Новую «Жырандолю» прэзентавалі ў Брэсце

У Брэсцкай абласной бібліятэцы імя Пушкіна адбылася прэзентацыя альманаха «Жырандоля» абласной філіі ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».

Шыкоўная актавая зала была ў гэты дзень поўнай: больш за сто чалавек, нягледзячы на абедзенны час і будзённы дзень, наведалі літаратурную сустрэчу. Што праўда, у вечарыны была і музычная складовая частка, бо прэзентацыю наведаў вядомы бард Зміцер Бартосік. Ён, узгадваючы лютаўскага імянінніка Рыгора Барадуліна, праспяваў шэраг перакладных тэкстаў “дзядзькі Рыгора”: той, акрамя ўласна перастварэнняў літаратурных тэкстаў, нямала часу аддаваў і творам, пакладзеным на музыку. Некаторыя з іх і прадставіў Зміцер Бартосік: знаныя песні Булата Акуджавы, Уладзіміра Высоцкага, Сяргея Нікіціна загучалі ў сценах бібліятэкі менавіта па-беларуску.

Вядоўца вечарыны Мікола Аляхновіч па чарзе даваў слова выступоўцам з Мінска і Берасця.Усевалад Сцебурака, памочнік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, распавёў пра абласныя альманахі Саюза, сярод якіх “Жырандоля” з’яўляецца найстарэйшым выданнем, ініцыяванымНінай Мацяш. Цяпер жа берасцейскі абласны альманах выдаецца супольна з віцебскімі, гомельскімі, магілёўскімі, гродзенскімі “Брамай”, “Новым Замкам”, “Ратушай”, “Палацам”. Госць з Мінску прэзентаваў альманахі бібліятэцы, а таксама распавёў аб праекце “Сто год беларускай школы” культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі”: тэматычныя закладкі былі прэзентаваныя прысутным, атрымала іх і абласная бібліятэка.

Супрацоўнік прэс-службы ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Ціхан Чарнякевіч распавёў пра фэст памяці Міхася Стральцова, які адбыўся напярэдадні і ў якім прымалі ўдзел таксама і берасцейскія пісьменнікі, заклікаўшы часцей і больш дасылаць літаратурныя тэксты ў мінскія выданні – часопіс “Дзеяслоў”, літдадатак “Літаратурная Беларусь” – часцей прыязджаць у Мінск з уласнымі кнігамі, якія, будучы выдадзенымі ў Берасці, вельмі рэдка даходзяць да сталічных кнігарняў.

Асноўную частку вечарыны складалі выступы аўтараў альманаха “Жырандоля”: рэдактара выпускуЛявона Валасюка (які ўрачыста перадаў рэдактарства Міколу Аляхновічу), старшыні берасцейскай філіі СБП Івана Мельнічука, паэта Уладзіміра Лебедзева, маладых творцаў. Прэзентавала новы нумар альманаха “Справа” і Наталка Бабіна, рэдактарка гэтага выдання.

Завершылася вечарына выступам Змітра Бартосіка, які працягнуў бардаўскую тэму трагічнымі, ваеннымі песнямі Уладзіміра Высоцкага ў перакладзе Рыгора Барадуліна.

Мікола Аляхновіч

Спявае Зміцер Бартосік

Мікола Аляхновіч і Усевалад Сцебурака

Зала абласной бібліятэкі была поўнай

Пасля вечарыны гледачы маглі пазнаёміцца з кнігамі берасцейскіх аўтараў і альманахамі СБП.

Мерапрыемства праходзіла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

Тэгі: