Аляксей Гайдукевіч на budzma.org праводзіць паралелі паміж моўнай сітуацыяй ў Беларусі і Ірландыі.
Фота img.rasset.ie
Неаднаразова даводзілася чуць параўнанне моўнай сітуацыі ў Беларусі і ў Ірландыі. Пры гэтым, як у якасці аргумента за «дзвюхмоўе», так і супраць.
Безумоўна, гісторычныя абставіны і сённяшняя сітуацыя у краінах і вакол іх вельмі адрозная. Але ўсё ж некаторыя паралелі правесці можна. Таму варта зірнуць больш пільна на ірландскае моўнае пытанне і працэсы, якія адбываюцца на выспе. Асабліва ў сувязі з магчымым пашырэннем на тэрыторыі Паўночнай Ірландыі выкарыстання ірландскай як кампраміс паміж палітычнымі партыямі юніяністаў і каталікоў. Хаця мадэрнізаваны закон аб мовах меншасцяў прадугледжвае толькі стварэнне кантрольных структураў з удзелам грамадскасці, больш шырокае ўжыванне гэтых моваў дзяржорганамі, у адукацыі, сферы паслугаў — прыхільнікі брытанскай кароны вельмі адмоўна ставяцца да яго.
Ірландыя: гісторыя забаронаў і смерцяў
Гісторыкі лічаць сярэдзіну 19 ст. фатальнай для ірландскай мовы, калі ў Ірландыі насельніцтва ў выніку голаду і эміграцыі скарацілася за 5 год на 2,5 млн, да 6 млн. А да 20 ст. яшчэ на 2 млн. У гэты перыяд толькі за некалькі дзесяцігоддзяў ірландскай мове атрымалася захавацца на захадзе краіны, тэрыторыях з найменшай колькасцю насельніцтва. Да таго ж, брытанскія акупанты забаранялі навучанне і друк на ірландскай мове.
Але змаганне за незалежнасць і яе адваяванне не спрыялі паўнавартаснаму адраджэнню ірландскай. Справа ў тым, што рэлігійная адасобленасць каталікоў-ірландцаў ад пратэстантаў-ангельцаў была больш натхняльным чыннікам у барацьбе за Ірландыю. Грамадскія адраджэнскія аб’яднанні мелі вялікі аўтарытэт сярод грамадства, ірландцы ў перыяд супрацьстаяння брытанскай культурнай экспансіі ў 19-20 ст. надавалі вялікую ўвагу традыцыйным культурніцкім фестывалям і спартыўным спаборніцтвам. Моўныя ініцыятывы выклікалі сантымент і сімпатыю, але не больш.
Чытайце яшчэ па тэме: Ірландыя: нацыянальны спорт супраць англійскай экспансіі
Фота irishtimes.com
Вядомы ірландскі паэт-песеннік Фрэнсіс Артур Фегі на пачатку 20 ст. пісаў: «Зусім не лібералізацыя брытанскай палітыкі адродзіць ірландскую мову, а руплівасць, працавітасць і самаахвярнасць ірландцаў.»
Такое меркаванне было даволі распаўсюджана, але нягледзячы на гэта, толькі ў 1966-ым годзе адроджаная ірландская дзяржава прыняла прапановы моўных актывістаў і навыжалася на правядзенне цэнтралізаванай палітыкі супрацьстаяння англійскай культурніцкай экспансіі. Да гэтага часу грамадства ў Ірландыі ўжо прызвычаілася спажываць медыяпрадукт з Вялікабрытаніі, што ў гады станаўлення кіна-, тэле- і музычнай індустрыі спрыяла катастрафічнаму заняпаду ірландскай мовы.
Моўная стратэгія працуе дрэнна
Нават да сённяшняга часу ў Ірландыі захаваліся тэрыторыі кампактнага пражывання ірландскамоўнага насельніцтва, у адрозненні, напрыклад, ад беларускамоўнай меншасці ў Беларусі. Такая сітуацыя дазволіла ірландцам надаць некалькім каўнці на захадзе краіны асаблівы моўны статус. У Гаэлтахце (менавіта такую афіцыйную назву маюць гэтыя тэрыторыі) цэнтральная ўлада фінансуе цалкам ірландскамоўныя школы, дзейнасць вышэйшых навучальных устаноў.
Як і па ўсёй краіне, абавязковым з’яўляецца вывучэнне ірландскай ў школе, а дзяржаўныя служачыя павінны абавязкова валодаць мовай.
Чытайце па тэме: Баскі. Да волі праз адраджэнне мовы
Але насельніцтва Гаэлтахта складае менш за 100 тыс (2% ад жыхароў Ірландыі). Колькасць ірландскамоўных і тут увесь час скарачаецца. У астатняй частцы краіны ў большасці сваёй не ведаюць ірландскую. У гэтым пераканаўся вядомы аўтар дакументальных фільмаў з тэлеканала TG4, які стварае кантэнт выключна на роднай мове з 1996 года. Артыкул дакументаліста пра тое, як ён аб’ехаў амаль усю краіну, намагаючыся размаўляць толькі на ірландскай, быў апублікаваны нават брытанскай The Guardian. Некалькі разоў журналіст сутыкнуўся нават з агрэсіяй з боку супрацоўнікаў сферы паслуг, але ў большасці выпадкаў яго банальна не разумелі: «Мяне бянтэжыў той момант, калі на тварах з’яўляліся страх і расчараванне. Яны проста спрабавалі перажыць свой працоўны дзень, а не спрачацца з непахісным салдатам ірландскага «Талібана.»
