Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай ўласнасці Грузіі “Сакпатент” (“Грузпатент”) запатэнтаваў 30 найменняў нацыянальных страваў, паведаміў у пятніцу, 16 верасня, кіраўнік цэнтра Іраклій Гваладзэ. У прыватнасці, былі запатэнтаваныя аладка з сырам “хачапуры”, вінаградная гарэлка “чача”, сыр “сулугуні” і традыцыйны слодыч “чурчхела” з нанізаных на нітку арэхаў у загусцелым сіропе з вінаграднага соку. Паводле кіраўніка “Сакпатента”, рэгістрацыя нацыянальных брэндаў працягнецца і ў будучыні: “У першую чаргу мы зарэгістравалі назвы прадуктаў, але ў будучыні запланавалі рэгістрацыю і іншых нацыянальных брэндаў”.
Англа- і польскамоўны значкі агульнаеўрапейскай прававой абароны прадуктаў
Пра неабходнасць такога кроку ў пачатку года казала міністр эканомікі і ўстойлівага развіцца Грузіі Кабалія. З выхадам на міжнародны рынак харчовых прадуктаў Грузія сутыкнулася з канкурэнцыяй, у прыватнасці, з боку армянскіх вытворцаў або перапрадаўцоў з трэціх краін, якія прадавалі чурчхелу і хачапуры ў Францыі і Злучаных Штатах як армянскія прадукты. Кухні гэтых дзвюх каўказскіх рэспублік цесна пераплеценыя, а сусветная армянская дыяспара вельмі шматлікая і згуртаваная. Але Грузія настойвае на сваім прыярытэце. Відавочна, што нацыянальныя патэнты — толькі першы крок у гэтай барацьбе.
Каб абараніць свае правы, напрыклад, на рынку ЕС, Грузіі трэба будзе дамагчыся прызнання Брусэлем інтэлектуальнай уласнасці на гэтыя прадукты ў межах адмысловых працэдур — гэтаксама як Калумбія зрабіла са сваёй кавай, а Шры Ланка (Цэйлон) — з гарбатай. У Польшчы працэс рэгістрацыі лакальных і рэгіянальных прадуктаў і страваў актыўна ішоў у 2005—-2007 гг. і падтрымліваўся з агульнаеўрапейскага бюджэту. Падчас кампаніі “Арыгінальнасць пад аховай” (Orygіnalność pod ochroną) было зарэгістравана больш як 800 прадуктаў. На наступным этапе больш як на 30 з іх былі пададзеныя заяўкі на агульнаеўрапейскім узроўні, у тым ліку на традыцыйны пірог літоўска-беларускіх татараў “перакачаўнік” — дарэчы, тая заяўка нават не адмаўляе беларускага паходжання самога гэтага слова — непатрэбнага самой Беларусі. Наша іншая суседка Літва ўжо зарэгістравала ў Еўропе славуты скіландзіс (або кіндзюк, пра які ўжо пісалася раней), а цяпер падала заяўку на традыцыйны малочны дэсерт кастыніс.
Рэкламны постар польскай кампаніі “Арыгінальнасць пад аховай”
Усё ж Беларусі варта прыгледзецца да досведу блізкіх і далёкіх суседзяў і для пачатку выпрацаваць нацыянальную сістэму рэгістрацыі традыцыйных страваў і прадуктаў. У нашым выпадку сітуацыя ўскладняецца тым, што многія з іх вядомыя толькі з гістарычнай і літаратурнай традыцыі, але праз наступствы калектывізацыі і савецкай культурнай уніфікацыі даўно ўжо не вырабляюцца і фізічна не прысутнічаюць на рынку. Таму суседзям і ўдаецца без усялякіх спрэчак з намі рэгістраваць перакачаўнік і ліпскі каравай, кіндзюк і сапежынскі квас, зуброўку і многае іншае. У будучыні гэта стане істотнай перашкодай для развіцця нашага харчовага экспарту. У наступныя 5-10 гадоў абсалютная большасць прадуктаў харчавання, страваў, напояў, вытворчасць якіх магла б быць адроджаная ў Беларусі на падставе дакладных сведчанняў гістарычных крыніц, хутчэй за ўсё будуць зарэгістраваныя у ЕС як традыцыйныя польскія, літоўскія, некаторыя, магчыма, нават як латвійскія, рускія ці ўкраінскія прадукты.
Які лёс цяпер чакае беларускія версіі сулугуні?
Пакуль што мы можам дазволіць сабе ігнараваць сусветны досвед у гэтай галіне, разлічваючы на бяздонны і непатрабавальны расійскі рынак. Там бо ад нас нібыта не вельмі і чакаюць культурнай мудрагелістасці. “Ты чё, пацан, проще лицо!» Але крызіс ужо паказаў, што ў перспектыве Беларусі не абысціся без заходніх рынкаў для сваіх харчовых прадуктаў. Ды нават і сама Расія пачынае гуляць па тых самых правілах. Летась першым традыцыйным рэгіянальным прадуктам, зарэгістраваным у РФ, стала валагодскае масла. Цяпер так можна называць толькі масла, вырабленае па сцісла акрэсленай тэхналогіі і толькі ў Валагодскай вобласці. Так і канкрэтныя вытворцы бароняць свае эксклюзіўныя правы, і адна з культурных візітовак Валагодчыны атрымлівае дадатковую папулярызацыю.
Адраджэнне традыцыйных харчовых прадуктаў і страваў — нялёгкая задача з тэхналагічнага, эканамічнага і юрыдычнага пункту гледжання. Беларусь адстае ад Грузіі, Літвы і Польшчы не толькі ў юрыдычным афармленні гэтага працэсу, але і ў самім факце наяўнасці або адсутнасці такіх прадуктаў на рынку. Што ж, калі мы самі пагарджаем сваёй культурай, будзем прадаваць на міжнародным харчовым рынку толькі самы танны no-name. А замежных турыстаў, якім удасца прарвацца скрозь нашы візавыя рагаткі, будзем карміць выключна ўніверсальнымі дранікамі. А, яшчэ златкамі і хадунамі, безумоўна!