Спойлер: можна. Але не трэба.
Апошнім часам, як кажуць работнікі ЗАГСаў, у Беларусі пачалі часцей называць дзяцей беларускімі імёнамі. Усё таму, што змяніліся ўнутраныя інструкцыі наконт звычайных і незвычайных імёнаў. Таму калі вы хочаце назваць дзіця незвычайным імем, спачатку пажадана вывучыць дзейнае заканадаўства.
Чытайце таксама: Назаві мяне па-беларуску!
У адрозненне ад савецкіх часоў, цяпер практычна няма абмежаванняў для таго, каб назваць дзіця незвычайным або рэдкім імем. Больш за тое, у нас практычна няма абмежаванняў на «выкручастыя» імёны. Між тым у некаторых краінах пытанне дзіцячага нэймінгу рэгулюецца на нацыянальным узроўні. Некалькі гадоў таму ў Новай Зеландыі апублікавалі спіс са 102 імёнаў, якімі называць малых ураджэнцаў выспаў нельга. Сярод іх — Месія, Гітлер, Люцыпар, званні і тытулы — Герцаг, Кароль, Прынцэса, імёны з лічбаў або адной літары. У Італіі нельга называць хлапчукоў Венэрдзі («пятніца»), а ў Партугаліі — Томам.
У Расіі, як і ў нас, забаронаў на пэўныя імёны няма, але органы ЗАГС так і не зарэгістравалі хлопчыка з імем «БОЧрВФ260602» (Біялагічны аб’ект чалавек роду Вароніных-Фраловых, які нарадзіўся 26.06.2002) — у судзе прыйшлі да высновы, што дзіцяці такое імя нашкодзіць у будучыні. Хлопчыка не прынялі ў дзіцячы сад, у школу ён пайшоў па даведцы аб нараджэнні. Бацька, Вячаслаў Варонін, у судовых працэсах з патрабаваннем даць дзіцяці тое імя, якое ён абраў, дайшоў да Страсбургскага суда (зрэшты, і той адмовіўся разглядаць справу). Сына зарэгістравалі ў ЗША і выдалі яму пашпарт «грамадзяніна свету» (ёсць і такі). Летась БОЧу споўнілася 18 гадоў, ён змяніў імя на Ігар і ўрэшце атрымаў расійскі пашпарт.
У Беларусі БОЧа таксама б не зарэгістравалі. Асноўным рэгулятарам, які тычыцца імёнаў дзіцяці, з'яўляецца Кодэкс аб шлюбе і сям'і — а канкрэтна яго 69 артыкул, у якім вызначана: «Уласнае імя дзіцяці даецца са згоды бацькоў. Дзіцяці можа быць дадзена не больш за два ўласныя імені. Уласнае імя, запісанае ў запісе акта аб нараджэнні першым, лічыцца асноўным. Орган, які рэгіструе акты грамадзянскага стану, не мае права адмовіць у прысваенні дзіцяці абранага бацькамі ўласнага імені, калі толькі яно не супярэчыць нормам грамадскай маралі, нацыянальным традыцыям».
Таму БОЧа ў нас не зарэгістравалі б зыходзячы з «нормаў грамадскай маралі і нацыянальных традыцый». А вось зарэгістраваць Дарта Вейдара цалкам можна дамагчыся.
Цяпер работнікі ЗАГСа не маюць права адмовіць у прысваенні дзіцяці імені, абранага бацькамі, на той падставе, што гэтае імя не пазначанае ў даведніку асабістых імёнаў. Супрацоўнікі ЗАГСа могуць толькі звярнуць увагу на тое, што абранае бацькамі імя можа ў будучыні прынесці дзіцяці пэўныя нязручнасці. Тым не менш, калі імя не супярэчыць нормам грамадскай маралі і нацыянальным традыцыям, канчатковы выбар імені дзіцяці застаецца за бацькамі.
Чытайце таксама: Як адрознівацца ад іншых
Так што сёння перашкод фантазіі бацькоў пры выбары імя дзіцяці няма. Захацелася назваць Эсмеральдай або Крузам — калі ласка. Як правіла, пры рэгістрацыі дзіцяці супрацоўнікі ЗАГСа кіруюцца наяўнымі у іх даведнікамі імёнаў, але калі спецыялісты не адшукалі прапанаванага татам і мамай імені ў гэтым даведніку, бацькам трэба будзе ўсяго толькі напісаць заяву.
