Даўным-даўно, яшчэ ў старасвецкія часы, калі не было гаргарыны ля Траецкага, а пры паступленні на філфак быў які-ніякі конкурс, часцяком у лабірынтах былой партыйнай школы можна было спаткаць лакальны мем. Зваўся ён “Багатая беларуская мова”. Гэтыя словы трэба было казаць з выразным прыдыханнем і шырачэзным аканнем тады, калі рэдкі філфакавец купляў у буфеце “гарбату з цытрынаю і букатку з разынкамі”, ці калі нярэдкая філфакаўка на экзамене па гісторыі Беларусі адказвала, што “рашаючая бітва адбылася ля нейкай дзярэўні на букву “сэ””, ці калі адзін выкладчык выпраўляў у курсавой “расказаць” на “распавесці”, а другі мармытаў: “Дзевачкі, падажджыце тут нямножка, адну мінутачку” . Прыхільнікі правых ідэй у пытаннях мовы тады давалі волю праведнаму гневу (кароткі змест: хай-бы-ўжо-зусім-не-размаўлялі-на-крывіцкай-мове-чымся-так-яе-паганіць), левыя сыны і дочкі народа Белай Русі наагул глядзелі толькі ў корань і сэнс выказвання, а цэнтрысты па-змоўніцку перазіраліся адно з адным і глыбакадумна, з інтанацыяй Зінаіды Бандарэнкі, прамаўлялі: “Багатая беларуская мова”.
Кожны кэп ведае, што мову называюць багатай, калі ў ёй багата слоў, а адну і тую ж з’яву можна акрэсліць сінонімамі, высокачастотныя нюансы адрозненняў паміж якімі чуе толькі дэльфін або кажан. Багатая – гэта калі які-колечы капрыз моўнага пестуна можа быць выкананы: не хочаш балота – на табе багну, дрыгву, алёс або якую іншую твань. Натуральна, за збіральніцтва і ахову ўсіх гэдакіх варыянтаў і падварыянтаў адказваюць слоўнікі і іх укладальнікі. І сапраўды, слова – папера, а пісьмо – грунт, кажа Зміцер Санько. “Што напісана пяром, таго не вырубіш тапаром”, – адгукаецца Кандрат Атраховіч aka Krapiva. Багаты не можа кінуць грошык, нават калі ён з гною дастаты або вываліўся з суседавай каліты, так што нават варожы “тапор” мае заняць пачэснае месца пры камлі.
Ласы на чужыя лексічныя запасы Луганскі Казак дацкага паходжання Уладзімір Даль запхнуў у свой слоўнік усё, што кепска ляжала на ўзбочынах імперыі, – тут вам і брама, будаваць, ганіць, боты, блакітны, гаспадар, гарбуз, драбіна і г.д. А які рускі не любіць слоўнік Даля? Там жа ўсё “сваё, радное”. Наўрад які-небудзь грамадзянін РФ раптам пачне заклікаць пазбавіцца гэтых слоў, бо яны – чужынскія, бульбашоўскія ці бандэраўскія. Не, не вярзіце лухты, яны – рускія, любы пацвердзіць, у Даля ёсць – значыцца, рускае слова. А ўжо адкуль яно там узялося – каму гэта важна?
Беднякі наракаюць, што мова не мае нічога свайго, гэта штучная сумесь рускіх, польскіх і нямецкіх слоў, ну яшчэ для верша пра прыроду згадзіцца. Карацей, няма ў ёй рэсурсаў, каб абслугоўваць інтэлектуальныя запатрабаванні мільёнаў нобеляў у розных сферах народнай гаспадаркі РБ, якія і карыстаюцца расійскай мовай, бо яна якраз вельмі багатая і толькі на ёй яны могуць выразіць “нешта вялікае”, вартае іх выбітнай парсуны.
Але і моўныя багатыры не спяць і посцяць у сеціве душпастарскія карцінкі і допісы, якія выкрываюць слабасць, збяднеласць або неславянскасць расейшчыны (“няўгодная” мова зазвычай адна) ды славяць сілу й заможнасць беларушчыны. Два галоўныя спосабы прынізіць мову апанента:
1) Выбраць словы з накалькіх славянскіх моў, якія б міжсобку былі падобныя, аднакаранёвыя ўва ўсіх мовах, акрамя мовы-ахвяры. Падабраць 4-5 такіх радоў. Зляпіць дэматыватар з подпісам: “Ну і хто тут сапраўдныя славяне?”, “Хто чужы на нашым свяце?” або нешта пра слабае звяно.
2) Самастойна або ў супрацоўніцтве з гугл-транслэйтам скласці спіс беларускіх сінонімаў, якім адпавядае адно слова з другой мовы (часта складальнік проста не ведае іншага). Варыянты подпісу: “Мова – наш скарб”, “Мова – наша спадчына” або выкарыстаная з сарказмам фраза апанентаў пра беднасць і неразвітасць.
На першы погляд, цяжка не пагадзіцца з багатырамі моўнай нівы, але пры жаданні можна іх саміх абсмяяць, апаганіць і аналагічным мячом зваяваць.
Карацей кажучы, міністэрства моўнага здароўя папярэджвае: меранне спрадвечнай і запазычанай лексікай на марозе можа скончыцца поўным расчараваннем і разладам моўнай карціны свету. І каб вярнуцца назад у сваю баразну, разору, каляіну, талерку, спатрэбяцца працяглыя кансультацыі – платныя як для бедных, так і для багатых.
Уладзь Лянкевіч і Алена Пятровіч
– Любыя супадзенні з рэальнымі сітуацыямі ёсць выключна плёнам хворай фантазіі чытача.