У «Бібліятэцы Бацькаўшчыны» выйшла новая кніга — «Выбранае» Хведара Ільяшэвіча

43-я кніга з «Бібліятэкі Бацькаўшчыны» — гэта «Выбранае» Хведара Ільяшэвіча (1910–1948), беларускага паэта, журналіста і палітычнага дзеяча, творчасць якога ў Беларусі сёння ведаюць мала. Зборнік уклалі вядомыя даследчыкі Наталля Гардзіенка, Ціхан Чарнякевіч і Лявон Юрэвіч. Раней у Беларусі асобная кніга з творамі Ільяшэвіча выходзіла толькі аднойчы.


0d2f15aac52f6ec5a942c489bedb9bdc.jpg

У кнігу ўвайшлі вершы, апавяданні, нарысы, фельетоні і лісты, якія друкаваліся ў зборніках «Недапетая песня» і «Чорная кніжка», падрыхтаваных і выдадзеных у Нямеччыне Юркам Жывіцам, «Архіўнай кнізе» і «Мемуарах на эміграцыі» Лявона Юрэвіча, а таксама ў розных часопісах і газетах, у тім ліку «Запісах БІНіМ».

Акрамя ліставання Хведара Ільяшэвіча, Вольгі Таполі і Юркі Віцьбіча, якое чытаецца як эпісталярны раман, уражанне пра асобу нацыянальнага дзеяча дапамагаюць скласці ўспаміны пра яго аўтарства Юркі Жывіцы і Юркі Віцьбіча, а таксама біяграфічны нарыс Арсеня Ліса.

Як адзначыла Наталля Гардзіенка, гэта «ўнікальны выпадак, калі захавалася такая эмацыйная і шматаспектная эміграцыйная карэспандэнцыя.»

Даследчыа звяртае ўвагу на тое, што кніга цікавая і яшчэ адным момантам: «як вядома, прозвішча аўтара існуе ў трох варыянтах: Ільяшэвіч (так падпісаныя ягоныя міжваенныя зборнікі), Ільляшэвіч (як пісалася на эміграцыі) і Ілляшэвіч (як згадвалі яго даследчыкі ў Беларусі). У новым выданні прысутнічаюць усе гэтыя варыянты: першы — на тытульнай старонцы, у прадмовах і каментарах, другі — у арыгінальных тэкстах успамінаў і ліставанні, і трэці — на вокладцы. Няхай для гісторыі захаваецца гэтая шматварыянтнасць разам з усім тым, што пісалася і пішацца самім аўтарам і пра яго.»

У найлепшых традыцыях серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» кніга грунтоўна пракаментаваная і мае іменны паказнік.

Набыць кнігу можна ў knihi.by, kniganosha.by, tn.by і ў краме mmkut.by.

Інфармацыйны цэнтр МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»