Калі на вуліцы раптам цяплее, спяваюць першыя птушкі, мы ўсе адразу разумеем: вясна блізка. Жартам адзначаю, што разумеюць гэта ўсе, апроч беларускіх музыкаў. Бо аднекуль узяліся новыя песні з зімовай і нават навагодняй тэматыкі напрыканцы лютага і ў першы дзень сакавіка. Пра іх мы і пагаворым у сённяшнім выпуску «Гітары Мулявіна».
Хай ідзе першы снег, я пад ім моўчкі лунаю
З такіх слоў пачынаецца песня «Зіма» ад Neviki. Трэк выйшаў клубна-танцавальны, ён нібы заклікае ўсіх ахвочых пайсці разгойдваць танцполы. З кожнай новай кампазіцыяй заўважна, як Віка больш і больш гуляецца з метафарамі ў пошуках новых сэнсаў. Вось і тут, хоць і спяваецца пра зіму, снягі і вечны лёд, аднак ёсць месца тэме кахання і таму, што ўсё, чаго дасягнула артыстка — гэта плён яе асабітсых высілкаў. Гэтая праца бачная і ў інструменталах, якія з кожным новым трэкам стаюць усё больш разнапланавымі. Тут, напрыклад, тыповы электронны біт месцамі сціхае, даючы шырокі прастор для вакалу, а потым зноў моцна ўступае, перакруціўшы агульную кампазіцыю на новы лад.
Пасля праслухоўвання трэка, застаецца толькі разам з Nevika чакаць, калі да нас прыйдзе сапраўдная вясна.
Спадзяюся, самая сэксуальная песня гэтай вясны
Менавіта такая думка прамільгнула ў мяне бліжэй да прыпеву песні «La Ciabie» ад спявачкі Žuravl. Летась я ўжо пісаў пра рэліз Насці Жураўлёвай з назвай «Шторм». Тады гэта было па-расейску і надта падобна па вайбе да гурта «Мы». Аднак новы трэк нечакана загучаў па-беларуску, і я быў рады таму, што пачуў. Пяшчотнасць, сэксуальнасць і спакуса змяшаліся ў гэтай кампазіцыі, як інь і янь, у выніку чаго маем яшчэ адну якасную песню па-беларуску.
Вакал часам нагадвае маладую Рэспубліку Паліну і ў некаторых месцах гучыць нібы напаўшэптам. Трэк можна было б смела выкарыстоўваць для серыялу, дзе галоўныя героі ва ўсю займаюцца каханнем. Ідэальны мэтч!
Ляціць зноў, ляціць зноў, let it snow
Гэта менавіта да нас ляціць новы кліп і адначасова пераспеў-адаптацыя знакамітай песні «Let It Snow». Па-беларуску ў Дзень роднай мовы мы пачулі «Ляціць зноў» ад Дзімы Нікановіча на верш Мікіты Найдзёнава з візуальнай прэзентацыяй у форме кліпа, дзе з’явіліся беларускія музыкі, мастакі і нават блогеры.
Пра што ж сама кампазіцыя? Песня прасякнута цеплынёй і ўтульнасцю, але разам з тым у ёй застаецца месца суму, хаця б у радках «О, гэты страчаны дом». Саму песню Дзіма апісвае так: «Чым далей ад дому, тым часцей усё рыфмуецца з радзімай. А мы працягваем жыць, несці ў сэрцы і свой страчаны дом, і сваю родную мову. Ёсць слаўнае беларускае слова «талака». Калі нешта робіцца гуртом і з добрым імпэтам. Менавіта так ствараўся гэты праект, за што шчыра дзякую ўсім удзельнікам. Спадзяюся, пазналі ўсіх таленавітых беларусаў на відэа».
Раю паглядзець кліп і абавязкова націснуць кнопку з падабайкай!
Хатні Томпсан, budzma.org