Аліна Бялова піша на budzma.org якім чынам і навошта трэба абараняць свае персанальныя дадзеныя.
«…на заснежаных дахах аэрапортаў», — спявае J:Морс. Але ўсе мы пакідаем розныя сляды ў выглядзе сваіх персанальных дадзеных дзе трэба і дзе не трэба. А потым дзівімся, калі нам тэлефануюць нейкія «прамоўтары» з просьбай набыць «толькі цяпер са зніжкай і толькі для вас» нейкую непатрэбную трасцу. Альбо аформіць крэдыт. Альбо атрымаць іншыя паслугі.
Варта прызнаць, што часцяком мы самі «рассакрэчваем» свае дадзеныя, якія потым дадаюць нам клопату ў выглядзе непажаданых тэлефанаванняў і рознага кшталту рэкламы.
Вы пра яго, у век мабільнай сувязі, ужо забыліся, так? А дарма!
Цяпер у Беларусі праходзяць дзве масавыя кампаніі, што маюць на ўвазе падбор вашых тых самых персанальных дадзеных, якія потым могуць «уцячы» да назойлівых і настойлівых фірмачоў. Гэта выбарчая кампанія і кампанія па перапісе насельніцтва. Калі вы жадаеце даць як мага менш працы хцівым маркетолагам, трэба з абачлівасцю падыходзіць да таго, пад чым вы падпісваецеся.
Найчасцей на выбарах вас просяць паставіць подпіс за таго ці іншага кандыдата. Чальцы ініцыятыўных групаў усяляк запэўніваюць, што гэта пойдзе ў выбарчыя камісіі — і нікуды болей. Сярод звестак, якія вам прапануюць пакінуць пра сябе, каб вылучыць сімпатычнага вам кандыдата, — адрас і тэлефон.
Кадр з фільма "Бойлерная", 2000 год.
Ніколі не верце таму, што «гэта выключна для вылучэння». Калі працаю з патэнцыйным дэпутатам займаецца прафесійная каманда, яны заўсёды захоўваюць у сябе копіі падпісных лістоў. З мінімальнай мэтай — каб аспрэчыць магчымую нерэгістрацыю іх прэтэндэнта на дзяржаўную выбарчую пасаду. З максімальнай — каб звярнуцца да вас яшчэ раз на наступных выбарах. Бо яны ўжо ведаюць і ваш тэлефон, і ваш адрас.
Хіба такіх бланкаў — вы імі ўжо не распараджаецеся. А «база тэлефонных нумароў» застаецца. І ніхто не дасць гарантыі, што яна не будзе прададзеная каму-небудзь.
Абараніць прыватны нумар тэлефона ад распаўсюджу даволі проста. Памятайце нумар хатняга тэлефона! Збольшага ў росквіт мабільнай сувязі мы не карыстаемся стацыянарным тэлефонам. Але памятаць яго нумар варта — хаця б каб запісваць ва ўсялякія «апытальнікі». Прынамсі гэта аберажэ вас ад тэлефанаванняў «менеджараў» у нязручны для вас час.
Што ж да адраса — зразумела, вы пакідаеце адрас прапіскі (рэгістрацыі). Нават калі самі па «рэгістрацыі» не жывяце.
Часцяком мы запаўняем розныя формы, ці ўжывую, ці на сайтах, дзе ад нас таксама патрабуюць адрас і тэлефон «для кантактнай сувязі». Гэта можа быць што заўгодна — ад рэгістрацыі ў якасці ўдзельніка нейкага мерапрыемства да анлайн-апытанкі па злабадзённых праблемах. То бок мы самі пакідаем свае дадзеныя людзям, якіх зусім не ведаем! І пра гэта проста не задумваемся. А потым скардзімся, што нас турбуюць незнаёмыя (ці малазнаёмыя) людзі.
Калі вы запаўняеце такія формы як прадстаўнік прадпрыемства — на нейкай канферэнцыі ці падобным зборышчы, — вы, адпаведна, гэтае прадпрыемства і прадстаўляеце. Можна скарыстацца неаднаразовай напрацоўкай беларускай міліцыі. Калі беларускія міліцыянты выступаюць сведкамі ў судах, яны называюць не хатні адрас, а адрас раскватаравання іх часткі.
Кадр з фільма "Фірма", 1993 год.
Так што і вы вывучыце некаторыя падобныя звесткі. Напрыклад, юрыдычны адрас вашай працы. Адпаведна, ведайце і працоўны тэлефон — нават калі гэта будзе тэлефон прыёмнага пакоя дырэктара. Гэта вельмі зручна, калі поле «абавязковае для запаўнення», але вы не хочаце пакідаць свой персанальны мабільны.
З развіццём мабільнай сувязі такое паняцце, як «службовы тэлефон», паволі знікае з паўсядзённага жыцця. Як правіла, мы выкарыстоўваем адзін апарат і адзін нумар тэлефона для асабістых і службовых патрэбаў. Гэта, вядома, зручней, чым цягаць у кішэні дзве «трубы». Але ці бяспечней?
Калі вашая праца звязаная з багатай колькасцю кантактаў, варта мець «службовы нумар» і пакідаць для службовых справаў толькі яго. Дый, па вялікім рахунку, цягаць з сабою лішні апарат не трэба. Проста пакідайце яго на працы.
