняў па-майстэрску...

valiancina_shauchenka
Грамадства Літаратура Асоба

Алесь Гурло. «На рубе двух міроў»

Сёння, 4 лютага, спаўняецца 85 гадоў з дня смерці паэта, пісьменніка і перакладчыка Алеся Гурло. У дзень памяці...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Легкія Еўропы. Малавядомыя факты пра балоты Беларусі

Балота — адметнасць беларускага ландшафту, ці не вызначальная рыса беларускай прыроды. Таямнічы і жудасны свет,...

Апошнія навіны

    Грамадства Беларусы свету
    «Свае людзі» у Вільні. Фалькларыстка Святлана Чакушка
    Мастацтва Беларусы свету
    Беларуска-брытанскі рэжысёр і стваральнік арт-рэплік Уладзімір Шчэрбань плануе пераўвасобіць творы Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане
    Грамадства Літаратура Асоба
    Алесь Гурло. «На рубе двух міроў»
    Грамадства
    Легкія Еўропы. Малавядомыя факты пра балоты Беларусі
    Культура Гісторыя
    Увесь музей толькі для вас! Літаратурны музей Петруся Броўкі праводзіць розыгрыш да Дня ўсіх закаханых
    Грамадства Музыка
    Затрыманыя вакаліст гурта «Бан Жвірба» Дзмітрый Гаўрылін і яго жонка
    Літаратура Беларуская мова
    «Беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа»
    Грамадства
    «Сяргей можа застацца без лекаў...». Аляксандр Сацук распавёў пра апошнія навіны ад брата
    Адукацыя
    ЕГУ абвясціў імя новага рэктара
    Літаратура
    «Не забывай, што ў любую хвіліну можа выскачыць з канапель рабая свіння». Што раілі беларускія класікі маладым пісьменнікам
    Грамадства Гісторыя
    Слонімскую сінагогу зноў выставяць на аўкцыён
    Культура Грамадства Гісторыя
    У Мсціславе ў гэтым годзе прыступяць да рэканструкцыі забудовы XII-XIV стагоддзяў на Замкавай гары
    Культура Грамадства
    На вышытай мапе Беларусі кожны рэгіён будзе прадстаўлены сваімі этнаграфічнымі славутасцямі
    Музыка «Музыка»
    «Гэта нас натхніла і працягвае натхняць». Топ беларускіх трэкаў ад гурта «Puaro»
    Грамадства Адукацыя
    «Васьміног» абвяшчае конкурс на атрыманне грантаў для адукацыйных праектаў, якія дапамогуць школьнікам і рэпрэсаваным настаўнікам

Афіша

  • 10.02 — 12.02

    Паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова ў Вільні

  • 04.02 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 04.02 — 05.02Выстава Наталлі Разуменка ў Мінску
  • 04.02 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 04.02 — 26.02Выстава айца Сяргея Сурыновіча «Птушыны вянок» ў Віцебску
  • 04.02 — 27.02Зімовая выстава ў Мінску
  • 04.02 — 26.02«Самародак з Рагачова». Выстава Анатоля Каплана ў Гомелі
  • 04.02 — 28.02Выстава выцінанкі «Зімовыя цуды» ў Маладзечне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Каго хаваў пад маскамі сваіх герояў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч?
    • Эксперты: Трымайцеся падалей ад расійскіх анлайн-сервісаў
    • «У 73 гады паехала скараць Берлін». Як баба Каця зрабіла вёску вядомай на ўвесь свет
    • Ён, яна і старажытны дуб. Вальс «1863» стаў кліпам да дня народзінаў Каліноўскага
    • 10-12 лютага ў Вільні пройдзе паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип