Навукоўцы знайшлі пахаванне на самых старажытных могілках у Беларусі

Археалагічны сезон для беларускіх навукоўцаў працягваецца нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я. Як ідуць раскопкі пасярод возера? Піша sputnik.by.

Znojdzieny na raskopkach zub čalavieka
Знойдзены на раскопках зуб чалавека. Фота: з асабістага архіва Аляксандра Вашанава

У ходзе комплекснага даследавання археалагічных помнікаў на востраве на возеры Сялява беларускія вучоныя пачалі раскопкі на гарадзішчы ранняга жалезнага веку.

У папярэднія гады на тэрыторыі гарадзішча археолагі знаходзілі старажытныя пахаванні, у тым ліку, і самае старажытнае на беларускай тэрыторыі, якое адносіцца да эпохі мезаліту.

На гарадзішчы было выяўлена і пахаванне позняга неаліту, якое адносіцца да культуры шнуравай керамікі, а таксама пахаванне днепрадзвінскай культуры ранняга жалезнага веку. Летась пасля дадатковых пошукаў сукупнасць знаходак з дадзенага аб’екта і дазволіла гісторыкам гаварыць аб тым, што гэтыя самыя старажытныя могілкі на беларускай тэрыторыі.

Старажытнае пахаванне

«Для таго, каб удакладніць стратыграфію аб’екта, заляганне аб’ектаў па пластах, прасачыць наяўнасць матэрыялаў каменнага веку быў закладзены раскоп на гарадзішчы ў зоне, якая яшчэ не даследавалася», — распавёў навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Вашанаў.


Aliaksandr VašanaŭНавуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Вашанаў, архіўнае фота . Архіўнае фота.© Sputnik / Віктар Талочка

Паводле яго слоў, на ўзроўні чацвёртага пласта былі знойдзены часткі шкілета, у прыватнасці, былі выяўлены асобныя фрагменты чэрапа, ніжняй сківіцы, зуб, частка трубчастай косці, фаланга пальца.

Археолаг звярнуў увагу, што пакуль нельга дакладна казаць аб тым, разбуранае гэтае пахаванне або пераадкладзеныя астанкі з іншых пластоў.

Аналіз ДНК

«Пакуль не выяўлены матэрыялы, якія спадарожнічаюць пахаванню. Знойдзены кераміка, металічныя вырабы, у прыватнасці, посахападобная шпілька, прасліцы», — расказаў ён.

Аляксандр Вашанаў удакладніў, што датаваць знойдзенае пахаванне пакуль нельга, але знойдзеныя фрагменты шкілета дазваляюць правесці аналіз на ДНК.

Znojdzieny na raskopkach zub čalaviekaЗнойдзены на раскопках зуб чалавека. Фота: з асабістага архіва Аляксандра Вашанава

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што на гарадзішчы былі знойдзены пахаванні ад эпохі мезаліту аж да ранняга Сярэднявечча. Таму датаванне дапаможа зрабіць знойдзены зуб, з якога можна атрымаць ДНК.