«Наш Ляндэр». Гісторыя паспяховага паўстанца

07.08.2023 Гісторыя

У адной са сваіх нядаўніх гутарак вядомы беларускі гісторык з Беластока Алег Латышонак назваў паўстанне 1863 года «катастрофай». Такая ацэнка тых падзей выклікала ў тым ліку і негатыўныю рэакцыю, але з’яўляецца цалкам справядлівай.

Бо паўстанне было і сапраўды трагічнай старонкай у нашай гісторыі — тысячы паламаных жыццяў і незайздросных лёсаў яго ўдзельнікаў яскравы таму доказ. Але разам з тым у падзеях 1863 года бралі ўдзел людзі, біяграфія якіх склалася адносна ўдала нават пасля паразы паўстання. Расказваем пра аднаго з іх.


paustannie-1863.jpgБой паўстанцаў з царскімі войскамі. Фота: bp.blogspot.com

У пачатку жніўня 1863 года, калі ўжо было зразумела, што паўстанне церпіць паразу і неўзабаве будзе задушана, Нёман перайшоў паўстанцкі атрад Ландэра, які працягнуў сваё змаганне пад Аўгустовам, што ў цяперашняй Польшчы. Толькі пасля бітвы пры Зялёным лесе ў верасні, дзе гэты атрад быў канчаткова разгромлены, яго кіраўнік выехаў за мяжу і болей ніколі не вяртаўся на радзіму. Звалі гэтага чалавека Аляксандр Лянкевіч.

Нарадзіўся ён у 1823 годзе на Гарадзеншчыне і служыў у расейскім імператарскім войску, як і многія іншыя паўстанцкія лідары. У адстаўку пайшоў у чыне падпалкоўніка. Пасля сваёй адстаўкі жыў у маёнтку Панюкі. Рэальнай справай да паўстанцкага руху далучыўся троху пазней ад пачатку — атрад фармуецца ў красавіку, а ўласна паўстанне ў тых мясцінах пачынаецца толькі ў траўні 1863 года. Часовы правінцыйны паўстансцкі ўрад надаў яму званне палкоўніка.

Чалавек гэты быў відавочным прагматыкам, таму браў да сябе і сялянаў, і нават ... праваслаўных. А зброю выдаваў усім, хто быў гатовы трымаць яе ў руках — вельмі рызыкоўны, але разам з тым лагічны крок. Бо ён істотна пашыраў патэнцыйнае кола ўдзельнікаў атрада Лянкевіча.

За даволі хуткі час Лянкевічу ўдалося сабраць сабраць паўстанцкі атрад колькасцю ў 200 чалавек. У іншых мясцінах сітуацыя часцяком мела адваротны характар: паўстанцы былі кепска ўзброеныя, слаба падрыхтаваныя і не маглі разлічваць на мясцовых, якія часцяком ставіліся да іх як мінімум насцярожана, а то і наогул варожа.

Атрад Лянкевіча не проста меў у сваім складзе праваслаўных, якія з тых ці іншых прычынаў далучыліся да яго. Ён карыстаўся вельмі шырокай падтрымкай праваслаўнага насельніцтва Гарадзеншчыны, аб чым сведчаць дакументы той пары. Найперш данясенні тых, хто гэта паўстанне душыў. Так губернская следчая камісія дакладала генерал-губернатару Мураўёву аб дзейнасці Лянкевіча:

«В апреле 1863 г. Ленкевич начал формировать свою шайку из всех сословий, забирая в оную людей частью силой, а более обманом, под угрозой смерти... В апреле Ленкевич был в имениях помещиков Гродненского уезда Толочки (Б. Коневского), Вельянове (Л. Валицкого). У Коневского Ленкевич говорил речь для возбуждения к восстанию: Вся молодежь Царства Польского, Литвы и Малороссии вышла на поле брани против нашего неприятеля, который заграбил наше отечество и рубит нашу Божию матерь в костелах. Будем сражаться за отечество, веру и свободу!».

