Мінскі краязнавец расказаў, якім было Замчышча і чаму знікла з карты сталіцы

Калісьці там быў перанаселены яўрэйскі раён, які размясціўся на месцы летапіснага горада. Яго задумвалі знішчыць яшчэ да вайны — і гэтай задуме шмат у чым дапамаглі нямецкія акупанты.

Novamiasnickaja vulica
Новамясніцкая вуліца, якая агінала з поўдня колішнія валы Замчышча. Сёння пра яе нічога не нагадвае. Фота: Wikimedia Commons

На фота зверху вы бачыце Новамясніцкую вуліцу, якая агінала з поўдня колішнія валы Замчышча. Такім быў Мінск сто гадоў таму. Сёння на тым месцы гарадская прастора выглядае зусім інакш.

Пра развіццё і гібель Замчышча расказаў краязнавец Павел Растоўцаў у сваёй лекцыі «Мінскае замчышча на фотаздымках і малюнках», выступаючы ў Мінскай гарадской ратушы. Тэкст паводле відэа запісала «Наша Ніва».

Непрыкметны цэнтр

Адной з першых графічных крыніц па гісторыі Замчышча служыць план 1773 года, які тычыўся зямельных спраў Менска. На ім асобна была паказаная сітуацыя на Замчышчы, а ў тэксце — інфармацыя пра гаспадароў пляцаў на ім. Свіслач дакладна захавала свой выгін, і мост ад вуліцы Няміга да Траецкага прадмесця стаіць у тым самым месцы, і Петрапаўлаўская царква, пазначаная крыжыкам, захавалася, толькі Замчышча цяпер няма і знаку.

Zamčyšča na rasijskim planie 1793 hoda
Замчышча на расійскім плане 1793 года. Скрыншот відэа

Першы дакладны тапаграфічны план стварылі расійскія вайсковыя тапографы пасля таго, як у 1793 годзе адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. На ім паказаныя цалкам увесь горад і межы Замчышча напрыканцы XVIII стагоддзя. Яшчэ адзін дакладны план горада, які таксама можна лічыць праектным, быў складзены ў 1809 годзе.

Plan Minskaha zamčyšča 1809 hoda
План Мінскага замчышча 1809 года. Скрыншот відэа

На гэтым плане 1809 года вельмі дакладна паказаная мураваныя забудова і храмы Траецкага прадмесця і Верхняга горада, але Замчышча на ім абазначана схематычна — гэта значыць, што ў той час ніякіх значных для горада пабудоў там ужо не было.

Plany Minskaha zamčyšča 1833 i 1840 hadoŭ
Планы Мінскага замчышча 1833 і 1840 гадоў. Скрыншот відэа


Планы 1833 і 1840 (у 1866 годзе была праведзена яго рэкагнасцыроўка), якія захоўваюцца ў Расійскім ваенна-гістарычным архіве, паказваюць, што горад пашыраўся і Замчышча пачало абрастаць забудовай. Калі на ранейшых планах Замкавая вуліца сканчвалася тупіком, упіраючыся ў валы, то на гэтых планах яна ўжо выходзіць за яго, а Замчышча пачынае набываць той від, які вядомы нам з пачатку XX стагоддзя. На плане пазначаны асобныя пабудовы і бачна, што нават у сярэдзіне XIX стагоддзя мураваных пабудоў на Замчышчы амаль не было, яно амаль цалкам было забудавана драўлянымі дамкамі.

Напрыканцы XIX стагоддзя, у 1883 годзе, у Мінску адбыўся вельмі вялікі пажар, які цалкам знішчыў забудову Замчышча і значнай часткі таго, што потым было Нямігай. Пасля яго замчышча было забудавана мураванымі будынкамі.

«Калі мы будзем глядзець на фотаздымкі, убачым, што там фронт забудовы, будынак да будынка, вельмі шчыльна пастаўлены. Здаецца, што гэта гістарычная забудова, але трэба мець на ўвазе, што асноўная частка тых будынкаў была пабудавана менавіта ў 1880–1890 гады», — кажа Растоўцаў.

