Што значыць Бабіны? Што за святы Гусёўнік і Васілле? Як адзначаўся абрад «Цягнуць Каляду на дуба»?

Народны каляндар. Што і як беларусы адзначалі ў студзені

02.01.2022 Каляндар

Культурныя адметнасці кожнага народа праяўляюцца ў розных сферах жыцця. Бадай, найбольш яскравыя іх праявы можна назіраць праз народны каляндар: тут і рытуальныя дзеянні, якія паказваюць асноўныя заняткі, і традыцыйная вопратка, і адметнасці кухні, і праявы грамадскіх і роднасных стасункаў... І ўсё гэта грунтуецца на каштоўнасцях і глыбіннай карціне свету таго ці іншага народа.

Народны каляндар беларусаў, багаты і цікавы — прымеркаваны да руху нябесных свяцілаў і цыклаў земляробчых работ, з імі звязаных. Да таго ж, наш каляндар мае свае асаблівасці: амаль усё мы святкуем двойчы — па старым (юльянскім календары) і новым (грыгарыянскім календары) стылі — з прыкладнай розніцай у 2 тыдні.

Што значыць Бабіны? Што за святы Гусёўнік і Васілле? Як адзначаўся абрад «Цягнуць Каляду на дуба»? Распавядаем пра гэтыя і іншыя святы беларускага народнага календра, якія адзначаюцца ў студзені.


shchadrec.jpg

1 студзеня

З 1700 года гэты дзень стаў пачаткам новага каляндарнага года. На гэты дзень выпадае Шчадрэц (Шчодрык, Шчодрая ці Багатая куцця) па новым стылі. Вячэра напярэдадні гэтага свята была самая багатая і вясёлая з усіх калядных урачыстасцяў, што цягнуліся амаль месяц).  Абавязковымі лічыліся на святочным стале бліны з верашчакай і смажанай каўбасою, каша (куцця), крупнік, буракі. Багатай была і «культурная праграма»: варожбы, гульні, свавольствы моладзі, абыходы двароў каляднымі гуртамі са Шчадрацом на чале (у некаторых рэгіёнах).

Каляды: Што? Дзе? Калі?

Варажылі на будучы ўраджай: клалі пад святочны абрус сена ці салому. Пасля вячэры «малацілі» — стукалі рукамі па стале. Пасля выцягвалі саломінку і па яе даўжыні меркавалі, якім вырасце лён. А па колькасці абмалочаных зярнят — якім будзе ураджай збожжа. Шмат варажылі дзяўчаты на шлюб: кідалі боты на скрыжаваннях — куды носам ляжа, адтуль і сватоў чакаць. Падслухвалі пад вокнамі — пра што пачуюць, такім і жыццё з мужам будзе. Пяклі аладкі і клікалі сабаку — чыю першую з’ядаў, той і шлюбавацца. Па старым стылі на гэты дзень нічога значнага не прыпадала — ішоў Піліпаўскі пост.

7 студзеня

Па новым стылі святкуецца Вадохрышча альбо Вадзяная куцця. Свята ўшанвання вады ў нашых продкаў. Лічылася, што ў гэты дзень вада набывае цудадзейныя ўласцівасці. Сабраную на золаку ваду з трох або сямі калодзежаў (крыніц) захоўвалі ўвесь год і выкарыстоўвалі як першы сродак абароны ад розных няшчасцяў (давалі папіць хвораму, каб хутчэй ачуняў, апырсквалі свойскую жывёлу перад першым выганам — ад сурокаў, апырсквалі садовыя дрэвы, калі яны давалі мала пладоў, і інш). Хрысціянская царква прымеркавала гэтае свята да хрышчэння сына Божага ў рацэ Іардан. У каталікоў дзень называецца Тры каралі.

Па старым стылі 7 студзеня адзначаецца нараджэнне Ісуса Хрыста. Больш старажытны варыянт — дзень народзінаў маладога Сонца (па новым стылі адзначаецца 25 снежня). Напярэдадні вячэру называлі Поснай куццёй (бо на стол не ставілася нічога мяснога). У некаторых рэгіёнах рабіліся абыходы двароў калядоўшчыкамі. Адсюль пачыналіся так званыя «Крывыя вечары» — час, калі намагаліся паменей працаваць, а пабольш баляваць. Моладзь збіралася на абрадавыя гульні («Жаніцьба Цярэшкі», «Яшчар» і інш). Хадзілі са «звяздой» па дварах, наладжвалі батлейку.

batleyka2.jpg
Фота: museum.by

8 студзеня

Бабіны кашы. У некаторых раёнах Беларусі гэты дзень называлі Зімнім пакроўчыкам, Маладзёнамі або Бабінамі. Варылі кашу і пяклі аладкі, жанчыны наведвалі бабку, якая «прымала», ці «бабіла» дзіця, унукі вазілі яе на санках ад хаты да хаты, дзе бабу частавалі, частавала і яна дзяцей, гуляла з імі. Яшчэ абходзілі з калядкамі хаты, у якіх праслаўлялі гаспадароў і іх дзяцей, жадалі дабрабыту. Свята спавівальных бабак і парадзіх. Жанчыны хадзілі да парадзіх і спавівальных бабак з пірагамі і іншым пачастункам.

79019507_provid.jpg
Ілюстрацыя: hotimsk.by

Адорванне і грамадскія трапезы ў гэты дзень з’яўляліся актам падзякі павітухам ад сялянскай грамады за ўсіх прынятых імі дзяцей.

