Выступленне амерыканскага спевака з Сіэтла (штат Вашынгтон) Джошуа Ланца выклікала фурор на фестывалі бардаўскай песні памяці нашага земляка Юрыя Дзмітрука, што адбыўся на возеры Гаць 21–23 жніўня.
Госцю з далёкай Амерыкі ў адступленне ад рэгламенту, які дазваляў паказаць гледачам адзін твор, далі магчымасць выканаць пад гітару песню Уладзіміра Высоцкага “Скалалазка”, паказаць амерыканскі твор пад губны гармонік і прачытаць верш Аляксандра Пушкіна. Джошуа рабіў гэта так эмацыянальна, хоць і з добрым ангельскім акцэнтам, што гледачы не хацелі адпускаць яго са сцэны. Па словах хлопца, у Беларусі ён ужо другі раз па запрашэнні сяброў. Першы раз наведаў нашу краіну летась.
Джошуа Ланц з ЗША прыняў удзел у бардаўскім фестывалі.
– Я люблю тут, – сказаў ён, трошкі блытаючы словы. – Для мяне Беларусь як другая радзіма.
Ірына, сястра Юрыя Дзмітрука, адкрыла мерапрыемства.
Увогуле фестываль бардаўскай песні ў памяць Юрыя Дзмітрука, турыста, альпініста і барда, трагічна загінуўшага ў 2004 годзе, прайшоў, як заўсёды, на высокім узроўні. Праўда, з-за яго пераносу з ліпеня на жнівень у сувязі з забаронай на наведванне лясоў людзей сабралося трошкі менш, чым звычайна (фестываль праводзіўся ў сёмы раз).
Толькі ў сераду, 19 жніўня, стала вядома, што правядзенне мерапрыемства ўсё ж такі дазволена. І 50 бардаў ды выканаўцаў з Баранавіч, Мінска, Пінска, Драгічына, Ляхавіч, Кобрына, іншых гарадоў Беларусі, а таксама з Украіны і Расіі, многія з сем’ямі, у лесе на беразе возера паставілі свае палаткі.
Конкурсны адбор удзельнікаў мерапрыемства.
Шмат было і гледачоў, многія з якіх сабраліся менавіта на канцэрт. Усе, хто размясціўся ў лесе, далі падпіску арганізатарам, што будуць асцярожна абыходзіцца з агнём, бо без вогнішчаў фестываль не фестываль. Песні і вершы гучалі ў гэты вечар самыя розныя – і на турыстычную тэму, і пра каханне, і пра вайну. У праграме фестывалю былі і спартыўныя спаборніцтвы – начное арыентаванне, тэхніка пешаходнага і воднага турызму.
У праграме фестывалю былі і спартыўныя спаборніцтвы – начное арыентаванне, тэхніка пешаходнага і воднага турызму.
Па словах Сяргея Конана, аднаго з арганізатараў, прыемна тое, што на фестываль з’язджаецца і ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах усё больш моладзі, у тым ліку і былыя вучні Юрыя Дзмітрука.
Выступаюць баранавіцкія аўтары – Галіна Ліс і Сяргей Карповіч.
Пераможцы конкурсаў песні і паэзіі атрымалі дыпломы, буклеты з сюжэтамі сёлетняга фестывалю і традыцыйныя пацеркі з абаранкаў на шыю, як напамін, што фестываль адбываецца на баранавіцкай зямлі. Удзельнікі імпрэзы развіталіся з надзеяй, што праз год сустрэнуцца тут зноў.
Спявае Наталля Галабурда з Драгічына.
Фестываль сабраў шмат гледачоў
Выступ Джошуа Ланца выклікаў фурор.
Аляксей Белы, intex-press.by