Моўны вентылятар: напісанае застаецца

Аз, букі, ведзі, глаголь

Многім з нас у школе расказвалі, што продка сённяшняга беларускага алфавіта – кірылічную славянскую азбуку – прыдумалі святыя Кірыл і Мяфодзій. Але большасць сучасных навукоўцаў даўно трымаецца іншага меркавання. Браты прыдумалі глаголіцу – больш раннюю і зусім іншую азбуку, а вось ужо іх вучні, працягнуўшы справу настаўнікаў, вынайшлі кірыліцу, якая па сутнасці ёсць апгрэйджаным грэцкім алфавітам.

Да нашых земляў усе гэтыя паўднёваславянскія спрэчкі ў стылі якое-пісьмо-больш-выразна-адлюстроўвае-адметнасці-сапраўднае-славянскае-мовы амаль не дайшлі, толькі адзінкавыя глагалічныя рукапісы ды пару кірылічных манускрыптаў, якія нанесены паверх саскрэбенай глаголіцы. Але пры іншым збегу акалічнасцяў нашы кнігі цяпер выглядалі б іначай, а над галоўным праспектам на расцяжках замест “Квітней, Беларусь!” лунала б:

 

В памножыць на В роўна Д

Літары старажытных славянскіх алфавітаў, глаголіцы і кірыліцы, акрамя гукаў, абазначалі лічбы. У гэтым стваральнікі нашых першых азбук пайшлі следам за грэцкай традыцыяй. Пры гэтым адпаведнасці літар лічбам у кірыліцы і глаголіцы не заўсёды супадалі, таму пры перапісцы глагалічных тэкстаў кірылічным пісьмом досыць часта з’яўляліся памылкі ў датах і падліках. Але пазней, калі кірыліца перамагла, надышла эпоха алфавітнай стабільнасці, і нашы летапісцы спакойна вяшчалі: у року ҂АУІ Вялікі князь Вітаўт з літвінамі ды татарамі разбіў ордэн.

Зрэшты, і цяпер можна выкарыстоўваць гэтую традыцыю, напрыклад, з мэтай схаваць ад старонніх вачэй свае прыбыткі ці час таемнага спаткання.

Сустрэнемся ӨІ.ВІ на плошчы у НІ:ЛЕ, вазьмі з сабой Ц тысяч. 

 

А пісар земскі арабскімі літарамі пісаці мае

Татары, якія дапамаглі Вітаўту перамагчы крыжакоў і радасна засталіся жыць у ВКЛ, у ХVII–ХІХ стст. спрычыніліся да адной з галоўных місій беларусаў – захавання жывой народнай беларускай мовы – і рабілі яны гэта надзвычай элегантна: з дапамогай арабскай вязі.

Беларускамоўныя рукапісныя тэксты складаліся ў кітабы, што ў перакладзе з арабскай значыць “кнігі”. Кітабы ствараліся арабскім пісьмом, адпаведна, як і ўсе арабскія кнігі, пісаліся справа налева. У тэкстах кітабаў тлумачыўся Каран, апісваліся рытуалы і асноўныя мусульманскія абавязкі, змяшчаліся легенды, усходнія казкі і прыгодніцкія аповесці.

Беларускія татары былі адзіным у гісторыі народам, які літаральна ўспрыняў запавет настаўніка беларускай мовы: як чуецца – так і пішацца. Таму яны бясстрашна адлюстроўвалі славутыя цеканне з дзеканнем, ды розныя асіміляцыі, напрыклад, у арабскай графіцы выкарыстоўваліся асобныя літары для абазначэння парных гукаў с – сь, з – зь.

Транслітараваны ў кірыліцу тэкст кітаба ХVIІI ст. рачэ: Потым йешчэ варота адчынілісе… там відзеў адзін полк жанок… – Што гэтыйе на сьвеце чынілі? Ангел рэк: Малако свайе прэдавалі. У йіх усіх свае дзеці былі, свае пакінуўшы, чужыйе мамчылі.

 

Лацінку можаш не любіць, а разбірацца абавязан

Арабская вязь для беларускай мовы сёння не такая актуальная, хаця хто ведае, можа, гадоў праз сто вынаходніцтва нашых татараў спатрэбіцца як ніколі, а вось традыцыя запісваць беларускія словы лацінскімі літарамі ўжо сёння вяртаецца цягнікамі метро.

Як бы хто ні ставіўся да лацінкі, але тая мова, якую мы сёння называем сучаснай беларускай літаратурнай, зарадзілася і развілася ў ХІХ ст. менавіта разам з лацінскай абэцэдай, літары якой на белых аркушах паперы выводзілі шляхецкія ручкі. Усе Чачоты, Марцінкевічы, Каліноўскія ды Багушэвічы пісалі польскай лацінкай, гэта цяпер яны ў хрэстаматыях па белліце механічна перакінутыя на кірылічны бок барыкадаў.

Удасканаліць лацінку і зрабіць яе напраўду беларускай удалося ў пачатку ХХ ст. На ёй выходзілі газеты (тая ж Naša Niwa), друкаваліся кнігі, ды што там, нават Biełaruskaja hramatyka dla škoł – бестсэлер Тарашкевіча – выйшла паралельна двума шрыфтамі. У класічнай беларускай лацінцы ёсць літары для абазначэння адметных славянскіх гукаў як у чэшскай, славацкай ды польскай мовах (напрыклад, ž, č, ł), але ёсць і асаблівая літара для абазначэння легендарнага нескладовага Ŭ.

 

У любой незразумелай сітуацыі кажы “Ў”

Што было першым, Ŭ або Ў, цяпер цяжка меркаваць, але ў кожным разе “у нескладовае” –  унікальная літара беларускага кірылічнага алфавіта, якой няма ў кірыліцы іншых славянскіх моў. У 2003 годзе ў Полацку падчас Дня беларускай пісьменнасці літару ўшанавалі помнікам, які служыць таксама сонечным гадзіннікам.

Аднак слынную выключнасць“ў” трохі перабольшваюць, падобная літара ёсць у алфавітах неславянскіх моў: дунганскай (на якой гавораць нашчадкі кітайскамоўных мусульман хуэй, што ў ХІХ ст. перасяліліся на тэрыторыю сучасных Кыргызстана, Казахстана і Узбекістана), ніўхскай (то бок “чалавечай”, бо “ніўх” па-ніўхску = “чалавек”; гэтай мовай гаворыць частка жыхароў вострава Сахалін), у кірылічным варыянце ўзбекскай мовы (у лацінічным варыянце ёй адпавядае літара O‘: Ўзбек тили = O‘zbek tili = узбекская мова), а таксама ў алфавіце азіяцкіх эскімосаў.

Цікава, ці ёсць у эскімосаў свой вакальна-інструментальны ансамбль “Ў” і ці носіць тамтэйшая моладзь пад сваімі таўшчэзнымі футрамі трыкатажныя майкі ад мясцовай “Адлігі”.

 

Уладзь Лянкевіч і Алена Пятровіч