Зміцер Бартосік паразмаўляў з журналістам, аўтарам кнігі «Прыгоды Дзядзі Віці на Валадарцы» Алегам Груздзіловічам і запісаў ягоныя ўспаміны пра дзяцінства, прышчэпку беларушчыны на ўсё жыццё, развітанне з камунізмам і шлях у журналістыку, а таксама пра час, праведзены за кратамі.
Алег Груздзіловіч
Мяне не схапілі на Арлоўскай, дзе давялося хавацца ў дварах. Мяне не затрымлівалі на Маршах. Мяне ўзялі ў лепшых традыцыях СССР. З дому. Як толькі сабраўся павячэраць. Галубцы! Адзін пасьпеў з’есьці, а другі не. Толькі сьмятанай яго паліў... Потым успамінаў яго ўвесь дзень.
Я свае содні адбываў у Баранавічах. Гэта былі альбо казармы, пераробленыя пад казематы, альбо гэта была сапраўдная царская турма. Калідор, скляпеньні. Адразу заўважаеш, што гэта старажытная пабудова. Адчуваеш сябе паўстанцам XIX стагодзьдзя. Я ня мог там ні нармальна чытаць, бо вочы ўжо ня тыя. Ня мог нармальна ляжаць на гэтым мэтале. Таму ўспамінаў сваё жыцьцё.
Сядзеш, прытулісься да сьцяны і ўспамінаеш. Такія пласты з памяці падымаюцца. Якія, здаецца, даўно ўжо забыў. Ну не крыжаванкі ж разгадваць. Я там для сябе зрабіў адкрыцьцё. Як за апошнія часы расквітнелі выданьні красвордаў! Нібы адмыслова для турмы і лягера. Пакуль мы за свабоду змагаліся, людзі на няволі грошы зараблялі.
Алег Груздзіловіч з уласнай кнігай «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы» ў руках
Мой бацька родам з-пад Шаркаўшчыны, вёска Пашкі. Але я там бываў мала. Зусім малым.
А вось у самой Шаркаўшчыне, куды дзяды пераехалі, я правёў некалькі летаў. І мне тых некалькіх шаркаўшчынскіх летаў хапіла, каб атрымаць прышчэпку беларушчыны на ўсё жыцьцё.
Я чуў, як бабуля размаўляе. Я чуў, як дзед гаворыць. А там жа мова амаль ідэальная. І ў той мясцовасьці яшчэ нават у дарэвалюцыйны час было і культурніцкае, і беларускае жыцьцё. Мая бабуля добра вязала кручком. Але навуку тую яна засвоіла на нейкіх адмысловых курсах для дзяўчат. У 30-я гады, за палякамі, там беларушчына жыла. У выглядзе самадзейных спэктакляў, народных сьвятаў. Падчас акупацыі ў Шаркаўшчыне стаяў атрад беларускай самааховы. Але беларушчыну я прыняў ад бабкі. Я ад яе чуў казкі, як мужык зямлю араў, як мядзьведзь на мужыка залез, яшчэ нейкія.
А «Новая зямля» ляжала ў нас на паліцы, на самым бачным месцы. Нібы Біблія. Тата нас прычашчаў да гэтай кнігі. І мне было цікава чытаць. Гэтую кнігу варта мець як настольную. Там уся сутнасьць беларуса. Калі я яе чытаў, я разумеў, што гэта кніга пра майго дзеда. Бо ён урэшце ўзьбіўся на сваю зямлю! І тая зямля дасталася вельмі цяжка. Прапрадзед меў добры кавалак зямлі. Але ж усё дзялілася паміж шматлікімі дзецьмі. І мой прадзед Іпаліт мусіў паехаць у Пецярбург. Вывучыўся там на памочніка машыніста. Пазнаёміўся там са сваёй будучай жонкай. Агрыпінай з-пад Пскова. Прыехаў зь ёй да свайго бацькі Якуба. Той паглядзеў і ня даў дазволу на шлюб. Ты галадранец, яна галадранка. А гэта ж ня проста дазвол. Бацька разам з блаславеньнем дае сыну кавалак зямлі. Але той паслужыў, стаў нядрэнныя грошы атрымліваць. Явіўся ўжо ў форме чыгуначніка! І яе сваякі ўжо пагадзіліся. Ну, тут ужо і Якуб пагадзіўся. А служыў ён на станцыі Дно.
У 1918 годзе ён здолеў вярнуцца ў Беларусь з гэтага Дна. Разам зь дзецьмі. Дзед мой малы быў. А ўжо ж мяжа паўстала польска-савецкая. Іпаліт сьпісаўся са сваякамі. Тыя паехалі да мяжы. Дамовіліся з памежнікамі. Прыслалі падводу. Пасьпеў вярнуцца да сваёй зямлі. Якая дасталася ў спадчыну майму дзеду.
