Амаль пра кожны беларускі горад існуе сваё ўяўленне — часам станоўчае, а часам і не вельмі. Мы ведаем што Гародня — “маленькая Еўропа”, Хойнікі — радыяцыя, а вось Орша мае рэпутацыю крымінальнага горада. Часам гарады заслугоўваюць такой рэпутацыі, а часам варта задацца пытаннем: няўжо Орша — насамрэч такі страшны горад, у якім “тры турмы і ніводнага тэатра”, а вечарам на двор лепей не выходзіць? Магчыма, у Оршы ёсць прывабны турыстычны патэнцыял, які проста нерэалізаваны? Менавіта гэтаму і было прысвечанае чарговае афлайнавае ток-шоу кампаніі “Будзьма беларусамі!”: “Турыстычная прывабнасць горада: якія моцныя бакі мае Орша?”
Сфера рэгіянальнага турызму для Беларусі адносна новая, аднак розныя гарады паступова задумваюцца, як прывабней пазіцыянаваць сябе: відавочныя плюсы як для жыхароў горада, так і для гарадскога бюджэту. Самы час і Оршы падключыцца да хвалі.
“Праглядаючы аршанскія суполкі ў сацыяльных сетках, можна вырашыць, што горад застаецца крымінальным, — кажа рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма” Кацярына Раманчык. — Паводле апытанкі ў адной з такіх суполак мясцовыя жыхары лічаць візітоўкай горада вакзал. Да таго ж у сацсетках увесь час з’яўляецца вобраз “тыповага аршанца”, які лузгае семкі і ходзіць у спартовым касцюме”.
Жыхары Оршы, якія сабраліся на сустрэчу, не пагаджаюцца. Так, насамрэч, былі змрочныя часы, асабліва ў 80-я і ў пачатку 90-х, калі крымінальнікі заставаліся ў горадзе, аднак цяпер, паводле статыстыкі, Орша бяспечнейшая за Мінск (119 злачынстваў на дзесяць тысяч чалавек на год супраць 174 у Мінску). І мясцовая інтэлігенцыя змагла змяніць аблічча горада, па якім цяпер не страшна прайсціся ўвечары.
“На вялікі жаль, у Оршы цяпер няма такой прафесіі, як экскурсавод, — расказвае Алена Загарэльская, вядомая як адзін з найлепшых прафесійных знаўцаў горада. — Турысты часам наймаюць экскурсаводаў, аднак людзей, якія б штодня працавалі на экскурсіях, няма. Да нас шмат прыязджае людзей з Расіі: Бранск, Яраслаўль, Падмаскоўе. І яны глядзяць на Оршу і кажуць: у вас тут сапраўдная Еўропа. Едуць не толькі з Расіі, але і з Украіны, з Польшчы”.
На думку спадарыні Загарэльскай, аршанцы часам самі недаацэньваюць значнасць свайго горада.
“Уявіце, падчас кожнай вайны наш горад наўмысна знішчаўся. Пётр Першы спаліў горад, Напалеон таксама. Ці можна пасля гэтага сказаць, што гэта горад не важны?”
Славутыя мясціны: ці сапраўды іх няма?
Міністэрства спорту і турызму разглядае Оршу як транзітны пункт, частку прамысловых турыстычных маршрутаў у Віцебск і Магілёў, аднак ці справядліва гэта?
“Для любога турыста галоўнае пытанне ў тым, ці проста дабрацца ў той ці іншы горад, — разважае Алесь Шутаў. — У Оршы тут свае відавочныя плюсы — чыгунка ў шасці кірунках, аўтавакзал — праблемы няма. Гэтаксама няма праблемы і з іншым важным пунктам: дзе жыць. У горадзе ёсць гатэль “Орша”, ягоны філіял, прыватныя гатэлі — праблемаў з вольнымі месцамі ў іх няма. І каштуюць яны адносна нядорага — 274 тысячы за аднамесны нумар. Дзе харчавацца? У цэнтры вялікі выбар. А праблема ў тым, што Орша не пазіцыянуе сябе як горад гістарычны. Хто ведае, што тут была друкарня Спірыдона Собаля? Ведаюць толькі дату заснавання — 1067”.
Гісторыя і культура горада амаль не адбіваюцца на ягонай тапаніміцы: амаль усе вуліцы носяць імёны савецкіх кіраўнікоў, толькі Васкрасенкая, Замкавая і Дамініканская атрымалі назад свае гістарычныя назвы”.
З помнікаў — Ленін, Кіраў, Караткевіч і Заслонаў. Прычым турысты здзіўляюцца, чаму помнік Караткевічу такі невялікі. “Затое прыгожы”, — адказваюць звычайна экскурсаводы.
“А паглядзець ёсць што, — расказвае спадарыня Загарэльская. — Захаваўся банк, будынак 1929 года, дом начальніка станцыі на вакзале, музей Караткевіча, тыпаграфія 30-х гадоў, выкананая ў стылі мадэрн. Зразумела, знакаміты аршанскі млын, Гарадзішча, “Кацюша”, вакзал, калегіум езуітаў, музей гісторыі, будынак гарана — колькасць цікавых месцаў вялікая”.
Асобны пункт — цэрквы. Іх у Оршы шмат, і для людзей, якіх цікавіць “духоўны” турызм, тут вялікі патэнцыял. Што, дарэчы, разумеюць арганізатары экскурсій, якія б з задавальненнем вазілі паломнікаў у Оршу, але пакуль не атрымліваецца.
