Да чаго можа прывесці моўнае супрацьстаянне? Разбіраемся на прыкладзе Бельгіі

Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра моўнае супрацьстаянне ў Бельгіі як прыклад таго, да чаго можа прывесці спроба навязаць народу дамінантную ў рэгіёне мову. Ці сапраўды канфліктнасць — натуральны стан у моўных пытаннях? Чым сітуацыя ў Бельгіі падобная да беларускай, і чаму варта было б павучыцца ў фламандцаў?


298.jpg
Крыніца: fr.babbel.com

Войны, рэвалюцыі, катастрофы заўжды былі і застануцца часамі абвастрэння і паскарэння пераацэнкі ці вострага абмеркавання каштоўнасцей, неабходнасці кардынальных зменаў у калектыўнай свядомасці народаў, буйных чалавечых масаў.

Гэта зусім не выпадкова, бо менавіта такія падзеі і ёсць тымі кропкамі невяртання, пасля праходжання якіх грамадства трансфармуецца да іншага, больш якаснага ўзроўню арганізацыі ці трапляе на дно «цёмных стагоддзяў». Ёсць і такая небяспека.

Гісторыі вядома, як мінулыя пакаленні еўрапейцаў неаднаразова ахвяравалі сваімі ўласнымі жыццямі, не пагаджаючыся на змены у ідэнтычнасцях, не даючы шанцаў нашчадкам на транзіт да новых невядомых узроўняў развіцця. Бывалі выпадкі, калі ахвяры не былі марнымі, і будучыя пакаленні атрымлівалі магчымасць на іншыя формы існавання, невядомыя продкам.

Чаго вартыя, напрыклад, геаграфічныя адкрыцці — які гэта быў гіганцкі прарыў для чалавецтва!

Падобныя трансфармацыі заўжды патрабуюць не толькі жыццяў першапраходнікаў, але і сур’ёзнай мыслярскай дзейнасці ад адзінак, уплыву новых канцэптаў на цэлыя грамадствы, якія штурхаюць масы да дзеянняў.

Яшчэ ў еўрапейскай гісторыі, з аднаго боку, ёсць шмат станоўчых прыкладаў нацыянальнага будаўніцтва, фарміравання новых ідэнтычнасцяў на падмурках некалькіх этнасаў, альбо наадварот — супрацьстаяння ціску і накіданню дамінавання з боку суседзяў. Гісторыя ніколі не стаіць на месцы, змяненні адбываюцца ўвесь час. Крывавыя, не вельмі, але амаль заўжды канфліктныя. Бо народы пакуль не выпрацавалі вартай рэалізацыі тэхналогіі сумеснага абмеркавання праблемных пунктаў з наступным складаннем дамовы. Пакуль пераважае трэнд на ўсталяванне панавання — канфлікты будуць шырыцца і прымаць розныя формы.

Самыя зацятыя, крывавыя і бязлітасныя — звычайна супрацьстаянні на каштоўнасных, падставовых, анталагічных узроўнях ідэнтычнасцяў.

Чытайце па тэме: Ірландскую мову чакае лёс беларускай?

Як, напрыклад, сённяшняя вайна ва Украіне — у меншай ступені тычыцца тэрыторый і рэсурсаў, але ў большай меры нацыянальнай свядомасці, моўных, рэлігійных пытанняў, формаў арганізацыі грамадстваў і краіны (дзяржаўнага ладу).

Міф пра мірнае суіснаванне моваў

Але гэта не адзіны актуальны прыклад. Нават у сённяшняй на першы погляд стабільнай Еўропе ўвесь час бурляць катлы супярэчнасцей на нацыянальных, моўных, рэлігійных узроўнях.

У Швейцарыі франкамоўныя супольнасці не спыняюць спробаў адасобіцца ад нямецкамоўных кантонаў. Трываюць канфлікты ў лакальных грамадах з патэнцыялам пашырэння на ўсю канфедэрацыю.

Чытайце яшчэ: Ці падыходзіць моўная мадэль Швейцарыі для Беларусі?

Іншы прыклад канфліктнага моўнага супрацьстаяння, якое можа прывесці да распаду краіны — Бельгія. У адрозненне ад Швейцарыі, бельгійцы аб’яднаныя федэратыўнай дамовай, а на чале аб’яднанай краіны дэ-юрэ знаходзіцца кароль. Але супярэчнасцяў паміж супольнасцямі франкафонаў і фламандцаў нашмат больш, чым у швейцарскай канфедэрацыі.

А ў рэгіёне навокал Брусэля ўжо некалькі стагоддзяў ідуць сапраўдныя моўныя войны. У большасці нязбройныя (хаця бывала рознае).