На планах 1911 і 1930 гадоў бачна, што горадабудаўнічая сітуацыя вакол Замчышча ўжо цалкам склалася, яно перастала быць замкнутай прасторай і было інтэгравана ў горадабудаўнічае асяроддзе: праз яго можна было наўпрост праехаць з поўдня на поўнач і з усходу на захад.

Raka Svislač
«Рака Свіслач (пры вусці Нямігі каля старажытнага замка)». Фотаздымак з альбома «Виды города Минска». Фота: Wikimedia Commons

Першыя фотаздымкі Замчышча былі апублікаваныя ў першай частцы альбома «Виды города Минска», выдадзенага ў 1904 годзе ў Мінску (другая частка, відаць, так і не пабачыла свет). На іх паказаныя Свіслач каля старога замка, усходні схіл Замчышча, які спускаецца да ракі, і некалькі драўляных дамкоў на яго ўскрайку. Частка Замчышча, якая прылягала да ракі, трапляла таксама на паштоўкі з відамі Мінска.

Miesca, dzie znachodziŭsia staražytny zamak, akružany rekami Svislačču i Niamihaj
«Месца, дзе знаходзіўся старажытны замак, акружаны рэкамі Свіслаччу і Нямігай». Фотаздымак з альбома «Виды города Минска». Фота: Wikimedia Commons

Самым цікавым будынкам на Замчышчы ў той час быў будынак гродскага суда — ледзь не адзінае мураванае збудаванне тут у сярэдзіне XIX стагоддзя. Лічыцца, што ў ім знаходзіўся архіў Літоўскага трыбунала, бо Мінск быў адным з гарадоў, дзе ён праводзіў свае пасяджэнні. Растоўцаў тлумачыць, што меркаванне быццам бы ў будынку праводзіліся пасяджэнні Трыбунала, хутчэй за ўсё, памылковае, бо ён быў вельмі маленькім для такога выкарыстання.

Budynak hrodskaha suda na Zamčyščy
Будынак гродскага суда на Замчышчы. Фота: Wikimedia Commons

У час Першай сусветнай вайны і польскай акупацыі ў Мінску дзейнічала таварыства аматараў польскай спадчыны, якое збірала розныя рэчы, кнігі, малюнкі і рабіла іх фотафіксацыю. Іх увагу прыцягваў таксама і гэты будынак гродскага суда. Пры адступленні польскіх войскаў гэтыя матэрыялы былі перавезены ў Варшаву, дзе захоўваюцца дагэтуль у фондах Нацыянальнага музея. Як лічыць Растоўцаў, там можна адшукаць матэрыялы, якія б тычыліся гісторыі Мінска і Замчышча пачатку XX стагоддзя.

Abryŭ Zamkavaj hary i prybiarežnaja hreblia na pravym bierazie raki Svislač
«Абрыў Замкавай гары і прыбярэжная грэбля на правым беразе ракі Свіслач». Малюнак Язэпа Драздовіча. Фота: Wikimedia Commons

Мінскае Замчышча прываблівала мастакоў і, перш за ўсё, фатографаў. Некалькі фотаздымкаў зрабіў Леў Дашкевіч, які ладзіў вандроўкі з мастаком Язэпам Драздовічам па Мінску. Сам Драздовіч зрабіў шэраг малюнкаў Замчышча: «Абрыў Замкавай гары і прыбярэжная грэбля на правым беразе ракі Свіслач», «Дом былога судзілішча Менскага замка», «Рака Свіслач ля Замкавай гары», «Крушні дамоў Маньковіча на Замкавым узгорку», а таксама непадпісаны малюнак драўлянага замка, на якім, відаць, быў адлюстраваны Мінскі замак такім, якім яго ўяўляў мастак.

Minsk. Kalia Jubiliejnaj ploščy
«Мінск. Каля Юбілейнай плошчы». Пастэль Мікалая Дучыца, 1931. Насамрэч на малюнку адлюстраваная Падзамкавая вуліца

У 1920-я гады малюнкі Замчышча рабіў і знакаміты мастак Меер Аксельрод. Незадоўга да смерці ён стварыў у 1968 годзе цэлую серыю твораў «Успамін аб Мінску». У 1930-я маляваў забудову Замчышча і беларускі мастак Мікалай Дучыц.

