Выставы, майстар-класы, батлейка, арт-латарэя і дранік-фэст: Віленскі беларускі музэй імя І. Луцкевіча ладзіць «Ноч музеяў — 2025»

Віленскі беларускі музэй імя І.Луцкевіча запрашае ўсіх у «Беларускі маляваны вырай». Менавіта так гучыць сёлетняя тэма святочнай імпрэзы з нагоды «Ночы музеяў-2025». Мерапрыемства адбудзецца 17 траўня, пачатак а 13:00. Праграма надзвычай насычаная. Тут і арт-гутарка, і выстава, і майстар-класы, і латарэя прац беларускіх мастакоў, а таксама дранік-фэст і канцэртна-танцавальная праграма з удзелам Яўгена і Вольгі Барышнікавых.

Afiša

Як кажуць арганізатары, «Калі ў самыя цёмныя часы людзям заставалася толькі надзея, на цёмным фоне, як мары пра светлую будучыню, пачалі распускацца яркія рознакаляровыя кветкі, птушкі, расліны, дзівосныя звяры — тое, што мы бачым на маляваных дыванах і куфрах, паліхромных кашулях і ручніках, у садах нашых бабуль. Мы запрашаем вас у беларускі маляваны вырай! Намалюйце свае самыя яркія мары, і няхай яны спраўдзяцца!»

Што ў праграме?

А 15-й пачынаецца Арт-гутарка з рэжысерам спекталя «Мальовані слова / Маляваныя словы» (паказ фільма з унікальнымі кадрамі з экспедыцыі, якая даследавала жыццё і лёс Алены Кіш і Марыі Прымачэнка).

А 16-й у буйной залі музея адкрываецца выстава «Горкія травы».

А 16:30 адбудзецца латарэя прац беларускіх мастакоў. Можна выйграць 1 з 10 прац за данат у 5 еўра.

У бібліятэчнай залі з 14:00 будуць ісці майстар-класы: адзін для дарослых, адзін для дзяцей. Дзеці змогуць распісаць сабе падстаўкі пад кубачкі, натхніўшыся маляванымі дыванамі. А дарослыя зробяць сабе шопер з сапраўднай маляванкай. Колькасць месцаў на майстар-класы абмежаная. Патрабуецца рэгістрацыя.

У двары музея запланаваны шэраг актыўнасцей. Так, з 13:00 і да закрыцця мерапрыемства працуе Кірмаш майстроў. Можна прыдбаць сабе цікавыя аўтэнтычныя вырабы ад бранзалетаў з арнаментам і хустак з набіванкай да світшотаў і кніг.

З 15:00 да 17:00 будзе дзейнічаць «дзіцячая паляна». У праграме: беларуская Батлейка («Лясная жыхарка» і «Дзве зорачкі»), актыўныя гульні, аквагрым, размалёўкі, пазлы, кніжкі, гульні з мячыкамі і балёнікамі. Тут жа можна намаляваць свае мары і ўпрыгожыць імі падворак — створым свой беларускі маляваны вырай!

З 18:00 да 19:00 можна будзе падсілкавацца падчас дранік-фэсту.

Канцэртна-танцавальная праграма пачынаецца а 18-й. Для вас выступаюць Яўген і Вольга Барышнікавы. А з 20й і да ўпаду вас чакаюць танцы ў музеі!

Вітаюцца госці ў яркай апратцы.

Болей падрабязныя звесткі па праграме будуць публікавацца ў сацыяльных сетках Віленскага беларускага музея імя І.Луцкевіча (Інстаграм) і Беларускага Дома ў Вільні (Інстаграм).