Беларускія творцы дзеляцца з Budzma.org сваімі вынікамі года, развагамі і настроем.
Трэба зазначыць, што шок ад 2022-га, ад вымушанага ад’езду, шмат у каго і ад уцёкаў ад вайны не дазволіў многім дзеячам культуры падводзіць вынікі. «Яшчэ далёка ад асэнсавання», — прыкладна так можна абагульніць адказы суразмоўцаў. А хтосьці ўжо адлюстраваў эмоцыі ў творчасці.
Наста Шпакоўская, акцёрка і рок-музыка
Наста Шпакоўская. Фота з асабістай старонкі ў Фэйсбуку
Тут, канечне, раздзяліць тыя падзеі, якія адбываліся і адбываюцца навокал, і творчасць вельмі складана. Калі казаць пра асабістае, пра тое, што ў мяне адбылося, гэта тое, што мяне запрасілі працаваць у Віленскі тэатр, былы Рускі драматычны тэатр, зараз Віленскі стары тэатр (Vilniaus senasis teatras). У мяне ўжо адбылося ў гэтым тэатры дзве прэм’еры. Першы спектакль гэта «Узыход багоў» па п’есе, якая была спецыяльна напісана па цяперашніх украінскіх падзеях драматургам Марыюсам Івашкявічусам, у аснове ляжыць гісторыя Мантаса Кведаравічуса, які загінуў у Марыупалі. З гэтай пастаноўкай мы яшчэ з’ездзілі ў Авіньён, на адзін з найбуйнейшых еўрапейскіх тэатральных фэстаў. Гэта была вялікая і вельмі складаная праца. Другая прэм’ера — гэта «Медэя» шыкоўнай балгарскай рэжысёркі Дзіяны Добравай.
Атрымалася зладзіць некалькі канцэртаў NAKA PIANO у Вільні, у Варшаве. Нешта адбываецца, нешта ствараецца, канечне, жыццё працягваецца, ніхто не стаіць на месцы.
Хацелася б і больш рабіць, але лічу, сыходзячы з тых акалічнасцяў, абставінаў, што ёсць, увогуле працягваць нешта рабіць — гэта ўжо нямала.
Ну і канечне мая самая вялікая мара — гэта сабрацца ў поўным складзе гурта NAKA і дапісаць наш альбом, які збіраліся выдаць у 2020 годзе, але так і не атрымалася тады. І зладзіць канцэрты ў поўным складзе, у электрычнасці. Большасць музыкаў гурта зараз знаходзяцца ў Беларусі. Ёсць ідэя паспрабаваць усіх сабраць, але ж гэта вельмі складана і небяспечна.
Зразумела сёлета, што беларусы будуць праходзіць свой шлях яшчэ больш складана дзякуючы Пуціну і гэтай вайне. Шчыра кажучы, у бліжэйшай перспектыве я ўвогуле не бачу нейкага пазітыўнага вырашэння нашага пытання. Разумеючы, што ўсё так жорстка і глыбока. Мы апынуліся сам-насам з гэтай велізарнай праблемай, якая з кожным днём робіцца яшчэ больш. Мякка кажучы, пазітыўнае цяжка разгледзець... Але рукі не трэба апускаць, трэба рабіць далей тое, што мы робім. І разумець, што разлічваць можам толькі на сябе.
Паэтка Наста Кудасава
Наста Кудасава
Мне здаецца, што сёлета засланіла ўсё вайна, прынамсі для мяне гэта была галоўная падзея, гэтае станаўленне расійскага фашызму, такое імклівае і адкрытае. І гэта, мне здаецца, перабіла ўсе ўражанні. Дзіўна, што нават у гэтай сітуацыі беларусы працягваюць выжываць. Мне прыемна бачыць, што і тыя, хто з’ехаў, як я, і тыя, хто застаўся, — нягледзячы на боль, людзі творчыя застаюцца бадзёрымі, хоць і без вялікага аптымізму на будучыню глядзяць, але ўсё адно робяць сваю справу. Мне здаецца, не стала менш кніжак выходзіць, не стала менш падзей культурных. Яны проста набылі нейкія іншыя формы, наколькі гэта мажліва ў цяперашніх умовах. Так, мы змянілі фармат, можа быць, але ўсё адно жывём, таму што па-іншаму не можа быць. Немагчыма проста легчы і памерці ад таго, што табе сумна. А так, канечне, я яшчэ не пераварыла гэты год. Я думала, што я ніколі не з’еду. Гэта быў удар, прыняць гэтае рашэнне насамрэч было няпроста. І гэта было зроблена найперш для дзяцей, больш рацыянальны крок для іх будучыні. Я, канечне, не ўсвядоміла да канца тое, што са мной адбылося, што я не ў Беларусі, што мяне адсеклі ад дрэва.