Міжваенны жупел

У міжваенны час Замчышча было прыкладам для савецкай прапаганды таго Мінска, які адыходзіць у нябыт. Гэта было гандлёвае прадмесце, дзе ў перанаселеных умовах жыло яўрэйскае насельніцтва, забудова была вельмі шчыльная, але там не было амаль ніякіх умоў добраўпарадкавання: туды не праводзілі ні водаправод, ні каналізацыю.

Savieckaja prapahandysckaja publikacyja 1920-ch hadoŭ
«Так выглядаў Менск у мінулым». Савецкая прапагандысцкая публікацыя 1920-х гадоў. Скрыншот відэа

Мінск вельмі моцна залівала. Нягледзячы на тое, што Замчышча быццам знаходзілася на высокім месцы, будынкі вакол яго таксама падтапляла. Частка будынкаў каля Замчышча проста абвалілася яшчэ да пачатку вайны.

«У іх не было гідраізаляцыі, дрэнажных сістэм, не было нічога, і фундаменты вельмі хутка станавіліся непрыдатнымі. Абвальванне дамоў было даволі тыповай з’явай. Ёсць нават дакумент па аварыйным стане дамоў цэнтра Мінска па стане на 1930-я гады — там шмат менавіта адрасоў Мінскага замчышча. У дамах былі шчыліны, праз якія можна працягнуць руку на вуліцу», — расказвае Растоўцаў.

Разбурэнне гета

Апошнія аэрафотаздымкі, на якіх Замчышча яшчэ цэлае, датуюцца 23–24 чэрвеня 1941 года. Немцы амаль кожны дзень фатаграфавалі беларускія гарады на пачатку вайны, таму Мінск даволі добра задакументаваны. На адным з найлепшых здымкаў Замчышча, зробленых пазней, бачна, што пацярпела ўсходняя частка, а ад будынка гродскага суда застаўся толькі першы мураваны паверх. Але астатняе Замчышча, якое не пацярпела, было цалкам уключаны ў межы яўрэйскага гета.

Adzin z najliepšych niamieckich aerafotazdymkaŭ Zamčyšča, zroblieny ŭ lipieni 1941 hoda
Адзін з найлепшых нямецкіх аэрафотаздымкаў Замчышча, зроблены ў ліпені 1941 года. Фота: Wikimedia Commons

Перыядычна на інтэрнэт-аўкцыёнах з’яўляюцца здымкі Мінска, якія даследчыкі не заўсёды могуць набыць. Сярод такіх былі і рэдкія нямецкія фотаздымкі 1941 года ўнутры гета, ад якіх засталіся толькі няякасныя мініяцюры. У аб’ектыў нямецкай фотакамеры трапілі Замкавая, Падзамкавая, Мясніцкая вуліцы і яшчэ сцэнкі з яўрэйскіх дворыкаў.

«Яны найбольш каштоўныя, таму што паказваюць яўрэйскае насельніцтва гэтага раёна, ягоны штодзённы побыт. Папраўдзе кажучы, мы не вельмі добра разумеем, як тады жылося, які быў побыт», — гаворыць краязнавец.

Panarama Staroha horada, zroblienaja 10 vierasnia 1941 hoda
Панарама Старога горада, зробленая 10 верасня 1941 года. На заднім плане добра відаць забудову Замчышча. Фота: Радыё Свабода

За год сітуацыя карэнным чынам змянілася, на аэрафотаздымках 1942 года значная частка дамоў Мінскага замчышча была ўжо без дахаў.

«Што адбылося дакладна, на сённяшні момант сказаць цяжка. Ёсць дзве асноўныя версіі. Альбо гэта вынік пагромаў, якія адбыліся на тэрыторыі гета напрыканцы 1941 і на пачатку 1942 года (а мы ведаем чатыры вялікія пагромы ў гэты час). Альбо ўжо пачыналіся налёты савецкай авіацыі на Мінск. За ракой, дзе былая другая бальніца, быў шпіталь СС — гэта была цэль, куды імкнуліся трапіць бомбамі савецкія самалёты, але часцяком яны проста падалі на мірныя раёны. Знайсці пацвярджэнні альбо абвяржэнні гэтых здагадак пакуль што не ўдаецца», — тлумачыць Растоўцаў.


