Ой, вы дзевачкі беларускія

Рэцэнзія – жанр са сваёй рытуальнасцю: сказаць пра аўтара – 61 паэтка, абазначыць кантэкст – міжваенны перыяд (адным радком тут не абыдзешся), можна яшчэ пару рэверансаў, але гэта па сітуацыі. Як бачым, са свежанькай анталогіяй беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду “Бліскавіцы” не так і проста.

Картинки по запросу бліскавіцы анталогія

Асабліва з улікам таго, што ўся фонавая інфармацыя, увесь неабходны лікбез падаюцца ў прадмове і пасляслоўі, і паўтарацца асабліва не хочацца. Усё, што вы хацелі або не хацелі ведаць пра беларускі фемінісцкі рух, знойдзеце там выкладзеным лагічна і ясна, а ў нагрузку – канцэпцыя выдання: чаму менавіта такі падыход, такая перыядызацыя і такая тэрміналогія.

Тут можна нерытуальна падзякаваць укладальнікам – Аксане Данільчык і Віктару Жыбулю. Зразумела, што ў гэтую кнігу ўкладзена шмат нябачнай і працяглай працы: архіўныя пошукі, каментаванне, распрацоўка канцэпцыі. У ідэале хацелася б, каб і паліграфія была на ўзроўні: напрыклад, фота паэтак – большымі і лепшай якасці, вёрстка – цікавейшай. Але і без таго “Бліскавіцы” – гэта, як мінімум, дзве нагоды для радасці. Пра першую напісала Ганна Янкута ў артыкуле “Жанчыны вяртаюцца з нябыту” − з назвы ўсё ясна. Другая – з нябыту вяртаецца частка міжваеннага перыяду, і можна не глядзець зайздросным вокам на ўкраінскую серыю “Наші 20-ті”, бо і ў нас справа рушыцца. Прытым прафесійна і якасна (са свежавыдадзенага можна згадаць таксама “Беларускі тэатр 1920 – 1930-х: адабраная памяць” Андрэя Масквіна).

Дык чаго ж, чаго захацелась ім − аўтаркам, што сталіся суседкамі пад адной вокладкай, бо і ў сваім часе воляй лёсу яны апынуліся спадарожніцамі. Людзьмі звацца – гэта само сабой. Але, як і ў кожных выпадковых спадарожнікаў, гэтае жаданне пастулявалася вельмі адрозна, што канцэптуальна, што стылістычна. Розныя вагавыя катэгорыі тут відавочныя. Для многіх прадстаўленых у анталогіі паэтак вершаваная творчасць стала выдаткам ліквідацыі непісьменнасці. Яны не саромеючыся карысталіся з рыфмаў сонца – бясконца, вочы – ночы, бадзёра і наіўна рыфмавалі на злобу дня, але ж і прынеслі нам новы жорсткі раманс. Прынамсі, аматарам інсітнага мастацтва будзе чым насалодзіцца.

А побач – творы, што сталі хрэстаматыйнымі, і тыя, што, як мінімум, дэманструюць культуру вершавання. Так, нізка Канстанцыі Буйло чым не праўдзівы інтымны дзённік са сваёй драматургіяй. Экспрэсіўная, энергічная, разняволеная ў сваім пошуку паэзія Ганны Брэскай дыхае маладосцю і прагай жыцця – поўнага і гарманічнага. У вершах Зоські Верас – абсалютная безабаронная аголенасць, яе жывая душа, глыбокае рэлігійнае пачуццё. У Яўгеніі Пфляўмбаўм усё яркае – лексіка, экзотыка чужых краін, палкае каханне. І ніякага табе станка ці хаця б у полі калосся. Сацзаказ практычна ігнаруецца, нават у вершы “Турксіб” яна назіральніца, а не ўдзельніца грандыёзнага будаўніцтва. У адрозненні ад многіх і многіх працоўная разнарадка не становіцца для паэткі крыніцай натхнення і нагодай для гордасці, а вось каханы мужчына – калі ласка. Творчасць Ларысы Геніюш прадстаўленая добра вядомымі патрыятычнымі вершамі, а таксама менш заўважнымі і гучнымі, у якіх свет прыроды выглядае сапраўднай містэрыяй.  Урэшце Наталля Арсеннева – адзіная, хто рэфлексуе ўласную паэзію як цалкам свядомы, прафесійны занятак. Яна валодае тэхнікай вершаскладання, зведвае натхненне, але ўсведамляе падступнасць матэрыялу: “усе словы здаюцца нямымі”.

Калі маштаб таленту і адпаведна падзел прафесійная – масавая літаратура не вымяраецца палітычнымі межамі і абставінамі, то свабода слова і ўсё адсюль вытворнае – так. Таму ў кнізе прадстаўленыя два раздзелы: “Паэткі Усходняй Беларусі і Расіі”, “Паэткі Заходняй Беларусі і Латгаліі”. Будзе няпраўдай казаць, што такі падзел становіць непераадольную мяжу. Па абодва бакі прадказальна рэфлексуецца жаночая доля-нядоля, нечакана шмат змагання і нячастае, але кранальнае жаданне ляцець да зор, якое суседнічае з рэчамі вельмі зямнымі; па-над усім гэтым – фальклорная традыцыя і цень Цёткі. Далей – варыяцыі, прытым істотна адрозныя.

