Кампанія “Будзьма беларусамі!” працягвае музычныя вандроўкі па Беларусі, гэтым разам — у Барысаў. Падчас ток-шоў “Музычны Барысаў: terra incognita?” мы паспрабавалі даведацца пра музычнае мінулае горада Барысава, а таксама разабрацца, як можна зрабіць будучыню барысаўскай музыкі як мага больш перспектыўнай.
“Цяпер музычная дзейнасць у нас не вельмі бурная, — дзеліцца з удзельнікамі ток-шоў вакаліст гурта SunROAD 21 Алег Багаеў. — Аднак раней была дзвіжуха, былі ініцыятыўныя людзі, гралі нашыя настаўнікі кшталту гурта “Грошы”. Цяпер усё змянілася, нам не хапае ініцыятывы, не хапае пляцовак”.
“Барысаў у музычным плане чым быў у 90-я, тым і застаўся, — не пагаджаецца Мікалай Рыжы, заснавальнік “Ірландскага паба”, бадай што самай перспектыўнай незалежнай музычнай пляцоўкі горада, дзе менш чым за год паспела выступіць ледзь не палова грандаў беларускай музыкі. — Новыя людзі ўсяго баяцца, баяцца нешта зладзіць, а музыкі ёсць, як бы дрэнна яны ні гралі, аднак ёсць і альтэрнатыўныя, і металічныя каманды. Я не бачу нейкіх кардынальных зменаў у музычнай сітуацыі горада, можа, тут трэба дзейнічаць праз сістэму адукацыі, ладзіць у школах факультатывы?”
“І ўсё ж такі гадоў сем у горадзе было актыўней, — кажа барысаўчанка Наталля Голава, якая спрычынілася да арганізацыі канцэртаў у мінулым. — Былі і фэсты накшталт “Жывога”, якія і выклікалі рэзананс, і збіралі публіку”.
“У афішу на нашым сайце надзвычай рэдка трапляюць мерапрыемствы з Барысава, — кажа галоўны рэдактар партала Ultra-music.com Аляксандр Чарнуха. — У асноўным гэта анонсы мерапрыемстваў “Ірландскага паба”, аднак дзевяць гадоў таму нешта ў горадзе развівалася — былі канцэрты ў кінатэатры, быў фэст “Чысты горад — чыстая душа”.
Чаму ж так атрымалася, што далёка не маленькі горад у музычным плане ўяўляе сабой ледзь не ўвасабленне класічнага радка “Няма таго, што раньш было”? Ці трэба гэта гораду ўвогуле? Мяркуючы па колькасці удзельнікаў ток-шоў, трэба: не ў кожным горадзе столькі людзей прыйдзе ў пятніцу ўвечары на дыскусію пра музычную сітуацыю.
Галоўнай прычынай слабай музычнай актыўнасці прысутныя назвалі адсутнасць вольных грошай, якія можна было б патраціць на канцэрт. Тым не менш даследаванне лабараторыі “Новак” паказвае, што не толькі ў грашах рэч — за мінулы год 62% беларусаў не былі ў кіно, 59% не наведалі ніводнага канцэрта.
“Тут не ў грашах справа, — мяркуе Аляксандр Чарнуха. — Для горада з насельніцтвам 140 тысяч чалавек, дзве-тры клубна-канцэртныя пляцоўкі — гэта нармальна. Нехта скардзіцца на СМІ — аднак СМІ абсалютна не ахопліваюць аўдыторыю, якая ходзіць на канцэрты. Галоўная ж праблема — Барысаў надта блізка да Мінска, дзе ёсць і ўмовы для канцэртаў, і самі канцэрты, а электрычка каштуе 10 тысяч”.
Ці ёсць сапраўднай праблемай тэрытарыяльная ды транспартная блізкасць да сталіцы? Можа, гэта не так праблема, як магчымасць?
“У Барысаве ёсць “Барысаў-Арэна”, а гэта ўнікальная вялікая пляцоўка, — кажа Уладзімір Булаўскі, які ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” мадэраваў дыскусію. — І яна цалкам можа працаваць на ўвесь горад. Аднак да правядзення канцэрта трэба ставіцца як да бізнесу, і тады ўсё запрацуе”.
Спецыяльна да дыскусіі кампанія “Будзьма!” падрыхтавала відэа-апытанку жыхароў Барысава на тэму канцэртнага жыцця ў горадзе.
Што бачым? Барысаўчане ўсё ж гатовыя выдаткоўваць грошы і з задавальненнем будуць хадзіць на канцэрты, калі гэтыя канцэрты будуць падпадаць пад іх зацікаўленні.
“Праблема ў тым, што ў нашай публікі досыць вузкі кругагляд, — мяркуе спадар Чарнуха. — Яго трэба пашыраць, і тут важна, каб публіка давярала арганізатару. Зрабіце якасны разнастайны фэст, каб публіка прыйшла, паглядзела на гурты, якіх дагэтуль не ведала, зрабіце Барысаву “глабальную перазагрузку”.
Тое, што гэта магчыма, добра паказвае прыклад хутара Шаблі, дзе праводзяцца паспяховыя фэсты, прычым з цалкам беларускім лайн-апам, якія да таго ж прыносяць грошы.
Журналістка Вольга, адна з прысутных у зале, нарэшце прапануе:
“Я гатовая працаваць з дзеячамі мастацтва, давайце збірацца разам, прасоўваць ідэю, працаваць над ёй. Давайце зробім вялікі фэст на стадыёне, будзем працаваць разам!”
Да таго ж прыгадалі Віцебскую суполку Vitedsk4.me, якая змагла “перазагрузіць” горад, працуючы паступова. Ды і наяўнасць у Барысаве “Ірландскага паба” ўжо сведчыць пра тое, што жыхары горада, колькі б ні казалі пра тое, што цяпер таго, што раньш было, няма, гатовыя развіваць сваю музычную сцэну.
Для гэтага неабходныя рэгулярныя сустрэчы людзей, гатовых зрабіць свой унёсак у музычныя зрухі ў горадзе, сталая камунікацыйная прастора, якая адновіць адчуванне (і пацверджанне!) культурніцкага асяродку ў горадзе. Сустрэча ў vk.com ужо паказвае зацікаўленых.
Шчыра спадзяемся, што і пасля ток-шоў, зладжанага кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, знаёмствы і ўзаемнае натхненне барысаўчан, апантаных сваёй музычнай (і любой іншай!) культурай, працягнецца!
Фота — Зарына Кандрацьева