Гісторык Яўген Красулін: «У свеце няма нічога вечнага. Імперыі таксама маюць абмежаваны тэрмін існавання»

Транзіт ці зачараванае кола імперыі? Пра гэта Гісторык Яўген Красулін разважае гісторык Яўген Красулін на сайце анлайн-медыя «Салідарнасць».

Jaŭhien Krasulin

Ёсць у нашых спробах асэнсаваць, дзе мы цяпер знаходзімся, і што з намі адбываецца, адна вялікая праблема. Мы пачынаем аналіз нашага стану менавіта з 2020-га, ігнаруючы ўсе папярэднія этапы.

Тыя этапы падаюцца нам не істотнымі, бо нацыя ў той час «спала», цалкам задаволеная патэрналісцкай дыктатурай" з ейнай сістэмай каштоўнасцяў «чарка-шкварка-іншамарка». Ды й увогуле — даўно гэта было.

І тут — трах-бабах — людзі абудзіліся ў натужным ковідным кашлі, і пачалі рушыць, не ўяўляючы ўцямна, куды і навошта. Адсюль і высновы аналітыкаў, што грамадства можна цягам трох-пяці месяцаў «разварушыць» з нулю да кропкі кіпення, і сумненні кшталту: ці не з’яўляецца гэтая пяцігодка кароткім этапам асэнсаванага існавання паміж доўгімі фазамі анабіёзу?

Такое адмаўленне папярэдніх этапаў уласціва нават прафесійным гісторыкам, ня тое што людзям іншых прафесій. Але час — катэгорыя падступная. Яна можа, канечне, прыняць у нашым уяўленні дыскрэтны выгляд нейкіх асобных, ізаляваных адна ад адной «эпохаў», але пры гэтым застанецца з’явай кантынуальнай.

То бок, разглядаць падзеі пасля 2020-га без разумення, як і з чым мы да іх прыйшлі, будзе марнаваннем часу. Ды яшчэ й небяспечным, паколькі можа прывесці да няслушных высноваў і, адпаведна, памылковых крокаў у далейшым.

Яшчэ адзін істотны момант, які мы часцяком ігнаруем, гэта тое, што Беларусь не з’яўляецца сфэрычным аб’ектам у вакууме. Яна існуе ў шырокім гістарычным кантэксце, ад якога не схаваешся, нават калі з’ехаць на хутар і перайсці на натуральную гаспадарку: выбух якога-небудзь вулкану ў раёне Інданэзіі падорыць на некаторы час маляўнічыя па сваіх фарбах закаты, але, магчыма, прынясе й вялікія праблемы з ураджаем.

Так і наш цяперашні стан існуе далёка не самастойна, а знаходзіцца ў кантэксце больш шырокага транзіту — ад былой савецка-расійскай імперыі да чагосьці новага, з сваімі новымі рэгіянальнымі і трансрэгіянальнымі канфігурацыямі і геапалітычнымі выбарамі (маўчу ўжо пра сусветныя трэнды).

Усё гэта, канечне, пагражае нам гіганцкім камяком фактараў, які можа напалохаць сваёй масай. Але без акуратнага — пласт за пластам — разгортвання таго камяку мы наўрад ці зразумеем, чым быў для нас 2020-ты (абуджэннем нацыі, памылкай, змовай замежных спецслужбаў), дзе мы знаходзімся цяпер (на шляху да светлай будучыні ці ў кароткім прамежку абуджэння паміж доўгімі фазамі каматознага стану) і куды прыйдзем у будучыні (да той самай светлай будучыні? да новага цыклу дыктатуры? да поўнай гібелі нацыі і дзяржавы?).

Больш за тое, без гэтага ня здолеем адэкватна зразумець, кім мы ёсць, і на што мы здольныя. А без гэтага ў нас наўрад ці атрымаецца зрабіць слушны выбар у той ключавы момант, які й вызначыць нашую будучыню.

Čas

І пачаць, безумоўна, варта з таго фактару, які з’яўляецца асноўным у фармаванні кантэксту, у якім мы існуем. А менавіта — імперыі, яе распаду і спробаў аднаўлення, вынікам якога, з аднаго боку, з’явілася незалежная Беларусь, а з іншага — крывавыя канфлікты і пагроза знішчэння ня толькі нашай незалежнасці, але і шмат чаго яшчэ.

Станоўчым для нас ёсць тое, што па логіцы гістарычнага працэсу ў свеце няма нічога вечнага. Імперыі таксама маюць абмежаваны тэрмін існавання. ХХ стагоддзе дае шмат аргументаў у падтрымку гэтага назірання.