У Беларусі я жыла на вёсцы, дзе траса праходзіць якраз на Украіну. Перад пачаткам вайны мы гэта ўсё бачылі, дзеці бачылі, разумелі ўсё. Цяжка. Насамрэч гэтае пачуццё бяссілля, што ты нічога не можаш з гэтым зрабіць, што гэта нешта такое страшнае і вялікае, адбываюцца нейкія падзеі, на які ты ўвогуле не можаш ніяк уплываць. Гэта пачуццё сябе такім маленькім чалавечкам аказалася вельмі непрыемным. То-бок я не змагла з гэтым нічога зрабіць, асабліва калі вакол многіх у прынцыпе ўсё задавальняе. Больш-менш людзі ставіліся так... Можа быць, гэта нейкая такая абарончая рэакцыя арганізму: усё будзе добра, усё будзе нармальна. Мне было цяжка, я не змагла гэта прыняць.
А вершы я буду пісаць у любым разе. Гэта такое пытанне: я не гаспадар гэтаму. Такі ўмоўны гаспадар. Калі ім трэба будзе пісацца, яны будуць пісацца, калі ім захочацца. Так што няважна, дзе ты жывеш, як ты жывеш. Проста ёсць неабходнасць перажываць гэтыя рэчы праз слова, усё, што з намі адбываецца, праз верш.
Алесь Плотка, паэт, перакладчык, музыка
Алесь Плотка. Фота з асабістай старонкі ў Фэйсбуку
Не ёсць сакрэтам, што я беларус, які выехаў з Украіны сёлета, і адпаведна ўсе мае высновы года, адчуванні і ўвесь гэты год найперш пад знакам вайны так ці інакш, а таксама стасункаў, камунікацый тых беларусаў, якія застаюцца ва Украіне ці павязаныя з Украінай. Таму што ясна, што дыскурс вакол беларуска-ўкраінскіх стасункаў зараз вельмі напружаны, мякка кажучы, ёсць такое гета спецыяльнае людзей, беларусаў, якія па жыцці з Украінай звязаныя. Мы знаходзімся ў сваёй «бульбачцы», у нас разарваная надвое свядомасць з разуменнем праблемаў і Беларусі, і Украіны.
Калі казаць пра ўласную творчасць, то была скончаная, прынамсі па тэкстах, кніжка, якая дзеліцца на дзве паловы: адна пра Украіну-2022, другая пра Беларусь-2020. Яна, праўда, мае быць з фотаздымкамі, зараз пераглядаем, што і як зрабіць. Напісалася небагатая колькасць вершаў, але спадзяюся, яны добрыя сваёй якасцю. Гэта пражыванне, гэта рэфлексія. Некаторыя створаныя тэксты сталі важнымі для мяне песнямі, як напрыклад — яе няма ў кніжцы — «На вуліцы Жызнеўскага». Яна на дзвюх мовах, беларускай і ўкраінскай, яе выконвае хлопец, які зараз служыць у ЗСУ. Будзе яшчэ некалькі тэкстаў, напісаных на ўкраінскай мове, якія выйдуць песнямі.
Працаваў над перакладам кнігі Аляксандра Чарнухі «Свінні», можна спадзявацца, што ў наступным годзе яна выйдзе па-беларуску. Лічу гэтую кнігу для беларускай культуры вельмі важнай, бо не так багата ў нас гумару ў культуры. Для мяне гэта ў прынцыпе працяг кніжкі «Запіскі Самсона Самасуя», працяг амаль праз сто гадоў. Гэта смех скрозь слёзы. Пра галавацяпства і вось такое дурное кіраванне краінай і жыццём. І трэці свой вынік, што выйшаў нарэшце міні-альбом гурта «Сож», гэта гомелецэнтрычны праект, чатыры песні, над якімі мы дужа доўга, занадта доўга, працавалі праз розныя абставіны. І праз тэхнічныя рэчы, і праз унутраныя эмацыйныя рэчы. Мы даўно пачалі, у 2020 годзе, пазней паставілі на паўзу, проста было не да таго, усё гэта здавалася нявартым рэалізацыі, публічнага выказвання. Рады падзяліцца, добры вынік, мы самі задаволеныя.