Як адзначаюць сацыёлагі ў сваім даследаванні моўнага канфлікту ў Бельгіі: «Гісторыю моўнага супрацьстаяння можна падзяліць на чатыры эпізоды: панаванне франкамоўных элітаў, прарыў фламандскага руху, перамена роляў у эканамічным росквіце і змяненне структуры дзяржавы на падставах моўнага раздзялення».

Каб разабрацца ў сённяшняй сітуацыі ў краіне, варта хаця б крыху пазнаёміцца з гэтымі гістарычнымі этапамі.

Новая дзяржава пабудаваная на супярэчнасцях

Справа ў тым, што ўласна Бельгія ў сучасным выглядзе была абвешчана толькі ў 1830 годзе пасля буржуазнай рэвалюцыі, якую падтрымалі буйныя геапалітычныя гульцы ў рэгіёне. Да гэтага часу землі сучаснага каралеўства шмат разоў былі падзеленыя паміж рознымі дзяржавамі, зведвалі ўплывы з розных бакоў.

Галоўнымі адметнасцямі рэгіёнаў сучасных Фландрыі і Валоні з’яўляюцца мовы. Такая адасобленасць канчаткова склалася каля 700 года нашай эры, калі гэтыя землі на перасячэнні некалькіх суседніх культураў сфарміравалі ўласныя дыялекты. На поўдні сучаснай Бельгіі, у Валоні з сумесі так званай «народнай лаціны» і франкскіх дыялектаў утварыўся «пекард» — агульная назва для моваў рэгіёна, падобных да старафранцузскай.

На поўначы і на тэрыторыі Брусэля панавалі германскія гаворкі, роднасныя сучаснай нідэрландскай мове.

У выніку буржуазнай рэвалюцыі на тэрыторыі сённяшніх Нідэрландаў супраць панавання над краем іспанскай кароны і каталіцкай царквы, войнаў і контррэфармацыі, іспанскія ўлады выключалі фламандскія гаворкі з афіцыйнага ўжытку ў Фландрыі. На думку ўладаў і рэлігійных колаў, каталіцкая Фландрыя не мела карыстацца «мовай пратэстантаў», падобнай да нідэрландскай.

Такім чынам, у XVII стагоддзі вышэйшыя класы грамадства пачалі франкізавацца, хаця большасць насельніцтва па-ранейшаму размаўляла на «простай мове».

Акупацыя сённяшняй Бельгіі Французскай Рэспублікай пасля рэвалюцыі ў Парыжы цэнтралізавала і паскорыла працэс франкізацыі. Які, як і ў Францыі, праводзіўся даволі жорстка і мэтанакіравана (большасць рэгіянальных моваў гэтай часткі Еўропы сталі ахвярамі тых падзеяў).

Сітуацыя за два стагоддзі склалася такая, што пасля далучэння да Каралеўства Нідэрланды ў 1815 г. дэпутаты ад Фландрыі выступалі ў нідэрландскім парламенце на французскай мове.

295.jpg
Крыніца: images0.persgroep.net

Не вельмі змянілася становішча і пасля рэвалюцыі 1830 г. і паўстання Каралеўства Бельгія, якое было абвешчана ўнітарнай дзяржавай з адзінай афіцыйнай французскай мовай. На поўдні Фландрыі, асабліва ў раёне Брусэля і ў самой сталіцы, некалі цалкам фламандскім горадзе, французская працягвала дамінаваць у адміністрацыях і сярод вышэйшых класаў. Нягледзячы на ціск фламандскага нацыянальнага руху, у сталіцы да 1883 г. нават школьная адукацыя на мове большасці насельніцтва (на той момант) была забароненая. У рэшце краіны ўся вышэйшая асвета была толькі на французскай.

Не дзіўна, што пад канец стагоддзя і мігранты з паўночных рэгіёнаў Бельгіі ў Брусэлі праз адно пакаленне пачыналі ў прыватным жыцці пераходзіць на французскую, якая дамінавала ў блізкай Валоні. Дзе быў канчаткова выціснуты «пікард» — мясцовы варыянт раманізаванай мовы франкаў. Як і роднасная да ўсходнефламандскага дыялекта мова паўночнага захаду Францыі амаль цалкам скончыла сваё існаванне.

Канфліктнасць і прынцыповасць дзеля захавання ідэнтычнасці

На шчасце для фламандскай мовы, на ўзбярэжжы Паўночнага мора большасць насельніцтва ўвесь гэты час захоўвала роднае слова. Хаця афіцыйны статус Tussentaal (стандартызаваная мова, што з’яднала нідэрландскія і фламандскія дыялекты) атрымала толькі пад канец XIX ст., у Фландрыі большасць насельніцтва не франкізавалася, нягледзячы на тое, што французская была прэстыжнай, істотнае дамінаванне культуры з поўдня, а франкамоўная Валонь была больш эканамічна і тэхнічна развітым рэгіёнам.

