Што за дзень Аксіння-паўхлебніца, як адзначыць Стрэчаньскія Дзяды, якія асаблівасці меў кожны дзень масленічнага тыдня? Распавядаем пра гэта ў матэрыяле пра народны каляндар на люты.
Культурныя адметнасці кожнага народа праяўляюцца ў розных сферах жыцця. Бадай, найбольш яскравыя іх праявы можна назіраць праз народны каляндар: тут і рытуальныя дзеянні, якія паказваюць асноўныя заняткі, і традыцыйная вопратка, і адметнасці кухні, і праявы грамадскіх і роднасных стасункаў... І ўсё гэта грунтуецца на каштоўнасцях і глыбіннай карціне свету таго ці іншага народа.
Народны каляндар беларусаў, багаты і цікавы — прымеркаваны да руху нябесных свяцілаў і цыклаў земляробчых работ, з імі звязаных. Да таго ж, наш каляндар мае свае асаблівасці: амаль усё мы святкуем двойчы — па старым (юльянскім календары) і новым (грыгарыянскім календары) стылі — з прыкладнай розніцай у 2 тыдні.
Што і як беларусы адзначалі (і адзначаюць) у лютым.
Грамніцы альбо Стрэчанне
Лічылася, што ў гэты дзень прачынаецца бог Грымотнік (Пярун) ці святы Юрай (у хрысціянскай карціне свету) выпрабоўвае свае стрэлы на нячысціках. Лічылася, што ад гэтага дня ўжо можна пачуць грымоты.
Другая назва — Стрэчанне — тлумачыцца ў народным календары як час сустрэчы Зімы і Лета. Маўляў, зіма мусіць саступіць месца лецейку. Па тым, якое надвор’е на Грамніцы, меркавалі, ці ўраджайным будзе лета. «На Грамніцы адліга — з ураджаю будзе хвіга». Калі ж на Грамніцы мароз, то лета будзе пагодным і ўраджайным. Завіруха ў гэты дзень паказвала на доўгую вясну.
Галоўная «гераіня» свята — грамнічная свечка. Яе агеньчык лічыўся цудадзейным і прыроўніваўся да жывога агню, атрыманага ад маланкі ці шляхам трэння двух кавалкаў дрэва. Яе запальвалі падчас навальніц, каб маланка не запаліла хату. На Купалле вешалі на вароты хлява, каб нячысцікі не папсавалі і не ссурочылі худобу. Ёю выпальвалі абярэжны крыж на бэльцы хаты, бралі з сабой у поле на першае ворыва. Часта выкарыстоўвалі грамнічную свечку і ў пахавальнай абраднасці.
У народным календары гэты дзень завецца Аксіння-паўхлебніца.
Нашы продкі лічылі, што да новай збажыны трэба гэтулькі ж хлеба, колькі ўжо з’едзена, таму і празвалі дзень — паўхлебніца.
Існаваў цікавы абрад у гонар ільну. Зранку гаспадыні выносілі з хат на вуліцу маляўнічыя ільняныя вырабы, развешвалі на платах, варотах, брамках. Ручнікамі ўпрыгожвалі галінкі бяроз. Верагодна, усю гэтую прыгажосць мусілі пабачыць багі і даць добры ўраджай ільну ў новым годзе. А, магчыма, так рукадзельніцы паказвалі свае ўменні і вытанчаны мастацкі густ грамадзе.
Па новым стылі ў гэты дзень адзначаліся Ваўкалакі / Вакулы (гл.19 лютага)
У гэты дзень у некаторых рэгіёнах адзначалі Стрэчаньскія Дзяды.
У Беларусі продкаў шанавалі і верылі, што яны могуць як спрыяць паспеху, так і псаваць жыццё сваім нашчадкам. На год Дзяды адзначаліся некалькі разоў: Масленічныя, Радаўніцкія, Траецкія, Пятроўскія, Узвіжаньскія і г.д.
Стрэчаньскія Дзяды не маюць ніякіх асаблівасцяў. Як звычайна на Дзяды, цэнтральная падзея — сямейная вячэра, на якую запрашаюцца душы памерлых. Дзеля гэтага гаспадыня першую аладку ці блін разрывала на кавалкі і раскладала на падваконні, каб прыляцелі душы продкаў.
Таксама на стол ставіцца асобная талерка, куды ўсе прысутныя адкладаюць частку сваёй ежы, каб пачаставаць прыляцеўшыя душы. Усе размовы ў такі вечар — гэта ўзгадванне продкаў, гісторый з іх жыцця. Пагадзіцеся, вельмі эфектыўны механізм захоўваць памяць пра свой род і перадаваць яе новаму пакаленню.
Як адзначыць Дзяды ў горадзе: чэк-ліст ад «Будзьма беларусамі!»
Па старым стылі адзначаліся Ваўкалакі.
Дзень, калі галоўным клопатам гаспадара была свойская жывёла. На двары лютуюць апошнія завірухі, а ў лесе — ваўкі. Самы галодны час для жыхароў лесу. Таму прасілі Вялеса (у хр. традыцыі — св. Вуколу) падбаць пра хатнюю скаціну.
У некаторых рэгіёнах Беларусі лічылася, што Вукола — першы абаронца ад перэваратняў-ваўкалакаў. Да гэтых істотаў адносіны ў нашых продкаў былі дваістымі: залежыць ад таго, ці па сваёй волі чалавек стаў пярэваратнем. Калі гэта чарадзей, які наўмысна перакінуўся ў ваўка (існавала шмат спосабаў гэта зрабіць), то яго баяліся і намагаліся знішчыць. Калі ж гэта ахвяра чараў, то яму намагаліся дапамагчы хутчэй вярнуцца ў чалавечае аблічча (кінуць на яго пояс, накрыць святочным абрусам і г. д.).
Фота: cosmindoro-рexels
У гэтым дзень сёлета пачынаецца Масленічны тыдзень.
Масленка (Сырніца, Запусты) — старажытнае вялікае свята, прысвечанае абуджэнню прыроды ад зімовага сну і пачатку новага жыццёвага цыклу. Уключала ў сябе шмат разнастайных абрадаў і рытуалаў. Па словах даследчыцы масленічных абрадаў, Алены Ляшкевіч, гэта, бадай, самы разнастайны па сваіх рэгіянальных праявах святочна-абрадавы комплекс у нашай краіне. І, хаця за савецкімі часамі паўсюль навязвалася аднатыпная праграма «провадаў зімы», дзе-нідзе захаваліся адметныя абрады.
Фота: museum.by
Кожны дзень масленічнага тыдня мае свае асаблівасці. Так, у панядзелак збіраліся жанчыны і прывязвалі пояс ці папругу да калодкі. Іншы канец пояса прывязвалі да нежанатага хлопца, які ім трапляўся. Калі юнак не хацеў цягаць калодку цэлы дзень, ён мусіў «адкупіцца» ад грамады пачастункамі. Так сама маглі зрабіць і з незамужнімі дзяўчатамі.
Пра іншыя дні масленічнага тыдня — у наступным выпуску «народнага календара».
Падрыхтавала Ева Вятрыскіна, budzma.org