З таго, што я сам спажываю як культурніцкі прадукт, я б выдзеліў Ютуб-канал Купалаўцаў, ён мне дужа дапамог. Але ёсць багата ўсяго іншага —
я бачу добрае згуртаванне людзей і ў кінаіндустрыі, і ў музыцы, і хіба што ў літаратуры, нягледзячы на тое, што гэта разарванае напалам існаванне людзей унутры краіны, па-за межамі краіны. Гэта дакладна дзве часткі, і мне хацелася, каб сувязь паміж імі максімальна не гублялася, і я вітаю ўсе праекты, якія на гэта так ці інакш граюць.
Валянціна Андрэева, кнігавыдаўца, рэдактар выдавецтва Imago.by
Валянціна Андрэева. Фота з асабістай старонкі ў Фэйсбуку
З аднаго боку, год быў вельмі складаным. Акрамя ўсяго таго, што адбылося ў рэгіёне, былі яшчэ падзеі, якія фактычна паставілі крыж на незалежным выдавецтве Беларусі — сёлета зачынілі «Галіяфаў», фактычна забаранілі выдавецкую дзейнасць «Беларускага кнігазбору», іншым незалежным выдавецтвам. Гэта, канечне, проста катастрофа. І раней былі некаторыя складанасці с рэалізацыяй беларускай кнігі ў Беларусі, але сёлета ўсё стала сапраўды катастрафічна — «Белкніга» адмовілася прадаваць беларускія кнігі, іншыя кнігарні, OZ таксама. Усе ўсё сталі рабіць з аглядкай, дзесяць разоў перастрахоўвацца і г. д. Так што ў гэтым сэнсе год быў поўным стрэсаў, непрыемных эмоцый, няпэўнасці. І тое, што разбурана, канечне, аднавіць будзе вельмі складана. І гэта будзе іншым — шмат людзей з’ехалі, разбураныя механізмы, па якіх кнігі і друкаваліся, і распаўсюджваліся. З іншага боку, гэта дало моцны штуршок чарговай самаарганізацыі беларусаў, дало штуршок да росту шматлікіх новых ініцыятываў. Самае, напэўна, важнае і каштоўнае ад гэтага ўсяго, што падвысілася цікаўнасць саміх беларусаў — не тых, хто ўжо даўно ў беларускасці, а тых, хто раней быў незаангажаваны ў кнігачытанне па-беларуску. Што падзеі апошніх гадоў падштурхнулі іх задумацца пра тое, што можна чытаць беларускія кнігі, задумацца пра беларускую мову як наш нацыянальны скарб.
І цяпер усе тыя, хто вымушаны быў выехаць, вельмі многія, я бачу, мабыць, усё ж большасць, раптам убачылі і зразумелі каштоўнасць сваёй мовы. І гэта дае надзею, гэта цешыць, што калі беларуская мова патрэбная, а яна стала, відаць, патрэбнай, заўважным стаў запыт на беларускія кнігі і прадукцыю на беларускай мове ўвогуле, проста на беларускае слова, на камунікацыю па-беларуску, на беларускія імпрэзы. Так што ўсё павінна змяніцца на лепшае.
Тыя, хто хацеў неяк пашкодзіць беларускай мове, культуры, прыціснуць беларускі рух, атрымалі зусім адваротны вынік, усе іх дзеянні, наадварот, далі стымул росту, ну вось як у некаторых раслін бывае.
Што да мяне асабіста, то мы заснавалі ў Польшчы новае выдавецтва, якое, спадзяёмся, будзе выдаваць цікавыя беларускія кнігі для беларусаў усяго свету. Склалі досыць цікавы выдавецкі план, спадзяёмся, што налета нам удасца рэалізаваць усё тое, што мы запланавалі. У цэлым на выдавецкую сферу цяпер я гляджу больш з пазітывам, чым з сумам. Хаця, канечне, у сярэдзіне года мы ўсе былі ў шоку ад падзей. Спадзяёмся, што нашым калегам удасца ўсё ж перабыць гэтыя цяжкія часы і вярнуцца да дзейнасці тым ці іншым спосабам. Але ў цэлым сфера адчувае цікаўнасць да сябе з боку беларускага спажыўца.
Так, зараз цяжка. Але мы ўсе нешта робім — і ў гэтым знаходзім пэўную палёгку. А найважнейшым лічу тое, што мы ўсе пачалі ашчадней неяк ставіцца адно да аднаго — калегі, канкурэнты, пакупнікі. Мне здаецца, мы ўсе крыху болей павярнуліся адно да аднаго тварамі і задумаліся пра важныя, міжчалавечыя стасункі. Гэта выдатны набытак года. Шкада, што такім коштам, але гэта дае надзею на тое, што ўсё будзе добра.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org