У 1960-х у Бельгіі, можна сказаць, адбылася сапраўдная моўная рэвалюцыя, якая цягам некалькіх дзесяцігоддзяў прывяла да змены дзяржаўнага ладу краіны на федэратыўны.

З тых часоў у каралеўстве існуюць дакладныя межы ўжывання моваў — Фландрыя (фламандская), Валонь (французская), Брусэльскі раён (двухмоўе), нямецкамоўная аўтаномія (Усходняя Валонь).

296.jpg
1960-я. Надпіс на банеры — Спыніце каланізацыю Фландрыі! Крыніца: www.vvb.vlaanderen

Трэба адзначыць, што фламандцы на «памежных моўных тэрыторыях» адразу абралі канфліктны шлях. Зрэдку гвалтоўны, але даволі жорсткі і прынцыповы. Напрыклад, лічыцца, што змены 1960-х пачаліся са знакавага раздзялення каталіцкага ўніверсітэта ў Лювене (25 км ад Брусэля, у Фландрыі) і вымушанага выезду з горада франкамоўных выкладчыкаў.

У 1990-х журналісты брытанскай The Independent не шкадавалі эпітэтаў для апісання сітуацыі ў прадмесцях Брусэля:

«Мястэчка Аверыйс знаходзіцца побач з мяжой, якая аддзяляе Фландрыю ад афіцыйна двухмоўнага Брусэля.

Кожны дзень здаецца такім жа мірным, як і мінулы. Але гэта перадавая своеасаблівай бельгійскай вайны, вайны без куль. Для яе апісання больш за ўсё падыходзіць слова «апартэід»».

З усіх магчымых варыянтаў спынення паступовай франкізацыі Фландрыі фламандцы абралі не самы мірны — шлях размежавання і адасаблення ад франкафонаў.

Пакуль фламандцы складаюць большасць у краіне (каля 65%), дэпутаты ад рэгіёна маюць большасць у прадстаўнічых федэральных органах. Таму Бельгія да гэтага часу не ратыфікавала еўрапейскі закон аб меншасцях, які прадугледжвае выкарыстанне іх моваў у месцах пражывання. І ў раёнах на поўнач ад Брусэля, дзе ўвесь час расце колькасць франкамоўных, пакуль дзейнічаюць моўныя законы Фландрыі — у сферы адукацыі, афіцыйнага ўжывання.

Але з улікам таго, што межы двухмоўнай Брусэльскай акругі ўжо некалькі разоў перасоўваліся на поўнач, зразумела, што паступова фламандцы будуць губляць пазіцыі.

Верагодна, таму ў гэтай супольнасці ўсё большую папулярнасць набываюць палітычныя сілы, якія заклікаюць да абвяшчэння незалежнасці ад Бельгіі.

297.jpg
Лозунг фламандскіх нацыяналістаў: «Бельгія трэснула». Крыніца: www.vlaamsbelang.org

Пры гэтым фламандскія патрыёты супрацьпастаўляюць сваю пазіцыю не столькі агульнабельгійскай ці валонскай, але і французскаму дамінаванню і кірунку на ўніфікацыю. Што, на іх думку, супярэчыць духу Еўразвяза, які ад самага пачатку дэклараваў прыярытэт разнастайнасці.

У гэтым сэнсе Фландрыя сапраўды адрозніваецца ад Францыі, дзе, нягледзячы на еўрапейскія нормы, рэгіянальныя мовы былі канчаткова знішчаныя ўніфікаванай сістэмай адукацыі ў XX ст. У Фландрыі, як і ў Галандыі, ці ў «вялікім нямецкамоўным свеце», акрамя нармаванага моўнага стандарту паўсюдна ўжываюцца дыялекты. На 6 млн фламандцаў іх налічваецца каля пяці. На іх не толькі паўсюль размаўляюць, яны гучаць на ТБ, іх вывучаюць у школах. Такім чынам захоўваюцца дыялектычная разнастайнасць і рэгіянальныя асаблівасці.

Чаму варта павучыцца ў фламандцаў, дык гэта прынцыповасці і жорсткасці, таму, як вялікія масы на пачатку XX ст. падтрымалі дактрыну заснавальнікаў новай хвалі нацыянальнага руху аб адасабленні ад больш вядомай у свеце французскай культуры.

Адмова ад вышэйшай адукацыі для будучых пакаленняў, безумоўна, пазбавіла мільёны фламандцаў перспектываў кар’еры ў сталічным Брусэлі ці нават у Францыі. Але коштам умоўнай зручнасці і «адкрытых шляхоў у вялікі свет» фламандцы спынілі павольную франкізацыю і гібель уласнай ідэнтычнасці.

Захавалі сваю сутнасць і плён працы соцень пакаленняў.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org