Незвычайныя дзве сустрэчы ў Слоніме 25 мая правялі літаратар, гісторык і краявед Сяргей Чыгрын і бард, журналіст Зьміцер Бартосік. Госці выступілі перад дзецьмі і педагогамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра Слонімскага раёна і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Слонімскага раёна.
Выступленні перад такімі калектывамі былі няпростымі. Асабліва перад дзецьмі-інвалідамі ад нараджэння. Тым не менш, дзеткі і педагогі шчыра віталі гасцей апладысментамі, нават самыя выхаванцы расказалі ім вершы, задавалі пытанні. А калі спяваў Зьміцер Бартосік вясёлыя беларускія песні – некаторыя смелыя хлопцы пайшлі ў скокі.
Сяргей Чыгрын прачытаў прысутным нізку жартаўлівых дзіцячых вершаў на самыя розныя тэмы. А потым госці ўсім прысутным на дзвюх сустрэчах падаравалі паштоўкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і плакаты да юбілею беларускага кнігадрукавання.