Паважлівае стаўленне да спавівальных бабак, засноўвалася на народных паданнях аб тым, што паміж павітухамі і дзецьмі, якіх яны прынялі, на ўсё жыццё ўсталёўваліся духоўна-роднасныя адносіны. А яшчэ маці збірала ўвечары сваіх дзяцей і абсыпала збожжам — на доўгі век, на шчасце, на дабрабыт. У гэты святочны дзень дзяцей частавалі пірагом і журавінамі на мёдзе. Але дзеткі павінны былі заслужыць пачастунак: спявалі прыпеўкі: «Падайце кароўку, маслену галоўку, на паду печону, кароўку залачону!», абыходзілі хаты, дзе ёсць парадзіхі, жадаючы здароўя ім і малым. Гэта радасны час гульняў і дзіцячых забаў.

13 студзеня

Шчодрык (Шчадрэц) па старым стылі. Альбо больш звыклы нам стары Новы год. Накрывалі багатую вячэру з мяснымі стравамі. Гурты калядоўшчыкаў «шчадравалі» па дварах: спявалі песні, жадаючы гаспадарам усялякага дабрабыту ў новым годзе. За што атрымлівалі пачастункі, а часм — і грошы.

2348bfea1b7cab1150f658ea58e3b5f2_1.jpg
Фота: museum.by

Ноч з 13-га на 14-е студзеня адзначалася вясёлымі гульнямі і свавольствамі моладзі: маглі і дровы раскідаць і дзверы падперці альбо трубу закрыць.

Павел Шпілеўскі нават вылучыў асобнага бога гэтых гульняў і баляванняў — Шчадраца. Уяўляўся ён мажным хлопцам у доўгім плашчы яркіх колераў, абвешаны рознымі стужкамі і званочкамі, з доўгім посахам у руцэ і бліскучым капелюшы-кароне на галаве.

14 студзеня

Васілле (па старым стылі). На Міншчыне ў гэты дзень было прынята збірацца ў «складкі» з сябрамі і рабіць вечар адпачынку: танцаваць, гуляць, забаўляцца. У складчыну наймалі музыкаў і бавіліся да ранку. На такія вечарыны не было прынята прыходзіць без запрашэння. А падлеткаў, якія не па ўзросце завітвалі на баляванне, ганялі венікам і дубцамі.

Таксама з гэтым днём звязана шмат прыкмет і варожбаў на будучы год. Так, напрыклад, пчаляры прыкмячалі: калі на Васілле завіруха, то пчолы пачнуць раіцца пад Міколу (22 траўня). Зорнае неба ў гэтую ноч абяцала багаты ўраджай збожжа. Дзяўчаты з заплюшчанымі вачыма цягалі дровы — калі ўхопяць цотную колькасць, замужжа будзе шчаслівым.

19 студзеня

Вадохрышча (па старым стылі). Дзень ушанавання вады і час заканчэння Каляд («Каляда ўжо ад’язджае да наступнага году»). Асобай пашанай у гэты дзень карыстаўся крыж — яго малявалі на дзвярах і платах, падвешвалі драўляны над хлявамі і стайнямі, апускалі ў калодзежы, рэкі, азёры. Лічылася, што крыж прагоніць усіх нячысцікаў на цэлы год, абароніць ад чараў і вядзьмарства. Увечары рабілі посную куццю, рэшты яе давалі свойскай жывёле.

Шмат рабілася і магічных дзеянняў: часалі лён, каб такімі ж «гладкімі» цяляты былі; лавілі шапкамі і фартухамі падкінутую ўгару жменю гароху — колькі зловіцца, столькі чакаць прыбытку ягнят; глядзелі, у які бок пойдзе дым ад запаленай лучыны, каб высветліць, адкуль чакаць прылёту пчаліных раёў; раскідвалі перад вячэрай па 4-х кутах хаты жытнёвае зерне — на багаты ўраджай і інш.

21 студзеня

У некаторых рэгіёнах у гэты дзень спраўлялі старажытнае свята провадаў Каляды. Абрад называецца «Цягнуць Каляду на дуба». Архаічны абрад захаваўся ў жывой традыцыі ў вёсцы Новіны Бярэзінскага раёна. Калісьці быў шырока распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Бярэзіншчыны.

photo_2021-12-31_08-27-29.jpg

Яго сэнс — завяршыць калядны перыяд і забяспечыць дабрабыт і абарону ад няшчасцяў усёй вёсцы. Дзеля гэтага на вялікі дуб, што стаіць за сялом, урачыста садзяць Каляду — апошні сноп, які захоўваўся з Багача. Напярэдадні гэты сноп пад рытуальныя спевы «апранаюць» у спаднічку, фартушок, хустку, упрыгожваюць стужкамі. Пасля ўрачыста ўсёй вёскай вязуць да дуба і ўсталёўваюць як мага вышэй — каб Каляда назірала за вёскай, адводзіла ўсе няшчасці. Мінулагоднюю «абаронцу» спускаюць і спальваюць на вогнішчы. Пасля галоўнага рытуалу пачынаецца баляванне з пачастункамі, танцамі, гульнямі.

31 студзеня

Гусёўнік (Гусінае свята, Апанас).

Свята сярэдзіны зімы (па нарыхтаваных кармах). Калі засталася палова кармоў, гаспадар быў спакойны — да першага выпасу жывёла галадаць не будзе. Чакаюцца самыя моцныя маразы: «Хавай нос у апанасаўскі мароз!». Каб маразы не прычынілі шкоды свойскай жывёле, маліліся яе заступніку — Апанасу (Уласію), у язычніцкай традыцыі — Вялесу. Прасілі яго, каб абараніў жывёлу ад маразоў і агаладалых ваўкоў. Таксама гадалі на будучы год: калі на гусёўнік будзе мяцеліца, чакалася багата гусянят, бо снег уяўляўся аналогіяй гусінага пуху.

Падрыхтавала Ева Вятрыскіна, budzma.org