23 сакавіка паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава выступілі на Дзятлаўшчыне – у Жукоўшчынскай базавай школе і Дзятлаўскай гімназіі. Паколькі ў Жукоўшчыне школа носіць імя Ігната Дварчаніна (ён родам з недалёкай вёскі Погіры), М. Скобла расказаў вучням пра гэтага выдатнага дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху, які першым з беларускіх даследчыкаў напісаў манаграфію пра Францішка Скарыну. А яшчэ склаў “Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры”, перакладаў на беларускую мову Аляксандра Блока, атрымаў ступень доктара філасофіі ў Карлавым універсітэце (Прага). Паэт і даследчык літаратуры прачытаў урывак з эсэ, прысвечанага І. Дварчаніну, з кнігі “Саркафагі страху”. Настаўнікаў і школьнікаў сваімі песнямі проста зачаравала Таццяна Грыневіч-Матафонава, народныя песні падхоплівала ўся зала (асабліва даспадобы прыйшлася дзецям “Кура-шчабятура”). Для вучняў малодшых класаў М. Скобла падрыхтаваў вершаваныя загадкі, а старшакласнікі спрабавалі разабрацца, што азначае радок-пераверцень: “Ылім енм ыт кя, тук ындор йом” (“Мой родны кут, як ты мне мілы”). Самыя кемлівыя вучні атрымалі падарункі – кнігі, паштоўкі, дыскі з беларускімі песнямі і вершамі. У Жукоўшчынскай школе госці наведалі адзіны ў раёне музей “Літаратурная Дзятлаўшчына” і пакінулі свае водгукі ў кнізе ганаровых гасцей.