Наша сельская гаспадарка, як і афіцыйная культура (альтэрнатыўная, зрэшты, таксама), вельмі не любіць разнастайнасці. Вырошчваем бульбу, цукровыя буракі, рапс, жыта, пшаніцу, кукурузу і яшчэ мо некалькі культур, кожнай па мільёне тон і болей, каб было дзе нашым славутым камбайнам развярнуцца. Час ужо іх на платформу БелАЗа пераводзіць, бадай, гэтых волатаў. Уся Беларусь — адзін вялікі суцэльны калгасны палетак, на якім шчыруюць працавітыя механізатары, гонячы быццам адну суцэльную баразну ўздоўж трасы Масква — Брэст. Толькі паміж лесам і чыгункай дзе-нідзе трапляюцца партызанскія бульбяныя дзялянкі дзікіх нелегальных прыватнікаў, што баязліва і вінавата азіраюцца па баках, калі зрэдку выпростваюць сагнутыя спіны. Вось і ўся наша культурная расліннасць. Ну і яшчэ крыніцы бялку — свінка рох-рох, яйка, млека. Ну і шнапс, натуральна! Калі б уся гама даступных нам смакаў толькі тым і абмяжоўвалася, можна было б памерці з нудоты, хай сабе і сытай. Дзякуй Богу, што соль мы дадумаліся ёдаваць.
Аднак аднекуль жа маем чым пасыпаць шашлычок, піцу, бульбу фры, агуркі там замарынаваць, напрыклад. Памятаеце, навошта Калумб Амерыку паплыў адкрываць? Bingo! Па перац. Спецыі на наш рынак пастаўляюць рускія, польскія, украінскія, харвацкія і яшчэ немаведама якія фірмы. У гэтай галіне, відаць, ніхто ніколі не задумваўся над імпартазамяшчэннем. Як і ў некалькіх дзясятках іншых галінаў. Між тым, нашыя мінус 10 млрд даляраў (а сёлета, магчыма, ужо і мінус 12 млрд) замежнагандлёвага дэфіцыту складаюцца ў тым ліку і з такіх “дробязяў”. Ужо, бадай, усе нашыя суседзі стварылі нацыянальную вытворчасць спецый, не так з імпартаванай, як з мясцовай сыравіны. Ну вось вам літоўцы, якіх нашы нацыяналісты “жмудзінскімі летувісамі” называюць: Тут табе і кмен, і каляндра, і куркума, і маяран… А адкуль яны бяруць аж 27 траваў і спецый на сваю настойку “999”? Ну хто ў нас будзе такое вырошчваць? Камбайнам на платформе БелАЗа патрэбны Прасцяг, а спалоханыя прыватнікі на іх прычыгуначных гародзіках, апроч бульбы, іншых раслін і не ведаюць…
Ці чулі вы некалі пра чарнушку? Не пра Ганну Чарнушку з Мележавых “Людзей на балоце”, і не пра курыцу — падземнага канцлера са старой дзіцячай казкі, і не пра родную сястрыцу ТВ-парнушкі, а пра чорны кмен? Некалі ў ваколіцах нашай Люцынкі хлеб, не пасыпаўшы той чарнушкай, Nigella Sativa, не пяклі. А вырошчвалі, як і іншыя мясцовыя спецыі, на ўласных гародах. Прынамсі, так кажуць старажылы. Недзе так года да 1948-га ці крыху пазней. Акурат да таго часу, як пагналі тую Адну Суцэльную Баразну праз усю краіну. Дый не толькі ў нас, але і шмат дзе яшчэ, вось як яно было даўней на Палессі: “Раней ля выпячкі хлеба была дзяжа, зробленая з дубовых клёпак, каб закваска дзяржалася. Дзяжа накрывалася дзяравянай крышкай. На цэлы тыдзень булачку цеста пакідалі ў дзяжы на закваску й заўсягда ўлівалі кружку вады, каб дзяжа ні разасхлася. Каб лепш укіс хлеб, дзяжу ставілі ля печы або на печы. Рашчынялі вечарам хлеп на цёплай вадзе с аржаной мукі. Усю ноч кіс гэты хлеп, а раніцай мясілі яго. Ля хлеба была сьпіціяльная дзяравяная лапата, яе нідзе ні ўпатраблялі. Лапата была з доўгаю ручкаю. А калі выгарвала ў печы, вымяталі чысьцянька печ, патсьцілалі на лапату дубовы ліст або аір і саджалі хлеп на чарэнь. Дубовы ліст і аір патсьцілалі ля таго, кап пахла скарынка. Яшчэ ля запаху кідалі кмен, чарнушку. Чарнушку сеялі сьпіціяльна ў агародах ля хлеба. Як укіняш у хлеб чарнушку, дак пахня і быў вельмі ўкусны хлеп. Хлеп пячы трэба было ўмець. У адных удаваўся хлеп, а ў другіх не. Той гаспадыні, у якой ні ўдаваўся хлеп, было вельмі пазорна”.
Надта заслужаная прыправа тая чарнушка, вядомая не адну тысячу гадоў. Яшчэ прарок Ісая пра яе пісаў: “Ці ж заўсёды ратай арэ дзеля сяўбы, барозніць і скародзіць зямлю сваю? Не; калі выраўняе паверхню яе, ён сее чарнушку, альбо рассыпае кмен, альбо раскідае пшаніцу радамі, і ячмень у пэўным месцы, і жыта побач з ім. І такому парадку вучыць яго Бог ягоны; Ён настаўляе яго. Бо не малоцяць чарнушку катком зубчатым, і колаў малацільных не качаюць па кмене; а кіем выбіваюць чарнушку, і кмен — кіем”.
Не ведаю, каго там у іх, міжземнаморскіх семітаў, кіем малоцяць, а толькі ў нас даўно чарнушкі не відаць. Толькі ў энцыклапедыі і можам прачытаць: “У кулінарыі выкарыстоўваецца для араматызацыі розных страваў, пры выпечцы пірагоў, хлеба, печыва, у розных кандытарскіх вырабах, узварах, жэле, пудынгах і да т.п. Ужываецца таксама пры засолцы агуркоў, кавуноў, іншай гародніны, пры квашанні капусты”. Ды і ў сваю “999”, як у перагорнутыя “666”, хітрыя жмудзіны тую чарнушку сыплюць, рыхтык тыя чарнакніжнікі! Кажуць, што пах той чарнушкі нагадвае звычайны кмен, мацярдушку і маяран разам узятыя, а смак — перац і крыху арэхі… Вось толькі дзе купіць яе, ды каб яшчэ і беларускай вытворчасці? Хай бы нейкі імпарцёр дадумаўся завезці хоць дробную партыю ад тых семітаў, пакуль не позна, а то, баюся, пасля дэфолту і звычайнага перцу ў гіпермаркетах не знойдзеш… Аж пакуль не запрацуе напоўніцу праграма імпартазамяшчэння.