Як бачым, непакоіла царскіх служак акурат тая акалічнасць, што людзі ідуць у атрад Лянкевіча добраахвотна. Бо відавочна, што, трапляючы ў палон, паўстанцы спрабавалі ўратавацца і распавядалі следчым аб тым, што іх падманулі, або прымусам загналі ў лагер інсургентаў. Але вельмі сумнеўна, каб шляхцічаў або дваранаў можна было сілай пацягнуць у лес.

Але каго можна было б?

Правільна, сялянаў. Тыя таксама былі кемлівыя і блыталі карныя органы. Бо, калі б Лянкевіч насамрэч забіраў іх да сябе ў атрад гвалтам, яны маглі б збегчы пры зручнай магчымасці. Але яны гэтага чамусьці не рабілі.

Гэтая акалічнасць з’яўляецца добрым доказам таго, што беларускія сяляне далёка не заўжды заставаліся ў баку ад паўстанцкай справы. Ну а пра праваслаўных «мяцежнікаў» нават і гаварыць не выпадае, бо расейскацэнтрычная прапаганда заўжды імкнецца абмінаць гэты непрыемны факт.

Справа ў тым, што ў патрыятычным руху за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года праваслаўныя былі заўжды, яшчэ задоўга да падзей 1863 года, але хутчэй кропкава. Адпаведна замаўчаць такія моманты даволі проста — вядомыя яны збольшага або спецыялістам, або зацікаўленым асобам. Але не шырокай грамадзе.

kryzh-paustanca.jpg
Крыж паўстанца праваслаўнага веравызнання. Фота: bp.blogspot.com

Лянкевіч абраў сабе псеўданім Ляндэр або Ландэр.

Яго лідарскія якасці дазволілі ў вельмі кароткі час аб’яднаць вакол ягонага атраду іншыя, больш дробныя атрады. І пераўтварыць іх у адносна баяздольную вайсковую адзінку. Гэта менавіта пад ягоным кіраўніцтвам атрады гарадзенскіх, ваўкавыскіх, навагрудскіх, пружанскіх і слонімскіх паўстанцаў здолелі адбіцца ад царскіх войскаў у бітве пад Мілавідамі — пэўна, самай знакамітая бітве таго часу, якую ведае ці не кожны, хто цікавіўся тымі падзеямі.

Рэч у тым, што ў лесе каля Мілавідаў быў разбіты паўстанцкі лагер з розных атрадаў, агульнай колькасцю каля 800 чалавек. Каб яго разграміць са Слоніма было адпраўлена 3 роты пяхотнага палка. Царскія войскі гарматамі і кавалерыяй атакавалі паўстанцаў з розных бакоў, а тыя здолелі не толькі вытрымаць усе атакі расейцаў, але і пачалі контратакаваць. Праўда, ад наступу на расейцаў Лянкевіча прымусіла адмовіцца навіна аб тым, што на дапамову царскім войскам рушыць яшчэ 10 ротаў. Разумеючы, што доўга пратрымацца пры такім раскладзе ў інсургентаў не атрымаецца, Ляндэрам было прынятае рашэнне пакінуць лагер, раздзяліцца і разысціся ў розныя бакі. У сапраўднасці з Нясвіжа выправіліся толькі 2 роты і тое на наступны дзень...

paustannie-1863-2.jpg
Транспарціроўка параненых паўстанцаў. Фота: bp.blogspot.com

Пасля вымушанай эміграцыі сляды Аляксандра Лянкевіча пачынаюць губляцца. Нейкі час ён пабыў у Францыі, потым жыў у Амерыцы. Але дзе, калі і з якіх прычынаў ён памёр невядома. Як бы там ні было, але асабісты лёс гэтага чалавека склаўся даволі ўдала, калі параўноўваць з бяграфіямі іншых паўстанскіх лідараў, бо смяротны прысуд, які быў вынесены яму завочна ў 1865 годзе, так і не быў выкананы.

Імаверна, што Аляксандр Лянкевіч быў не толькі рамантыкам, якіх хапала сярод інсургентаў, але таксама і рэалістам. Таму і здолеў захавацца...

Л.Г., budzma.org


Чытайце яшчэ:

Штодзённасць паўстанцаў’1863. Смерць, зброя, алкаголь і адсутнасць сну