Легендарны беларускі фолк-гурт Osimira даў канцэрт у магілёўскім начным клубе «Куба» ўпершыню за апошнія пяць гадоў. Мы пабывалі на ім і даведаліся, чым жа ўвесь гэты час займаліся хлопцы.
— Увесь гэты час мы працягвалі займацца музыкай, — кажа франтмен гурта Андрусь Палаўчэня. Апошнія дзесяць гадоў ён жыве ў Санкт-Пецярбургу і, хоць займаецца далёкімі ад фолку рэчамі, прызнаецца, што музыка працягвае займаць важнае месца ў яго жыцці. — Музыка — гэта цэмент, які змацоўвае ў жыцці ўсё. Нам проста захацелася зноў сабрацца, на жаль, не ва ўсіх атрымалася, і гэта зразумела. Каб зноў выйсці на сцэну, патрэбныя пэўныя рэсурсы, перш за ўсё час — яго даводзіцца аддаваць крыху больш, чым патрабуе проста хобі. Са старога складу застаўся Ілля Далжанкоў на басе, Аляксей Палаўчэня на барабанах і я. З’явілiся Аліна на цымбалах і Аляксей Звягаў на трубе. Астатнія проста не былі гатовыя: у адных сям’я, у іншых праца, а у кагосьці змяніўся падыход да музыкі. Тут альбо ты ўпісваешся, альбо не, карабель ідзе далей.
— Што змянілася (акрамя складу) і што засталося ранейшым у Osimira?
— Аказалася, што мы па-ранейшаму любім граць, але цяпер хочацца граць усё, не толькі старое. Мы спяваем на беларускай, украінскай, польскай мовах, але ў аснове нашай творчасці ўсё ж беларускія песні, хоць стыль і аранжыроўкі змяніліся. Чаму? Таму што мы таксама змяніліся, нават інструменты іншыя: з’явіліся цымбалы, труба, калімба, равасты, нават клавішы ёсць месцамі — гэта таксама накладвае пэўны адбітак. Калі раней мы гралі проста заліхвацкі эгегей, то цяпер наш эгегей стаў глыбейшым. Але самае галоўнае — мы граем тое, што нам падабаецца, а як гэта называецца — ужо ўсё роўна.
— За сваю гісторыю гурт запісаў усяго дзве кружэлкі («Прошча» і Druva). Чаму так мала?
— «Прошча» была бунтарская і баявая, а Druva — вельмі архаічная, яна заснаваная збольшага на запісах, якія мы рабілі падчас фальклорных экспедыцый. Гэта інтымная, медытатыўная музыка, яе не выканаеш са сцэны ці на стадыёне. Гралі яе на інструментах, якія рабілі і рэстаўравалі самі. Гэтых альбомаў нам было дастаткова, каб доўга ездзіць з канцэртамі: мы гастралявалі па Еўропе, часта выступалі ва Украіне і Расіі. А яшчэ мы кіраваліся прынцыпам «новыя песні піша той, у каго дрэнныя старыя». Гэта, вядома, жарт, у нейкай меры нам і не хацелася пісаць — а ўласна, каму мы павінныя, ніхто нас не абавязаў. Я вельмі добра памятаю, што, калі ў нас скончыўся другі наклад пласцінак, мы паехалі на адзін досыць буйны фестываль у Эстонію, нарэзалі 200 даўбешак (нават без якіх-небудзь апазнавальных знакаў) — і ўсе іх прадалі ўжо пасля першага канцэрта! Адзіны важны паказчык — гэта энергія, якой ты можаш падзяліцца падчас выступу, а колькі менавіта песень у цябе — ужо другаснае.
— Дык ці будзе трэцяя пласцінка?
— Пакуль пра гэта казаць рана. Сённяшні канцэрт — гэта плён усяго 6 рэпетыцый. Мы аднавілі старыя і напісалі 7 новых кампазіцый.
— А самі што слухаеце цяпер?
— У нас няма ніякіх асаблівых пераваг — можна сказаць, гэта такая адметная рыса нас сённяшніх. Мы не зафіксаваныя на чымсьці адным, не ідзём да нейкай мэты, не раўняемся ні на каго, не імкнёмся граць як нехта там, прытрымлівацца нейкага аднаго стылю. Гэта ўсё дапамагае нам быць свабоднымі. Хтосьці баіцца, што будзе «нялямпавае» гучанне — ды калі ласка: калі музыка рэзануе з сэрцам, дае водгук унутры нас саміх, гэтага дастаткова. Калі ёсць водгук унутры нас, то дакладна будзе і ў іншых.
Іра Тонева, Іна Мельнікава