Абарона асабістых дадзеных у інтэрнэце — вялікая тэма. Пра гэта напісана даволі шмат цікавага і радыкальнага: пра тое, якія дадзеныя збіраюць пра вас сацыяльныя сеткі і Гугл, як ад гэтага аберагчы сябе. Вы толькі разочак клікнулі на рэкламу офісных крэслаў — а вам ужо валяцца прапановы набыць усё: ад таго самага камп’ютарнага крэсла да іншай офіснай мэблі. Што зробіш, свет адсочвае вашыя бадзянні па сеціве. А інтэрнэт-крамы збіраюць вашыя мэйлы і рэгулярна робяць рассылку сваіх «навінаў».
Таму, каб не атрымліваць процьму рэкламных лістоў, не карыстайцеся «асноўным» мэйлам. Стварыце адмысловую паштовую скрыню, на якую будзеце рэгістраваць усё: карткі зніжак у крамах, даваць яе пры ўдзеле ў прома-акцыях, пры пакупках у інтэрнэт-крамах… Збярыце ўвесь свой спам у адным месцы і не забруджвайце «асноўную» пошту — ваш працоўны (як правіла) інструмент.
Тое ж тычыцца сацыяльных сетак. Як правіла, цяпер яны прадугледжваюць рэгістрацыю па двух напрамках — праз мэйл і праз нумар тэлефона. Калі вы зацікаўленыя ў захаванні свайго тэлефона «ў чысціні» — рэгіструйцеся ў іх праз электронную пошту. Балазе, «левых» мэйлаў можна наствараць колькі заўгодна.
Асобная праблема з месенджарамі кшталту Viber i WhatsApp. Яны, як правіла, рэгіструюцца па нумары тэлефона. Але варта памятаць, што, уступаючы ў нейкую групу — бацькоўская гэта група вучняў ці «Жарты Падмаскоўя», — вы аўтаматычна робіце нумар свайго тэлефона бачным чальцам гэтай групы. Таму асцярожней стаўцеся да ўдзелу ў такіх «паблік-чатах» і абірайце, дзе рэгістравацца вам сапраўды патрэбна.
Кадр з фільма "Сацыяльная сетка", 2010 год
На жаль, да банкаўскіх картак мы ставімся гэтаксама нядбайна, як і да нумару свайго тэлефона.
Першае, што варта назаўсёды забараніць сабе самому, — гэта пакідаць картку па-за полем зроку. Напрыклад, ні ў якім разе, разлічваючыся з афіцыянтам у кавярні, не трэба даваць яму картку, каб ён яе зносіў і прыносіў назад. Сфатаграфаваць вашую картку — цяпер справа нават не хвіліны, а некалькіх секундаў. Прычым адразу абодва бакі. А ведаючы імя, прозвішча, нумар карткі і CVV-код на яе абаротным баку, можна і грошы перавесці з вашага рахунку на іншы ці нешта набыць. Іншая праблема — ці дасылае банк вам код для пацвярджэння транзакцыі. Калі у вас такой функцыі няма, лічыце, картку вы згубілі.
Пры афармленні карткі ў банку пытаюцца: выдаваць імянную картку ці нумарную? «Імянная» — гэта калі вашыя імя і прозвішча напісаныя на картцы. Шмат хто замаўляе такую і чакае яшчэ некалькі дзён, каб яе зрабілі. Я ж зазвычай бяру простую. Па-першае, не трэба чакаць. Па-другое, таямніца імя і прозвішча — гэта дадатковая абарона, калі картка трапіць «не ў тыя» рукі. Наўрад ці злачынца ведае, як маё імя і прозвішча (якое на картцы не ўказана) пішацца лацінкаю — а гэта, як правіла, абавязковае поле для запаўнення пры набыцці тавару ці паслуг у інтэрнэце.
І, вядома, трэба імкнуцца не «прывязваць» картку да пэўнай інтэрнэт-крамы ці інтэрнэт-акаўнта, што часцяком просяць зрабіць розныя рэсурсы. Ваш банк, можа, і не самы надзейны, але наўрад ці староннія інтэрнэт-крамы больш надзейныя за банк і абараняюць нумары вашых картак так, як гэта робіцца ў банкаўскай сферы.
Кадр з фільма "Байцоўскі клуб", 1999 год.
Усе прыведзеныя вышэй парады — не заклік параноіць і ўвогуле адмаўляцца ад тэлефонаў і банкаўскіх картак. Але проста будзьце ўважлівыя: глядзіце, дзе, каму і якія дадзеныя вы пакідаеце і ці варта гэта рабіць. Дзе вы можаце пакінуць хатні тэлефон, а дзе трэба падаць сотавы. Дзе абавязкова «рассакрэціць» нумар, а дзе можна без гэтага абысціся.
Да чаго мы можам заклікаць, асабліва сёння і цяпер — у час выбараў і перапісу насельніцтва, — дык гэта ўважліва паставіцца да згаданых мерапрыемстваў. Напрыклад, правільна адказаць на пытанні 12 і 13 падчас перапісу і пазначыць сваёй роднай мовай беларускую!
Аліна Бялова, budzma.org
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!