Адукацыйны хаб прапаноўвае палітру курсаў: псіхалогія, экалогія, фінансы, палітыка... нават генеалогія! Навошта ўсё гэта дарослым людзям? Хто навучэнцы і хто выкладчыкі? Колькі ўсё гэта каштуе? Спойлер: ніколькі. Курсы бясплатныя.
Адукацыйны хаб "Нацыя лідараў" прапаноўвае 22 бясплатныя анлайн-курсы. Ілюстрацыя згенераваная нейрасеткай
Адукацыйная платформа «Нацыя лідараў» паўстала ў 2021 годзе. На той момант 80% навучэнцаў яшчэ фізічна былі ў Беларусі. Але — адразу быў абраны кірунак на анлайн. І гэта... спрацавала! Анлайн-фармат сёння дазваляе быць па-над межамі і звязваць беларусаў, дзе б яны ні жылі.
Каб разабрацца, што да чаго, мы пагутарылі з заснавальніцай і валантэркай праекта — Таццянай.
«Назва паўстала вельмі эмацыйна, на хвалі ўздыму 2020 года. Мы ўсе лідары, кожны з нас! Трэба браць на сябе адказнасць і пашыраць яе: на сям’ю, двор, горад, краіну. Час паказаў, што найперш трэба асэнсаваць сябе — мы шукаем новыя сэнсы і шляхі. Чаго мы хочам? Што нам патрэбна? Куды далей? Мы шукаем, значыць — вучымся».
Вялікі асартымент кірункаў (22 курсы, ад публічнай палітыкі да бацькоўства) — гэта адказы на пытанні, якія цікавяць дарослага чалавека. Паводле Таццяны, на курсы запісваюцца людзі сярэдняга ўзросту — прафесіяналы ў сваёй сферы. Больш за палову — жанчыны.
Вучыцца ўсё жыццё — гэта сусветны трэнд. Ілюстрацыя згенераваная нейрасеткай
«Дарослы чалавек не пойдзе вучыцца таму, што нельга практычна выкарыстаць тут і зараз. Адразу! Напрыклад, курс па псіхалогіі: 6 сустрэч па 2 гадзіны. Некаторыя праз 2-3 заняткі разумеюць, што ёсць патрэба ў тэрапеўце, бо самота, выгаранне, страта сэнсаў. Іншым хапае самога курса. У 2025-м мы ўжо не лічым псіхалогію нечым «вар’яцкім». Гэта пра здароўе і эфектыўнасць».
Падобна з курсам па фінансавай пісьменнасці. «Нас не вучылі кіраваць фінансамі», — кажа Таццяна. А як без гэтага? Папулярны кірунак, як ні дзіўна, генеалогія: яго вядзе журналіст і даследчык рэпрэсій 1930-х Ігар Станкевіч. Вядоўцы — не толькі прафесійныя адукатары, але — практыкі ў сваёй сферы: палітыцы, бізнесе, экалогіі, гісторыі і г. д.
Ілюстрацыя са старонкі хаба "Нацыя лідараў" у інстаграме
«Мэта людзей, якія прыходзяць, — павысіць якасць свайго жыцця. Шмат якім рэчам нас не вучылі ані бацькі, ані ў школе, ані ў ВНУ. Вучыцца ўсё жыццё — гэта сусветны трэнд. Не вучышся — значыць, не развіваешся. Усё гэта разам мы ўслед за Мацкевічам называем «ліквідацыяй функцыянальнай непісьменнасці». І гэта не пра тое, што ў кагосьці зашмат часу. А пра тое, каб даць рады выклікам сучаснага свету».
Цікава, што выпускнікі і выкладычыкі пасля курсаў не разбягаюцца як школьнікі па званку. Надалей камунікуюць: ствараюць клубы ці прапаноўваюць новыя курсы. Вучні могуць стаць выкладчыкамі. Этап «анлайн-школы» перакрочаны. У нейкім сэнсе, гэта — суквецце супольнасцяў, якія жывуць сваім жыццём.
Якія планы надалей?
«Найбольш перспектыўнай зараз бачыцца прастора клубаў. Людзі дзеляцца досведам, маюць свае чаты — я нават не ведаю, што там адбываецца... Міжсектарная праца: бізнес, медыя, трэці сектар ды інш. Урэшце мы стаем больш хабам для іншых ініцыятываў: з ліку нашых выпускнікоў, чальцоў каманды, выкладчыкаў.
Гэта экасістэма, у якой кожны можа знайсці сябе. І — стаць лідарам!».
*У Беларусі медыярэсурсы «Нацыя лідараў» уключаныя ў спіс арганізацый, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці».
Budzma.org