Нефармальная адукацыя ў Беларусі

Навучыцца размалёўваць бутэлькі і “экасумкі”, даведацца, як палепшыць якасць жыцця, быць шчаслівым і здаровым, дапамагае сёлета праект “Тыдзень нефармальнай адукацыі (НФА): да павышэння якасці жыцця”, які ладзіцца ў гарадах Беларусі з 21 па 27 верасня.

Першы тыдзень нефармальнай адукацыі адбыўся ў 2005 годзе і меў мэту прыцягнуць увагу да ролі нефармальнай адукацыі ў сучасным грамадстве.

Каардынатар сёлетняга “тыдня” Яніна Зінчанка пра ідэю стварэння праекту:

– Спачатку з’явілася ідэя стварэння масавых мерапрыемстваў, якія былі б лакалізаваныя ў часе і месцы, каб прыцягнуць увагу да грамадскай адукацыі. У нашай краіне нефармальнай адукацыяй займаюцца грамадскія аб’яднанні і арганізацыі. Шэраг такіх аб’яднанняў стварылі праект тыдня нефармальнай адукацыі з мэтай пазнаёміць грамадства з адукацыйнымі паслугамі, якія яны прапаноўваюць.

Нефармальная адукацыя прэзентуецца ў двух адрозных варыянтах: фестываль нефармальнай адукацыі і тыдзень нефармальнай адукацыі.

Яніна Зінчанка:

– Фестываль праходзіць у больш сціслыя тэрміны, звычайна на працягу трох дзён. Мерапрыемствы лакалізаваныя ў адным месцы. Ладзіцца адкрыццё і закрыццё фестывалю. Тыдзень праходзіць згодна з раскладам, уключае семінары, трэнінгі і круглыя сталы, якія ладзяцца па розных гарадах і пляцоўках. Арганізатарамі мерапрыемстваў у межах тыдня можа быць любое аб’яднанне, якое выкажа жаданне ўдзельнічаць у праекце.

Сёлетні “тыдзень” ужо пяты па ліку і мае пэўныя адрозненні ад мінулых.

Яніна Зінчанка пра новае ў праекце:

– Раней тыдні НФА не выходзілі за межы недзяржаўных арганізацыяў, іх удзельнікаў і сябраў-супрацоўнікаў. Гэты тыдзень НФА адкрыты не толькі для аб’яднанняў, якія супрацоўнічаюць з праектам, але і для шырокай аўдыторыі, каб прыцягнуць як мага больш цікаўных і прадэманстраваць магчымасці нефармальнай адукацыі.

Тыдзень нефармальнай адукацыі перадугледжвае шматлікія варыянты заняткаў, семінараў, дыскусіяў па розных праблемах і пытаннях, з якімі мы час ад часу сутыкаемся на працягу ўсяго жыцця.
Арганізатарамі тыдня НФА паўстаў шэраг грамадскіх аб’яднанняў, сярод якіх: МГА “Адукацыя без межаў”, ГА “Фокус-група”, ГА “Цэнтр сацыяльных інавацый”, ГА “Адукацыйны цэнтр “ПОСТ”, ГА “Цэнтр “Трэці сектар”, БМГА “Новыя твары”, Грамадскае аб’яднанне “ВІТ” ды інш.

Афіша мерапрыемстваў, якія праходзяць у межах тыдня, тут: www.adukatar.net