Іншая справа, што ў некаторых нацый ідэя імперыі пераходзіць у хранічны стан, і тады яе агонія можа доўжыцца працяглы час, што нараджае трагічныя сітуацыі для суседніх народаў. Сярод такіх народаў апынуліся і беларусы.

Першая сусветная, якая пахавала цэлы шэраг імперый, падавалася, прывяла да гібелі і Расійскую. Бальшавікам, якія прыйшлі да ўлады ў сталіцы, было цяжка знайсці рэсурсы для ўтрымання «нацыянальных ускрайкаў». Таму яны вылучылі лёзунг «самавызначэння народаў», чым народы і скарысталіся, абраўшы шлях незалежнасці, рэспублікі і (часцяком) капіталізму.

Але бальшавікі, хоць і настойвалі на неабходнасці злому ўсіх старых парадкаў, перанялі ад мінуўшчыны адну, затое асноўную (можна сказаць — дзяржаваўтворную) ідэю. Гэта — веліч праз тэрыторыю.

Яшчэ ў пачатку ХІХ стагоддзя расійскі інтэлектуал Чаадаеў адзначыў, што Расіі, каб яе заўважылі ў свеце, «давялося расцягнуцца ад Берынгавай пратокі да Одэра». Ён настолькі трапна вызначыў сутнасць «велічы Расіі», што сам імператар Нікалай І абвесціў яго вар’ятам.

Бо сапраўды, толькі гэта — неабсяжныя абшары — і магла прад’явіць Расія ў якасці свайго дасягнення. У далейшым у творах расійскіх паэтаў, пісьменнікаў, філосафаў, каб ну хоць неяк прыкрыць абсурднасць «велічы праз тэрыторыю», пачала крышталізавацца ідэя «расійскага месіянства» — нібыта прызначэння Расіі на ролю ратавальніка ўсяго чалавецтва.

Гэтая ідэя і была падхоплена бальшавікамі, хоць атрымаўшы новую інтэрпрэтацыю. Замест абстрактнага «ратавання» яны ўзялі на ўзбраенне канкрэтную рэвалюцыю, мэтай якой была пабудова камунізму ва ўсім свеце.

І калі якія неразумныя ці недаспелыя нацыі не былі ў стане самастойна здзейсніць гэтую рэвалюцыю, ім на дапамогу мусілі прыйсці расійскія бальшавікі. Як казаў тады адзін з бальшавісцкіх лідэраў Мікалай Бухарын, «кожная пралетарская дзяржава мае права на чырвоную інтэрвенцыю».

Завяршэнне грамадзянскай вайны на карысць бальшавікоў дазволіла перайсці да практычнага ажыццяўлення «чырвонай інтэрвенцыі». Для гэтага яны стварылі «тыпавую мадэль» — простую і эфектыўную, заснаваную на ўнутраных канфліктах маладых незалежных дзяржаў. Заўважым, што такія канфлікты з’яўляюцца натуральным этапам у фармаванні новых палітычных утварэнняў. Звычайна яны пераадольваюцца з цягам часу. Але калі побач заводзіцца імперскі драпежнік, часу, як правіла, не бывае.

Бальшавікі былі мастакамі лавіць рыбку ў каламутнай вадзе. Карыстаючыся ўнутраным раздраем, яны ўмацоўвалі свае пазіцыі ўнутры той ці іншай краіны, а потым, калі побач з межамі з’яўляліся злучэнні Чырвонай арміі, хутка ўздымалі мяцеж, абвяшчалі сябе «пралетарскім урадам» і звярталіся да Масквы па дапамогу. А тая ну ніяк не магла ім у гэтай дапамозе адмовіць.

Менавіта па такой схеме былі ліквідаваныя незалежныя рэжымы ў Азербайджане, Арменіі, Грузіі. З невялікімі нюансамі яна была здзейсненай і ў працэсе «чырванізацыі» Сярэдняй Азіі (Бухарскі эмірат, Харэзмскае (Хівінскае) ханства). У выніку бальшавікі здолелі аднавіць значную частку тэрыторыі імперыі.

З сусветнай рэвалюцыяй, праўда, не атрымалася. Але ідэя імперыі засталася. Больш за тое, пасля Другой сусветнай у наратывах акцэнт усё больш рабіўся менавіта на «рускасці». Істотным прызнакам гэтага з’явіліся словы новага гімну СССР, прынятага ў 1943-ім. Замест папярэдняга закліку да ўсяго свету «голодных и рабов» у новым гімне зацвярджалася вядучая роля Расіі ва ўтварэнні СССР, які «сплотила навеки Великая Русь».