Zamčyšča
Здымак, зроблены немцам з пасажырскага сядзення аўтамабіля ў гета на тэрыторыі Замчышча. 1941 год. Фота: Радыё Свабода

У 1944 годзе разбураныя будынкі на Замчышчы былі разабраныя і, хутчэй за ўсё, іхнюю цэглу выкарысталі для нейкіх гаспадарчых пабудоў. Рэшткі гродскага суда перажылі вайну, але яго не сталі аднаўляць.

Генплан 1946 года прадугледжваў амаль цалкам знос гэтага раёна, але праз недахоп жыллёвага фонду некаторыя дамкі былі пакінуты і прастаялі да канца 1950-х — сярэдзіны 1960-х гадоў.

Niamiecki aerafotazdymak razburanaha Zamčyšča, zroblieny 2 vierasnia 1942 hoda
Нямецкі аэрафотаздымак разбуранага Замчышча, зроблены 2 верасня 1942 года. Фота: Wikimedia Commons

«Цікава, што ў 1936 годзе прымаўся генеральны план рэканструкцыі Мінска, па якім Замчышча павінна было быць знішчана. Бліжэй да ракі планаваўся прагулачны бульвар, а праз усё Замчышча павінна была прайсці магістраль. Паркавая магістраль была рэалізавана пасля вайны. У вайну нейкім дзіўным чынам адбылося тое, што было запланавана ў мірны час — Замчышча, часткова рукамі нямецкіх захопнікаў, было знішчана», — распавядае Растоўцаў.

Апошнія сведкі Замчышча

Важнай крыніцай па вывучэнні Замчышча з’яўляюцца фотаздымкі Яўхіма Ліўшыца, які працаваў у 1950-я ў «Белдзяржпраекце». Ён засняў рэшткі Мінскага замчышча, фрагменты ацалелай забудовы Завальнай і Новамясніцкай вуліц.

Razburanaje Zamčyšča z archikafiedraĺnaha kasciola
Разбуранае Замчышча з архікафедральнага касцёла. Фота: Wikimedia Commons

«Гэтымі дамкамі ўжо амаль ніхто не займаўся, яны знаходзіліся ў вельмі дрэнным стане і ў вельмі непрывабным асяроддзі: лужыны пасярод вуліцы, нейкая трава, яе нават ніхто не імкнуўся касіць. Цэнтр горада выглядаў як нейкая ўскраіна правінцыяльнага гарадка», — кажа краязнавец.

Novamiasnickaja vulica
Занядбаная Новамясніцкая вуліца, від у бок Ніжняга рынку. Фотаздымак, зроблены Яўхімам Ліўшыцам у канцы 1950-х гадоў

Тапаграфічная здымка 1959 года, якой карысталіся будаўнікі і архітэктары, паказвае Замчышча ўжо амаль без забудовы, але з пазначаным месцам археалагічных раскопак, якія праводзіліся тут у 1940–1950-я. На плошчы 8 Сакавіка з’явіўся скверык і гандлёвыя павільёны, дзесьці ішлі археалагічныя раскопкі, дзесьці — былі пракапаныя траншэі, дзесьці — працягвалі стаяць дамкі. Гэтая нядобраўпарадкаваная тэрыторыя яшчэ часткова захоўвала сетку гістарычных вуліц.

Skvier razbity na terytoryi zabudovy byloha Zamčyšča Сквер разбіты на тэрыторыі забудовы былога Замчышча, на заднім плане рэшткі забудовы Новамясніцкай, Завальнай і Замкавай вуліц. Фотаздымак сярэдзіны 1950-х гадоў

Але з будаўніцтвам у 1959 годзе пуцеправода цераз Нямігу раён быў канчаткова разбураны, Мінскае замчышча захавалася толькі як легенда.

«Яшчэ з сярэдзіны 1930-х гадоў Замчышча знаходзілася на трасе будучай вельмі важнай вуліцы, якую імкнуліся прабіць, і ўрэшце прабілі.

Аб захаванні Замчышча пасля таго, як скончылася першая частка археалагічных раскопак, больш ніхто ўжо не казаў, таму што планы горада гэтага не прадугледжвалі», — кажа даследчык.