Да таго ж можна раскрыць такія тэмы, як Аршанская бітва, габрэйская Орша: распрацаваць адпаведныя маршруты — і турысты самі паедуць.
Прысутныя на ток-шоу аршанцы абураюцца тым, што не згадваецца Аршанскі раён — калі адвезці экскурсію ў Смаляны, там сапраўдная Мекка для турыстаў, праўда, цяпер Смаляны ў заняпадзе, але іх можна аднавіць. Калі аб’яднаць экскурсію па Оршы з Аршанскім раёнам, патэнцыял цікавасці да горада, які і без таго немалы, павялічыцца ў разы.
Падзейны турызм як перспектыва
“Падзейны турызм у сучасным свеце патроху выціскае турызм звычайны, — расказвае Ігар Казмерчак. — Будучыня за ім. Гэта калі людзі збіраюцца ў тым ці іншым горадзе пад нейкую падзею. Давайце паразважаем, што Орша можа прапанаваць турыстам”.
Паводле спадара Ігара, з усіх масавых мерапрыемстваў у Оршы вылучаецца Дзень чыгуначніка, які святкуецца нават з большым размахам, чым Дзень горада.
“Быў фэст “Эндарфін”, на які збіралася шмат людзей, але пасля яго перанеслі ў Мінск, і фэст амаль знік. Быў Чэмпіянат свету па шахматах. Аднак давайце ўявім, якія можна было стварыць падзеі”.
Па-першае, сапраўдным брэндам для Оршы застаецца Караткевіч. Чаму б не зладзіць тыдзень Караткевіча? З чытаннямі яго твораў на тэлеканале “Скіф”, з паэтычнымі сустрэчамі. Прысутныя адразу прапанавалі правесці парад герояў Караткевіча, мастацкія пленэры.
Другая ідэя — зрабіць фестываль дранікаў, якія сталі брэндам усёй краіны. І калі ўжо пайшло пра “крымінальны” імідж, то чаму б не правесці фестываль шансону? Урэшце, шансон таксама бывае розны. Апошняя прапанова, праўда, прысутных на сустрэчы аршанцаў не зачапіла.
Адразу ж прыгадалі, што ў Оршы ў розны час праходзіла вялікая колькасць спартовых падзей. Чаму б не зрабіць Оршы імідж спартыўнага горада?
Ды і Дзень горада можна разнастаіць — усё ж такі Орша, што цікава, ніколі не была ў “прыватных руках”, горад ніколі нікому не належаў. Чым не нагода прыгадаць усю гісторыю Оршы, а не гісторыю ад 1941 года?
Што маем у выніку
Да якіх высноваў прышлі ўдзельнікі ток-шоу?
Па выніку размовы Орша паўстала… горадам моцным “і целам, і духам”: тут у адну карціну склаліся і шматлікія гістарычныя доказы неўміручасці горада: не адзін раз Орша знішчалася дарэшты, але пасля ўсё адно вярталася і рабілася важным горадам для ўсёй краіны. Сёння ж фізічную моц горада выдатна ілюструюць самыя розныя спартовыя спаборніцтвы, ад дзюдо да шахмат. Што да крымінальнага іміджу горада, то самы час яму сысці ў нябыт, бо рэальных падставаў ужо няма (але дазволіць сабе настальгію, канечне, можна). Больш за тое, Орша мае ўсе падставы разбураць стэрэатыпы і трансфармаваць сваю ўжо міфічную “крымінальнасць”, больш упэўнена і сістэмна пазіцыянуючыся як беларускі духоўны, паломніцкі цэнтр: большасць гістарычных архітэктурных помнікаў тут — рэлігійныя.
Былі агучаныя і такія накіды да магчымай турыстычнай стратэгіі горада:
– Сцертае ці з іншых прычынаў не бачнае ў гарадской прасторы трэба вяртаць, аднаўляць, рабіць візуальна прысутным: праз акцыі ў гарадской прасторы, стрыт-арт, дызайн, шыльды на дамах.
– Не матэрыяльную, але ментальную адметнасць горада трэба і яшчэ раз трэба падкрэсліваць праз падзеі, якія актывуюць турыстычныя плыні ў горад: знакавыя гістарычныя падзеі можна аднаўляць праз відовішчную рэканструкцыю, спорт і шансон — п(р)адаваць больш упэўнена, крэатыўна і з гумарам, чаму не?
– Не забываць пра найцікавейшы Аршанскі раён, выбітныя мясціны, людзей, абсалютна канкурэнтназдольных у параўнанні з Оршай.
– Весці дыялог з уладамі пра актуальную неабходнасць развіваць турыстычны патэнцыял горада і раёна. Калі адміністрацыя мае стратэгічны план развіцця турызму, то варта рабіць яго бачным і адкрытым для прапановаў. Паказаць горад цікавым і прывабным хочуць многія: і прадпрымальнікі, і грамадскія, і культурныя дзеячы. Чаму б не аб’яднаць свае высілкі?
Дыскусію, якая заняла больш за дзве гадзіны, можна было працягваць і працягваць, але ясна яшчэ і тое, што ўсім варта наведаць Оршу проста цяпер — паверце, там ёсць на што паглядзець!
Юрась Ускоў, фота – Аляксандр Ждановіч