«Савецкасць» усё больш саступала пазіцыі «рускасці», па меры таго, як сама савецкая сістэма ўсё больш дэманстравала сваю слабасць. Крайняя неэфектыўнасць сацыялістычнай эканамічнай мадэлі пачала рабіцца відавочнай яшчэ з 60-ых. Ня выратаваў нават цуд у выглядзе цунамі з нафтадаляраў, якое накрыла СССР у пачатку 70-ых. Ужо ў пачатку 80-ых у грамадстве прысутнічала адчуванне насоўвання вялікага крызісу.

І імперыя (на гэта раз — савецкая) зноў ляснулася — пераважна, пад цяжарам унутраных праблемаў. Эканамічная сістэма была настолькі неадэкватнай, а палітычная настолькі дыскрэдытаванай, што вонкавых фактараў амаль не спатрэбілася.

Зноў у новага цэнтра (цяпер гэта не бальшавікі, а дэмакраты) не было рэсурсаў на ўтрыманне тэрыторыі імперыі ў цэласці. Больш за тое, Барыс Ельцын актыўна выкарыстоўваў нацыянальна арыентаваныя сілы саюзных рэспублік у сваёй барацьбе супраць улады КПСС. Нават у адрас расійскіх аўтаномій гучыць заклік: «Бярыце столькі суверэнітэта, колькі зможаце праглынуць!»

Захапленне новымі дэмакратамі было настолькі вялікім, і настолькі вялікім быў крэдыт даверу, выдадзены ім як грамадствамі постсавецкай прасторы, так і краінамі Захаду, якія знаходзіліся ў эйфарыі ад нечаканай перамогі ў Халоднай вайне і трыюмфу свабоды, што ніхто й думаць не хацеў у бок правядзення паралеляў з бальшавікамі 70-гадовай даўніны.

Таму заходнія палітыкі з палёгкай пагадзіліся на варыянт, калі новая «дэмакратычная» Расія брала на сябе адказнасць за «падтрыманне парадку» на постсавецкай прасторы. За выключэннем, праўда, краінаў Балтыі. Праз гісторыю іх існавання ў міжваенны перыяд у выглядзе незалежных дзяржаваў, яны лічыліся часткай заходняга свету, незаконна захопленай у свой час савецкімі бальшавікамі. Таму туды, было сказана Расіі, ня лезце.

А вось дэмакратызацыяй астатніх постсавецкіх тэрыторыяў можаце, маўляў, займацца ў любой абранай вамі пазіцыі. Трапляла ў гэтую катэгорыю і Беларусь, у чым можна знайсці адказ на пытанне: чаму ў краінаў Балтыі «атрымалася», а ў Беларусі — не.

Тым часам у шэрагу новых незалежных краінаў да ўлады прышлі нацыянальна арыентаваныя сілы, якія добра памяталі ўсё, што ім прынесла Расія ў мінулым, і праз гэта цяпер яны жадалі трымацца ад яе як мага далей. Такія рэжымы ўсталяваліся ў Грузіі (Гамсахурдзія), Азербайджане (Эльчыбей), Малдове (Снегур).

Так, як у большасці маладых краінаў, у іх былі свае ўнутраныя праблемы — эканамічныя і палітычныя. Былі і тэрытарыяльныя праблемы с суседзямі, ці з сэпаратысцкімі рухамі ўнутры краіны. Была барацьба за ўладу, якая часцяком мела ўзброены характар.

І вось нечаканасць: побач з гэтай барацьбой (а тое і ўнутры яе) заўжды намалёўваўся сілуэт Расіі — ейнай зброі і ейных вайскоўцаў. Ну проста як з бальшавікамі і Чырвонай арміяй.

І вынік быў такім жа: замест дыскрэдытаваных (выгнаных, знішчаных) нацыянальных урадаў у краінах усталёўваліся рэжымы прамаскоўскія. Яны далучаліся да сістэмы міжнародных дамоваў (СНД, АДКБ і г. д.), якія, фактычна, былі інстытутамі захавання ўплыву Расіі на постсавецкай прасторы. Гэты ўплыў у далейшым мусіў быць выкарыстаным ужо для простага аднаўлення Імперыі.

Няма аніякіх падставаў сумнявацца, што калі б у 1994-ым беларусы зрабілі іншы выбар (на карысць больш нацыянальна арыентаванага, скажам, палітыка), ягоны лёс (і лёс Беларусі) быў б такім жа: праз некаторы час у краіне з’явілася б група грамадзянаў, палітыкаў, вайскоўцаў, якія б у знак пратэсту супраць «гвалтоўнай беларусізацыі» абвесцілі б сябе «часовым урадам Белоруссіі» і запрасілі б дапамогу ў Расіі супраць беларускіх «неанацыстаў», якую тая б ахвотна аказала.