У асобных выпадках, калі імя дзіцяці зусім ужо «выкручастае», спецыялісты ЗАГСа маюць права звярнуцца ў Інстытут мовазнаўства. Мабыць, менавіта ён вырашае, якія імёны адпавядаюць грамадскай маралі і традыцыям, а якія — не.
Аднак падчас выбару імені дзіцяці варта ўлічваць, што вы даяце не толькі імя дзіцяці. У выпадку з хлопчыкамі вы даяце яшчэ і імя па бацьку будучым унукам або ўнучкам. І калі вы не хочаце, каб вашу ўнучку звалі, да прыкладу, Ірына Вейдараўна або Марыя Дартаўна, называць хлопчыка Дартам ці Вейдарам ўсё ж не варта.
Пры гэтым памяняць імя па бацьку значна складаней, чым уласна імя. Аднойчы ў ЗАГС звярнулася жанчына, якая выйшла замуж за грамадзяніна Францыі па імені Жан. Нармальнае французскае імя, — але яе дачцэ прысвоілі імя па бацьку Жанаўна, што гучыць не вельмі прыгожа. Яна прасіла імя па бацьку не прысвойваць наогул, на што ёй адказалі: «Нашым заканадаўствам не прадугледжаныя выпадкі, пры якіх імя па бацьку дзіцяці не надаецца. Імя па бацьку дзіцяці надаецца па ўласным імені бацькі — і кропка».
Парадак рэгістрацыі шлюбу, нараджэння і, адпаведна, прысваення прозвішча, уласнага імені, імені па бацьку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь абавязковыя для ўсіх, незалежна ад грамадзянства асоб, што жадаюць зарэгістраваць нараджэнне дзіцяці, бацькі якога маюць рознае грамадзянства. Дзяржаўнымі мовамі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца руская і беларуская, адпаведна, і справаводства ў дзяржаўных органах іншых арганізацыях вядзецца на рускай і беларускай мовах. Таму дачка будзе Жанаўнай, пакуль імя не зменіць бацька. Ці (крый Божа) пакуль не высветліцца, што біялагічны бацька дзіцяці — не Жан.
Тая ж цікавая гісторыя з падвойнымі імёнамі. Раней у краіне дзейнічала інструкцыя, згодна з якой падвойныя імёны маглі атрымліваць толькі дзеці, адзін з бацькоў якіх — іншаземец. Але сёння гэтага пункта няма, і ў нас ёсць Кастусь-Браніслаў, Станіслаў-Дамінік, Стэфан-Люцыян і гэтак далей. Да падвойных імёнаў таксама варта падыходзіць асцярожна, бо словы ў законе пра тое, што «ўласнае імя, запісанае ў запісе акта аб нараджэнні першым, лічыцца асноўным» — не проста словы. Імя па бацьку вашым унукам будзе выводзіцца ад асноўнага (гэта значыць першага) імені вашага дзіцяці.
Чытайце таксама: Гісторыя Беларусі ў імёнах
Такім чынам, унучка Кастуся-Браніслава будзе Кастусёўнай, Стэфана-Люцыяна — Стэфанаўнай, а Яна-Дамініка — «Янаўнай».
Цяпер вяртаецца мода на старажытныя беларускія імёны. Многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі дзяцей сваіх называюць менавіта такімі імёнамі. У Вінцука Вячоркі — Радаслава, Ружана, Франак, у Аляксандра Мілінкевіча — Вітаўт, у паэта і барда Эдуарда Акуліна — Верас, у рок-музыкі Лявона Вольскага — Адэля. Адпаведна, унучкі Мілінкевіча будуць Вітаўтаўны. Паспрабуйце прамовіць гэтае імя па бацьку!
