Новы літаратурны тур Уладзіміра Арлова

5 краін і 10 гарадоў наведае Фонд Kamunikat.org разам з адным з найбольш вядомых сучасных беларускіх пісьменнікаў Уладзімірам Арловым, піша kamunikat.org.

Uladzimir Arloŭ
Уладзімір Арлоў

Гэтым разам сустрэчы ў Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі, Нямеччыне і Швейцарыі будуць прымеркаваныя да ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ужо 20 сакавіка ў Вроцлаве пісьменнік разам з Kolegium Europy Wschodniej і Суполка Беларусаў Уроцлава. Stowarzyszenie Białoruski Związek Solidarności правядзе сустрэчу пад назвай «Ад Рагвалода да БНР».

Уладзімір Арлоў распавядзе пра ключавыя моманты беларускай гісторыі — ад часоў Полацкага княства да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, а Яраслаў Іванюк пра 25 гадоў Kamunikat.org, найбуйнейшай у свеце беларускай інтэрнэт-бібліятэкі.

Месца: Przejście Dialogu, ul. Świdnicka 19 (падземны пераход)
Дата: 20.03.2025
Час: 18:00
Падзея на Facebook.

21 сакавіка ў Празе, дзе суарганізатарам стала суполка «Скарына», сустрэча пройдзе пад назвай «Няскораная грамадзянка БНР». У яе рамках адбудзецца прэзентацыя кнігі ўспамінаў Ларысы Геніюш «Птушкі бяз гнёздаў», выдадзенай Фондам Kamunikat.org і Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку.

Месца: Клюбоўня суполкі Пагоня, 5. května 851/70, 140 00 Praha 4-Nusle
Дата: 20.03.2025
Час: 18:00
Падзея на Facebook.

У іншым чэшскім горадзе Брно (22.03), як ляжыць на шляху туру, Уладзімір Арлоў выступіць з лекцыяй «Беларусь — Чэхія. Дзесяць вякоў гістарычных і культурных сувязяў».

Таксама і тут не абмінуць тэмы Беларускай Народнай Рэспублікі, урад якой у міжваенны перыяд знайшоў прытулак менавіта ў Чэхаславаччыне. На чэшскай зямлі знаходзяцца магілы прэзідэнтаў БНР Пётра Крачэўскага і Васіля Захаркі. Абодва яны захоўвалі ў эміграцыі мандат першага незалежнага беларускага ўраду.

Заняткі Мова Нанова ў Брне

Месца: Institut Paměti Národa, Radnická 10 Brno
Дата: 21.03.2025
Час: 18:00
Падзея на Facebook.

Чарговыя гарады, якія Kamunikat наведае разам з Уладзімірам Арловым гэта Вена 23.03. (Аўстрыя), Мюнхен 25.03. (Нямеччына), Цюрых 28.03. (Швейцарыя), Вісбадэн 29.03. і Кёльн 30.03. (Нямеччына).

Вена

Месца: Seminarraum im 1.Stock, Stiftgasse 8, 1070 Wien
Дата: 23.03.2025
Час: 17:00
Падзея на Facebook.
Падзея на Telegram.

Мюнхен 

Месца: Buchhandlung Lehmkuhl Leopoldstrasse 45, 80802 München
Дата: 25.03.
Час: 19:30

Цюрых 

Месца: GZ Heuried, Döltschiweg 130 Zurych
Дата: 28.03.2025
Час: 19:00

Вісбадэн 

Месца: Rauenthaler Straße 4, Wiesbaden
Дата: 29.03.2025
Час: 17:00
Падзея на Telegram.
KuB. Kulturverein Belarus e V / Беларуска-нямецкая культурная асацыяцыя KuB

Кёльн 

Месца: Allerweltshaus Köln e.V., Geisselstr. 3-5, 50823 Köln
Дата: 30.03.2025
Час: 16:30
Падзея на Telegram.
Razam e.V. Köln

Тут беларускі пісьменнік і гісторык правядзе экскурс у гісторыю да чарговай гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі, а сустрэчы пройдуць пад назвай «Ад Рагвалода да БНР».

З гэтай жа тэмай Уладзімір Арлоў на заканчэнне туру выступьць таксама ў Познані (02.04.) і Варшаве (03.04.)

Месца: Fundacja KUT, Poznań
Дата: 01.04.2025
Час: 18:00

Месца: Цэнтр Беларускай Салідарнасці, ul. Oleandrów 6, Warszawa
Дата: 02.04.2025
Час: 18:00

Адначасова кожная сустрэча будзе нагодай, каб распавесці пра Беларускую інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat.org, якая ў гэтым годзе святкуе 25-ці годдзе.

— Наш юбілэй будзем адзначаць актыўнай дзейнасцю і працай, — кажа стваральнік бібліятэкі і дырэктар Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк. — Мы пачалі год выданнем дзесяці кніг. Ёсць што запрапанаваць беларусам ва ўсёй Еўропе. А калі гэта зрабіць найлепш, як не пры нагодзе нашага вялікага свята, свята свабодных беларусаў, якім ёсьць Дзень Волі?

