Новую гісторыю пра Пэтсана і Фіндуса прэзентавалі ў Мінску (+ФОТА)

Кнігу шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста «Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі», перакладзеную на беларускую мову Надзеяй Кандрусевіч і выдадзеную ў серыі «Каляровы ровар», прадставілі 8 чэрвеня ў кнігарні «ЛогвінаЎ». Дзеткі ды іх бацькі ў захапленні!

findus-3_01

Праект-менеджар ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Аляксандра Дварэцкая вітае гледачоў

findus-3_04

Салодкія пачастункі для маленькіх чытачоў і чытачак

findus-3_03

Арганізатарам прэзентацыі стала ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, партнёрам — грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” пры ўдзеле Амбасады Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь.

findus-3_18

Акцёры Ганна Хітрык і Павал Харланчук

Героі казкі “Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі” ажылі ў сталічнай кнігарні. Матэрыялізавацца ім дапамаглі акцёры Ганна Хітрык і Павал Харланчук. Дзякуючы ім чытанне ператварылася ў сапраўдны спектакль — яркі, напоўнены гукамі.

findus-3_06

 

Галоўнае — патрабавальная мэтавая аўдыторыя была заваявана. Дзеці шчыра перажывалі за герояў, у хваляванні церабілі старонкі сваіх кніг і назіралі за яркімі малюнкамі, якія трансляваліся праз праектар.

“Загадкавая, таямнічая і між тым светлая гісторыя пра прыгоды дзядулі і кацяня. Мы прачыталі ўжо тры, спадзяюся, будуць і іншыя пераклады”, — падзяліўся ўражаннямі Павал Харланчук.

Акцёр запэўніў, што на гэты раз рыхтавацца да выступу было не вельмі цяжка. Роля Пэтсана для яго ўжо добра знаёмая. Кажа, што раней яны спрабавалі ладзіць з простых чытанняў маленькія спектаклі. Але ў выніку прышлі да спрошчанага фармату, каб не цягнуць увагу маленькіх слухачоў на сябе, а сканцэнтраваць яе на тэксце кнігі, на малюнках.

findus-3_09Усім цікава ведаць, як дзядуля Пэтсан пазнаёміўся з коцікам Фіндусам…

…і як Фіндус згубіўся, а пасля знайшоўся

Павал Харланчук параўнаў свой выступ з чытаннем казак дзецям дома: “Размовы дзяцей ні ў якім разе не перашкаджаюць. Усё як у звычайных сем’ях — часам дзеці слухаюць уважліва, часам не. Толькі дома можна чытанне спыніць, адкласці кнігу і працягнуць заўтра, а тут нельга. Наша задача ў тым, каб не мерапрыемства не было занадта доўгім, бо сапраўды ўвага нашых слухачоў пераменлівая. Тым больш яны ўсе рознага ўзросту і ўспрыманне ў іх рознае: адных больш малюнкі прыцягваюць, другіх – музыка, трэціх – інтанацыя”.

findus-3_31

Дзеці насамрэч цікавіліся адразу ўсім, што адбывалася навокал. Яны паспелі і паслухаць выступленне акцёраў, і атрымаць асалоду ад музыкі, і нават зладзіць тэатр ценяў з дапамогай праектара. Для самых нецярплівых з іх ёсць добрая навіна — пра новыя прыгоды Фіндуса і Пэтсана можна будзе даведацца ўжо праз год.

“Новая кніга ўжо перакладзена і выйдзе праз год у серыі “Каляровы ровар”, — падзялілася перакладчыца Надзея Кандрусевіч.

Распавяла яна таксама пра тое, што ў гэты раз арганізатары чакалі менш дзяцей на імпрэзу, але маленькія слухачы прыйшлі нягледзячы на летнія вакацыі.

“Лічу, што зараз не вельмі шмат такіх добрых кніг, як гэта. Упершыню я прачытала яе восем-дзевяць год назад. Цяпер у мяне ёсць свае дзеці – чытаю ім. Вельмі падабаюцца якасныя малюнкі і вясёлы тэкст!” — падсумавала Надзея.

Тэкст: Алена Босава, фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org