Таму ня трэба цешыць (ці раздражняць) сябе ілюзіямі: лёс Беларусі быў абумоўлены ня столькі выбарам беларусаў, колькі навакольнымі абставінамі і тым кантэкстам, у якім у 90-ых пачынаўся працэс транзіту ад савецкай імперыі да незалежнасці — на фоне спробаў аднаўленя імперыі расійскай.

Менавіта ў гэтым кантэксце і варта разглядаць тыя падзеі, якія адбываліся ў Беларусі ў 90-ых і наступныя дзесяцігоддзі, і якія прывялі нас да 2020-га. І менавіта ў ім — галоўныя адказы на пытанні, чаму падзеі пайшлі менавіта тым шляхам, якім пайшлі.

Заўважым, спробы аднаўлення імперыі пачаліся зусім не з агрэсіі супраць Украіны. Гэта — ужо відавочная праява той хваробы, якая даўно замацавалася ў галовах расіянаў. Імперская ідэя сфармавалася стагоддзі таму, крышталізавалася ў ХІХ стагоддзі, і зрабілася ключавым элементам расійскай карціны свету.

Зусім памылковым будзе лічыць, што крыніцай расійскай імперскасці з’яўляюцца кіраўнікі гэтай краіны (імператары, бальшавікі, «дэмакраты»). Але ў рэчаіснасці галоўным носьбітам, прыхільнікам і замоўцай гэтай ідэі з’яўляецца народ Расіі.

Яшчэ ў 90-ых, пад час жыцця ў Маскве, давялося звярнуць увагу на такую акалічнасць: у той час як палітычнае кіраўніцтва вонкава ўстрымлівалася ад праяваў імперыялізму (нават выводзіла іх у сфэру маргінальных сіл, якія выкарыстоўвала ў якасці пудзіла «чырвона-карычневага рэваншу»), простыя грамадзяне зусім не бянтэжыліся імперскіх праяваў. Краіны «блізкага замежжа» разглядаліся імі як гістарычныя непаразуменні і карыкатуры на ідэю незалежных дзяржаваў.

«Вялікая Расія» з ейнай гістарычнай місіяй (ня столькі ратаваць, колькі кіраваць) трывала апанавала галовы расіянаў і зноў заняла месца «дзяржаваўтвараючай» канцэпцыі, якое, уласна і не губляла. Проста ня мела падставы для праявы. А пасля з’яўлення незалежных дзяржаў (ці, як іх зняважліва клічуць, «лімітрофаў») гэтая мара зноў забуяла ў галовах.

Таму ня маюць рацыі тыя, хто вінаваціць у цяперашнім стане выключна Пуціна (ня так даўно давялося пачуць гэтае катэгарычнае сцвярджэнне з вуснаў расійскага апазіцыянера і былога палітвязня Ільлі Яшына).

Я добра памятую, як Пуцін прыйшоў да ўлады, якім ён быў, і якім ён стаў. І тое, якім ён стаў — гэта выключна замова расійскага грамадства. Замова менавіта на аднаўленне (а за апошнім часам — і пашырэнне) расійскай імперыі. Прычым, не істотна, на якім ідэялагічным падмурку гэта адбудзецца — галоўнае, каб гэта было імперыяй. Таму так лёгка царская імперыя перайшла ў савецкую, а савецкая — у цяперашнюю расійскую.

Трываласць гэтай ідэі наводзіць на думкі, што і з завяршэннем «эпохі Пуціна» спробы транзіту да імперыі ня спыняцца — паколькі ідэя застаецца ў галовах расіянаў.

І вось ужо гучаць з вуснаў цяперашніх расійскіх апазіцыянераў, што пасля вяртання Расіі да дэмакратыі, на павесцы дня паўстане пытанне пра аб’яднанне «звышновых» краінаў у новае палітычнае адзінства. Бо, маўляў, прага да аб’яднання закладзена ў самой прыродзе дэмакратыяў. А мовай новага аб’яднаня будзе, канечне, расійская. Паколькі яна самая зручная, самая зразумелая і самая вялікая. Такая ж Вялікая, як і сама Расія, з ейнай місіяй на сусветную дэмакратызацыю.

Калі мы жадаем вырвацца з гэтага зачараванага кола, мусім памятаць, што мы — беларусы, захоўваем адзінства і вучым беларускую мову. Імперыя гэтага баіцца.