На месцы Мінскага замчышча з’явіцца памятны знак

На Нямізе паставяць памятны знак на месцы Мінскага замчышча. Пра гэта 13 жніўня паведаміў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Pamiatny znak na miescy Minskaha zamčyšča

«Горад атрымае новы цікавы аб’ект, які стане напамінам пра багатую гісторыю Мінска і яго старажытныя карані — памятны знак пра найстаражытнейшае ўмацаванне і храм», — падзяліўся Вадзім Лакіза.


Акрамя таго, да свята горада ў верасні Інстытут гісторыі НАН збіраецца выдаць кнігу пра Мінскае замчышча. У ёй будуць сабраныя ўнікальныя даследаванні, дакументы і адкрыцці, прысвечаныя сталіцы Беларусі.

Што тычыцца аднаўлення гістарычнага раёна, размешчанага каля Палаца спорту і ўздоўж вуліцы Нямігі, то цяпер яго рэканструкцыя не плануецца.

«Адзін з кірункаў працы археолагаў — выратавальныя (ахоўныя) даследаванні. Яны праводзяцца Інстытутам гісторыі НАН сумесна з нашымі калегамі з ВНУ. Краіна развіваецца, выконваюцца земляныя, будаўнічыя, меліярацыйныя работы. І наша задача ў рамках дзейнага заканадаўства — распрацоўка і выкананне мер па ахове археалагічнай спадчыны. Мы ажыццяўляем археалагічную экспертызу і здабываем старажытныя артэфакты з культурных слаёў, асабліва ў тых выпадках, калі спыніць будаўніцтва немагчыма», — паведаміў Вадзім Лакіза.