І, вядома, можна дамагчыся, каб чалавека запісалі ў дакументах па-беларуску. Таму што напісанне імёнаў рэгулюецца не толькі Кодэксам аб шлюбе і сям’і, але і артыкулам 33 «Закона аб мовах», які мае назву «Мова асабовых імён». У гэтым артыкуле гаворыцца, што «беларускія (рускія) асабістыя імёны і прозвішчы ўжываюцца ў адпаведнасці з нацыянальнай іменаслоўнай традыцыяй, нормамі і правіламі беларускай (рускай) моваў. Асабістыя імёны і прозвішчы з іншых моваў ужываюцца ў беларускай мове ў адпаведнасці з правіламі перадачы».
Таму калі ў ЗАГСе вам кажуць нешта кшталту «гэта не па-руску», смела адказвайце: «Так! Гэта па-беларуску!» І з поўным правам патрабуйце запісаць дзіця беларускім імем.
Змена імені, прозвішча і імя па бацьку — справа клапотная. Заканадаўствам вызначаныя толькі дзве падставы, пры якіх можа быць змененае ўласнае імя дзіцяці: калі пры рэгістрацыі яму было дадзенае ўласнае імя без уліку пажадання бацькоў альбо калі дзіця фактычна носіць не тое ўласнае імя, якое яму было дадзенае пры рэгістрацыі.
Пры гэтым тэрміны змены досыць кароткія. Па першай падставе ўласнае імя дзіцяці можа быць змененае па заяве бацькоў цягам года пасля рэгістрацыі нараджэння дзіцяці. Па другой — цягам шасці гадоў пасля рэгістрацыі нараджэння, а ў выключных выпадках — са згоды дзіцяці і органа апекі і папячыцельства да дасягнення шаснаццаці гадоў.
Імя па бацьку дзіцяці, якое не дасягнула шаснаццаці гадоў, змяняецца, калі ва ўстаноўленым парадку змененае ўласнае імя бацькі або ў выпадку ўстанаўлення бацькоўства, калі ўласнае імя асобы, якая прызнала сябе (прызнаная судом) бацькам, не супадае з уласным імем бацькі, запісаным па ўказанні маці або іншых асоб, якія падалі заяву аб нараджэнні дзіцяці.
Акрамя таго, па дасягненні шаснаццаці гадоў дапускаецца змена імені (прозвішча, уласнага імені, імені па бацьку) грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
Перамена прозвішча, уласнага імені, імені па бацьку робіцца толькі ў тых выпадках, калі для гэтага ёсць уважлівыя прычыны. Такімі могуць быць:
– немілагучнасць прозвішча, уласнага імені, імені па бацьку або цяжкасць іх вымаўлення;
– жаданне насіць агульнае з іншым мужам прозвішча ці вярнуць сваё дашлюбнае прозвішча, калі аб гэтым не было заяўлена пры скасаванні шлюбу;
– жаданне насіць прозвішча айчыма (мачахі), які выхаваў заяўніка, ці імя па бацьку па імені айчыма, калі ўсынаўленне не можа быць аформленае;
– жаданне насіць прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, якія адпавядаюць абранай нацыянальнасці;
– жаданне вярнуць дашлюбнае прозвішча пасля смерці мужа.
Заявы аб змене прозвішча, уласнага імені, імені па бацьку падаюцца ў органы ЗАГС па месцы жыхарства заяўнікаў. Але не факт, што вашае жаданне задаволяць. Былі выпадкі, калі ў змене імені ЗАГСы адмаўлялі па прычыне слабай абгрунтаванасці такога жадання. Бо ў выпадку змены імені даводзіцца перапісваць шмт дакументаў: пашпарты, пасведчанні аб нараджэнні, дакументы на ўласнасць, запісы ў розных кнігах актаў, банкаўскія і іншыя дакументы, працоўныя кніжкі і шмат-шмат чаго яшчэ. Таму спецыялісты раяць дзесяць разоў падумаць, перш чым змяніць уласнае імя або «прыколвацца» пры называнні сына ці дачкі.
Нашых людзей, вядома, цяжкасці не спыняюць. Нягледзячы на складаную працэдуру, кожны год прозвішча або імя мяняюць каля пяці тысяч грамадзян. Гэта ўдвая больш, чым 15 гадоў таму. Але гэта чарговы раз пацвярджае: імя дзіцяці трэба выбіраць свядома і старанна.
Аліна Бялова, budzma.by