Мінкульт прыпыніў незаконны рамонт касцёла ў Гервятах

Міністэрства культуры адрэагавала на скаргу наконт шкоднага рамонту знакамітага касцёла ў Гервятах. Аказалася, што працы праводзілі незаконна, піша hrodna.life.


У канцы ліпеня стала вядома, што ў знакамітым касцёле ў Астравецкім раёне рамантуюць фасады. На рамонт звярнуў увагу Telegram-канал «Спадчына»: маўляў, цамент, які наносілі на цэглу, шкодзіў будынку.

Адзін з каментатараў канала выказаў здагадку, што працы робяць без дазволу і заклікаў пісаць пра магчымае парушэнне ў Міністэрства культуры.

Kasciol u HierviatachКасцёл у Гервятах. Рамонт фасадаў. Фота: t.me/spadczyna


Мінкульт: «Работы на касцёле прыпынены»

У пачатку жніўня Мінкульт даслаў афіцыйны адказ на зварот — рамонт касцёла ў Гервятах праводзіўся незаконна.

«Работы на касцёле прыпынены да распрацоўкі неабходнай дакументацыі, на падставе якой будуць выконвацца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы ва ўстаноўленым парадку», — паведамляецца ў дакуменце.

Kasciol u Hierviatach
Касцёл у Гервятах. Рамонт фасадаў. Фота: t.me/spadczyna

За час рамонту касцёл амаль перафарбавалі

Неагатычны касцёл у Гервятах з’яўляецца помнікам архітэктуры мяжы XIX і XX стагоддзяў. У час рамонту касцёл перафарбавалі ў іншае адценне — пабачыць арыгінальны колер цаглін можна ў невялікім зандажы. Будаўнічыя рыштаванні на вежы і ля ўваходу ў касцёл стаяць як мінімум два гады.