Ішаземныя СМІ і кіно змяняюць нацыянальную самасвядомасць
Магчыма, ірландцы згубілі шмат часу, не пралічылі велізарны ўплыў на розумы грамадзянаў брытанскага медыя-прадукта, што было дадатковым выклікам у 20 стагоддзі. Прэса, тэлебачанне, кіно, музыка не толькі выконваюць забаўляльную функцыю, але і закладаюць наратывы ў грамадскую свядомасць. Таму нават 10 год вывучэння ірландскай мовы не даюць гарантыі, што жыхар выспы яе зразумее. Бо яму гэта ніколі не трэба ў жыцці. Калі перспектыву ўздзеяння на супольную свядомасць іншаземных СМІ і творцаў часам цяжка вызначыць, дык фінансавыя страты могуць быць даволі дакладна падлічаныя.
З англамоўным ўплывам на рынак медыя, рэкламу, спорт, кіно не першы год змагаецца Францыя, краіна, дзе няма ніякіх праблемаў з французкай мовай. Але дзяржава эканамічна падтрымлівае СМІ, кіно, музыку, спорт, уводзіць неабходныя абмежаванні. Такім чынам, французскія творцы зарабляюць больш, рынкі атрымліваюць дадатковыя стымулы, грошы ад індустрыі не пакідаюць тэрыторыію Францыі. А французы захоўваюць сваю ўнікальную самасвядомосць.
Ірландская саступае нават валійскай
У Ірландыі да разумення неабходнасці працы з моўным асяроддзем прыйшлі толькі на мяжы 21 ст. Да гэтага часу фактычна лічылася, што для паспяховага развіцця краіны дастаткова праводзіць пісьменную фінансава-эканамічную палітыку, а мова на імкненне да дабрабыту асаблівага ўплыву не мае. І ў выніку выявілася што, напрыклад, ва Уэльсе, на тэрыторыі Вялікай Брытаніі, у 2011 годзе колькасць валійскіх школ 25%, а ў незалежнай Ірландыі ірландскі — толькі 5%.
Валійцы не маючы дзяржавы, дзякуючы супрацоўніцтву грамадскай супольнасці з мясцовымі ўладамі, дамагліся даволі істотных поспехаў. Амаль 30% жыхароў Уэльса заяўляюць, што стала альбо час ад часу размаўляюць на валійскай. Па меркаванні экспертаў Валійскай Рады па моўным супрацоўніцтве, менавіта рост зацікаўленасці мовай сярод бацькоў стаў прычынай меншай міграцыі. Бацькі схільныя звязваць будучыню сваіх дзяцей менавіта з Уэльсам. Па статыстыцы рады, на сённяшні момант валійцы менш схільныя да міграцыі ў буйныя ангельскія гарады, чым ірландцы. Валійцы лічаць, што толькі дзякуючы спрыянню роста моўнай самасвядомасці ў іх атрымалася спыніць масавы ад’езд насельніцтва з былых індустрыяльных раёнаў.
Ірландцам, напэўна, няварта спадзявацца на брытанскі акт аб мовах меншасцяў у Паўночнай Ірландыі. Бо, у адрозненні ад Уэльса, яшчэ непрыняты закон ужо выклікае супрацьдзеянне з боку лаялістаў. Адзін з лідараў прабрытанскай партыі ў Паўночнай Ірландыі адзначыў: «Дзеля выкананная новых моўных правілаў бізнесменам спатрэбіцца наймаць перакладчыкаў. Гэта марная трата грошай і палітычны інструмент праірландскіх дэпутатаў.»
Малаверагодна, што пры такім стаўленні да ірландскай мовы, новая хваля яе адраджэння пачнецца з Ольстэра.
Ірландцам варта тэрмінова паставіць за мэту неабходнасць эвалюцыі да панавання іх мовы на выспе у перспектыве некалькіх дзясяцігоддзяў. Для гэтага патрэбна і палітычная воля, і актыўны ўдзел грамадскай супольнасці ў працэсах. Толькі школьных праграмаў і некалькіх тэлеканалаў, планаў па павялічэнні ўзроўню валодання ірландскай — ужо хіба недастаткова. Інакш ірландскую мову чакае лёс беларускай — без падтрымкі з боку адміністратыўный сістэмы, пры адсутнасці паўнавартаснай вышэйшай адукацыі, без распаланаванай стратэгіі з боку грамадскай супольнасці ідзе працэс канчатковага выціскання з пачатковай і сярэдняй адукацыі, публічнага ўжытку.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org