Распачынаецца новы сезон Прэміі Арсенневай, якой штогод адзначаецца найлепшая паэтычная кніга. Арганізатары прэміі абвесцілі прыём заявак і запрашаюць да ўдзелу аўтараў і аўтарак паэтычных кніг, выдадзеных у 2025 годзе, піша bellit.info.

Права намінаваць кнігу маюць самі аўтары/аўтаркі, выдавецтвы, сябры журы, сябры аргкамітэта, творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, СМІ.
Жанр: паэзія.
Год выдання: кніга мусіць быць выдадзена ў папяровым або электронным выглядзе або ў фармаце аўдыякнігі паміж 1 студзеня і 31 снежня 2025 году.
Мова: беларуская.
Фармат: кніга мусіць быць выдадзена ўпершыню ў папяровым або электронным выглядзе або ў фармаце аўдыякнігі (выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш за палову зместу якой публікуецца ў кнізе ўпершыню).
Калі кніга выйшла паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага году, для якога быў абвешчаны конкурс, але з нейкай прычыны не ўдзельнічала ў ім, яна можа заяўлена на ўдзел у наступным каляндарным годзе.
Падрабязней пра ўмовы і правілы прэміі можна даведацца тут:
Запоўніце спецыяльную форму па спасылцы. У выпадку тэхнічных перашкод электронную версію вашай кнігі або аўдыякнігу разам з вокладкай (у фарматах jpeg, jpg або png) можна даслаць на электронны адрас арганізатараў aj@penbelarus.org. Не забудзьцеся абавязкова пазначыць у тэме ліста назву кнігі і імя аўтара/аўтаркі.
Канчатковы тэрмін падачы заявак — да 23:59 22 лютага 2026 году.