Пачытаеш “Мабілізуйцеся, кабеты, да перавыбараў Саветаў!” (Валянціна Жураўлёва) – і робіцца ясна, што жанчыны Савецкай Беларусі не выйшлі з-пад кантролю. Іх планава паклікалі да жыцця і барацьбы. Галоўнае змаганне тут, канечне, за пяцігодку, а ў гістарычнай перспектыве – за савецкую ўладу, якая дала жанчыне статус свабоднай, адукаванай, роўнай у правах з мужчынамі. Ідзе ўдарная праца, і ўдарна ствараецца вобраз новай жанчыны. “Я радзілася пастушкаю убогай” (Ганна Арахоўская) − “Я ў хусцінцы стаю за машынай” (Антаніна Шунэйка) – “Давай дарогу бабе вольнай” (К. Драбышэўская), − так выглядае тыповая гісторыя жыцця. Ад лапцюжнай вёскі – да фабрычнага станка, ад сямейных няшчасцяў і мужа-п’яніцы – да стваральнай, натхнёнай працы.

Паралельна гэтай хвалі лозунгаў, перадозу клічнікаў, радасці ці яе імітацыі, агітацыі для самых маленькіх (Л. Путырская, Ірына Каганоўская), ад якой вусцішна, складана пісаць чыстую паэзію. Наля Маркава спрабуе мімікрыраваць: да сваёй мінорнай, чуллівай лірыкі белымі ніткамі, не дбаючы пра супадзенне рытмікі, прышывае аптымістычныя канцоўкі альбо недарэчна спрабуе прымірыць несумяшчальнае – уласную паэтыку і сацзаказ:

Я песні –

Срэбныя каралі –

Заўю ў чырвоны

Сцяг.

Зінаіда Бандарына да балады пра страчанае каханне і спробу самагубства прышпільвае слаба матываваны жыццесцвярджальны фінал: “У краіне свабоднай за творчаю працай / Так хочацца творчай адзінкаю жыць”. Спроба, аднак, не была залічаная. Крытык Ю. Дворкіна вельмі няўхвальна адгукалася і на канкрэтны верш, і на зборнік З. Бандарынай у цэлым.

Прасавецкая паэтыка, зрэшты, таксама давала збоі. Палымяныя агіткі Валянціны Жураўлёвай цвёрда трымаліся лініі партыі, але форма прыпеўкі нівелявала ўсю сур’ёзнасць і надавала ім непрадбачанай іранічнасці:

Пяцігодачка радная,

Шпар далей, наддай-ка жару.

У Заходняй Беларусі было, між тым, не менш горача. Тут рыфмавалі не ўласную працоўную біяграфію, а гісторыю Беларусі, тут пісаліся вершы-маніфесты, адозвы, баявыя лісткі – усё дзеля права быць свабоднымі на сваёй зямлі, наогул мець сваю зямлю, а не чужую бацькаўшчыну. З паэтак, што прадстаўляюць Савецкую Беларусь, толькі Ядвіга Бяганская незнарок ператварала асабістае ў палітычнае: вершы, прысвечаныя рэпрэсаванаму мужу, чытаюцца халоднай вясной 2017-га вельмі актуальна. Пісаліся яны, натуральна, без надзеі на друк. У Заходняй Беларусі канцэнтрацыя кратаў у вершаваных радках зашкальвае, ізноў-такі, як і ў сёлетняй стужцы навін. Тут і прысвячэнні мужам, зняволеным польскай дэфензівай, і ўласны досвед.

Забіваюць ўсё, што міла,

Звонячы ключамі… – пісала Вера Мурашка проста з астрога.

Жанчыны актыўна ўключаліся ў барацьбу і, як маглі, занатоўвалі адпаведны досвед. У вершы “Ідзі” Вера Мурашка нетрадыцыйна размяркоўвала сацыяльныя ролі: сама бралася быць будзіцелькай, а натхняльніцай ёй – ізноў нечаканка – станавілася старэнькая бабулька. Пафаснасць і ваяўнічасць, адпаведна, тут роўныя нулю, калі наогул не ў мінусе:

Выйшла я з хаткі – дарожка ідзець:

Ах! во – насустрач бабулька паўзець;

Багаслаўляе і кажа: “Ідзі,

Па вёсках сялян барджэй пабудзі”.

Змаганне за радзіму, любоў да яе, што існавала не чамусьці, а насуперак, адсутнасць свабоды, якая заяўлялася абсалютна прама: “Ды няма свабоды слова, каб дакончыць гэты верш” (Алена Цапрынская) – было ад чаго віраваць пачуццям, і не заўсёды быў час шукаць ім мастацкага выяўлення. Жанчыны тут захлыналіся патрэбай выказацца пра набалелае, прагай разбурыць муры турмы. Свабода казаць пра свае краты – тое, чаго не мелі іх каляжанкі ў Савецкай Беларусі. Ім заставаліся падтэксты, намёкі, непрамое выказванне.

Але і ў Савецкай, і ў Заходняй Беларусі жанчыны з яркімі біяграфіямі (часам яны зацьмяваюць вершы і выразней сведчаць пра свой час) чакалі вясны, традыцыйна проціпастаўляючы яе зіме і нагружаючы ўсімі звыклымі канатацыямі. Сёння гэта счытваецца з такім пазнаваннем і паразуменнем, нібы нешта паблыталася ў раскладзе цягнікоў: ці то мы апынуліся ў іхным, ці то яны ў нашым. Мажліва, таму і зборнік “Сумёты агню” паэткі-сучасніцы Ганны Новік раптоўна прыпісаны аўтарству яе цёзкі з Заходняй Беларусі.

Кніга, якая здавалася важнай для гісторыі літаратуры (і ёсць такой),  звернутая да нас больш, чым таго чакаеш.  Збіраешся чытаць пра далёкае, а чытаеш у тым ліку і пра сваё. І думаеш пра сваё ж, пра тое, як мы суседзім у сваім часе, на сваіх раздарожжах. Што тут скажаш.

Этот поезд в огне. Калі ласка, будзьце ўзаемнаветлівыя.

 

Алена Карп, для lit-bel.org