У вялікім выбару кніг, якія Фонд запрапануе беларусам Прагі, Вены, Мюнхену ды Цурыху, знойдуцца выдадзеныя ў гэтым годзе навінкі: успаміны Ларысы Геніюш «Птушкі бяз гнёздаў», непадцэнзурныя аповесці Васіля Быкава «Мёртвым не баліць. Ліквідацыя», новы раман Андрэя Федарэнкі «Сцэнарыст», а яшчэ кнігі Уладзіміра Арлова «Айчына», «Імёны Свабоды», «Каханак яе вялікасці», «Ордэн Белай Мышы».

Гэта ўжо чацвёрты літаратурны тур па еўрапэйскіх краінах, які ладзіць Фонд Kamunikat.org разам з Уладзімірам Арловым. Раней, у 2023 годзе, вядомы беларускі пісьменнік і гісторык выступіў у шэрагу польскіх гарадоў з вялікай беларускай дыяспарай (Варшава, Гданьск, Лодзь, Кракаў, Познань) з лекцыямі па гісторыі Беларусі. Іх тэмамі былі сярод іншых дзейнасць патрыятычных таемных таварыстваў і вызвольныя паўстанні ХІХ стагоддзя, удзел жанчын у паўстанні Кастуся Каліноўскага. У траўні-чэрвені 2023-га Уладзімір Арлоў прэзентаваў таксама сваю новую кнігу «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча» беларусам Мілана, Балоніі, Рыму (Італія), Берліна (Нямеччына) і Вільні (Літва).

Год таму Фонд Kamunikat.org правёў тур па краінах Балтыі пад назвай «Насустрач Дню Волі з Уладзімірам Арловым». Апрача беларускага пісьменніка ў туры ўдзелнічаў кампазітар і музыка Раман Арлоў (сузаснавальнік культавага гурту J:МОРС). Творчыя сустрэчы прайшлі ў Клайпедзе, Коўне і Вільні (Літва), Рызе (Латвія), Таліне (Эстонія) і Хельсінках (Фінляндыя), а іх галоўны фокус быў скіраваны на гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі.

Увосень 2024-га адбыўся «Літаратурны тур пяці сталіц», падчас якога Уладзімір Арлоў і Яраслаў Іванюк наведалі сталіцы Літвы, Швецыі, Нарвегіі, Даніі і Нямеччыны. У Вільні прайшла лекцыя пра феномен ролі жанчын у беларускай гісторыі «Ад Рагнеды да Ларысы Геніюш», а ў Стакгольме, Осла і Капенгагене адбыліся ўнікальныя творчыя вечарыны «Беларусь, якую мы ўзялі з сабой...»

У сваю чаргу ў Берліне ў рамках Фестывалю беларускай інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA Уладзімір Арлоў і Яраслаў Іванюк правялі прэзентацыю паэтычнай кнігі «Śvieciacca vokny dy nikoha za jimi», якая адметная тым, што выйшла на беларускай лацінцы. Кнігу выдаў Фонд Kamunikat.org у партнёрстве з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку.

Фонд Kamunikat.org разам з Уладзімірам Арловым адзначылі таксама угодкі Слуцкага збройнага чыну наведваючы ў лістападзе мінулага года Антвэрпэн (Белгія) і Утрэхт (Галандыя).

— Я належу да тых пісьменнікаў, каму надзвычай важная зваротная сувязь з чытачом — кажа Уладзімір Арлоў напярэдадні новай творчай вандроўкі. — Водгукі, пытанні, жывыя сустрэчы з дыскусіямі. На такіх сустрэчах знаходзіш новых сяброў, а часам — нечаканыя сюжэты, гераіняў і герояў новых твораў.

Каб не адзін мой выступ у Швецыі, куды завітала незвычайная госця, у мяне ніколі не нарадзілася б аповесць «Дом з дамавікамі». А без нядаўняй паездкі ў Хельсінкі, дзе ў нашай аўдыторыі апынуўся рэжысёр Уладзімір Ушакоў, не загаварылі б з тэатральнай сцэны героі майго «Ордэна Белай Мышы».

Пра свае літаратурныя падарожжы і звязаныя з імі прыгоды я калі-небудзь, магчыма, напішу цэлую кнігу. Зрэшты, адна такая кніга ўжо фактычна ёсць. Гэта — «Пакуль ляціць страла. 100 пытанняў пісьменніку». Яе чарговае выданне пабачыла свет у 2022 годзе, зноў жа дзякуючы Фонду Kamunikat.org.

Сёння асабліва важна гаварыць пра нашу гісторыю і культуру, бо сучасныя барбары хочуць, каб людзі не задавалі пытанняў, не чыталі кніг, каб беларусы не ведалі, што ў іх еўрапейскае мінулае, а гэта — я веру — зарука еўрапейскай будучыні.