Такая была цікавая гісторыя. Што прадзеда мабілізавалі як чыгуначніка ў Чырвонае войска, калі пачалася [вайна — рэд.], польска-савецкі фронт пакаціўся ў 1920-м на Захад. І потым, калі палякі вярнуліся ў Шаркаўшчыну, яго цягалі на допыты. Месяц ён прасядзеў у турме. Але разабраліся і адпусьцілі. Бо не сам жа. Пад прыгнётам пайшоў. Не страляў, не забіваў. А другі мой дзед у гэты час, дзед па матчынай лініі, быў якраз чырвонаармейцам, якога вазілі туды, пад Варшаву, ваяваць. І калі іх там разьбілі, ён зьбег і жыў на сваім хутары на Гомельшчыне. І яго за дэзэрцірства бальшавікі адправілі будаваць Беламорканал. А ў 1938 годзе ўвогуле расстралялі. І магло так стацца, што прадзед Іпаліт вёз свайго будучага зяця на варшаўскі фронт. Але самае трагічнае ў гэтай фантазіі — які лёс у аднаго, і які ў другога. Аднаго палякі адпусьцілі, а другога бальшавікі дабілі амаль праз дваццаць гадоў. Спакойнага жыцьця не атрымалася. Прыпомнілі дэзэрцірства. Потым быў данос, што да яго ноччу нейкі вершнік прыяжджаў. А ў тыя ж часы поўна балахоўцаў хадзіла. І ён адсядзеў, вярнуўся зь Беламорканала, пасьпеў маю маму зачаць. А потым Вялікі тэрор. І яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта ў чарзе сказаў, што ў саміх прадуктаў не хапае, а ў Гішпанію гонім хлеб эшэлонамі. Хто гэта мог чуць? У якой чарзе? Але за антысавецкую прапаганду расстралялі.
Я часта блукаю ў снах па тым Берасьці, якога няма. Па горадзе XVIII стагодзьдзя. Дзе яшчэ стаяць старыя камяніцы, храмы. Гэтым зьніклым местам я захапіўся яшчэ ў школе. Мы часам заходзілі ў краязнаўчы музэй, які тады быў у будынку касьцёла. І вось там я ўпершыню ўбачыў старажытную гравюру, такая зараз вісіць у мяне дома, дзе выяўлена старадаўняе Берасьце. Гэтая выява як у дзяцінстве запала ў галаву, так дагэтуль мне і сьніцца. Я хаджу па гэтых вуліцах. Прычым часам трапляю ў той будучы час, калі ў тым горадзе ўсё адбудавана. Ходзяць экскурсіі па адноўленым старым месьце. Гавораць, як тут зруйнавалі горад, як пасьля была цытадэль, як пасьля ўсё аднаўлялі.
Дарэчы, ідэю гэтую, пра аднаўленьне старога места, я пачуў яшчэ школьнікам, у 1975 годзе. У нас былі незвычайныя настаўнікі. Настаўніца фізыкі, я памятаю, прыносіла і давала нам пачытаць «Майстра і Маргарыту». Перадрукаваную з часопіса. А іншая настаўніца, ангельскай мовы, Тацяна Мікалаеўна Пятрушына, сябравала з маладымі супрацоўнікамі абласной газэты «Заря». І вось ад яе мы пачулі гісторыю, як яны абмяркоўвалі — навошта было будаваць гэты мэмарыял, бо калі-небудзь прыйдзецца аднаўляць старое места. Вось такія размовы даляталі да нас у тыя часы, вельмі далёкія ад перабудовы. Беларускае жыцьцё ішло.
Вучыўся я, сын мэра, у вельмі добрай брэсцкай дзявятай школе. Але да «залатой моладзі» я сябе не адношу. Як я зараз разумею, на заходніх савецкіх тэрыторыях гэтая з’ява не праявілася. Адзін раз я на сабе адчуў, што бацька можа як начальнік заступіцца.
Неяк мы пайшлі ў дзясятай клясе на танцы. І пасьля танцаў усе выходзяць з танцпляцоўкі, і стаіць міліцыянт і некага не пускае. Груба сябе паводзіць. Я падыходжу да яго і кажу: «А Вы знаеце, чаму міліцыянераў называюць мянтамі?». Такі юначы максымалізм зь мяне папёр. Ну, ён тут жа мяне скруціў, выклікаў УАЗік, і павезьлі. І пакуль везьлі, я крычаў, што «я сын Грузьдзіловіча! Вы зараз мяне адпусьціце!». Ну і сапраўды. Пасядзеў я, можа, з гадзіну ў «малпоўніку». Потым мяне выпусьцілі. І бацька мне ўставіў! «Каб больш такога не было! Ты мяне ганьбіш! Ты навошта маё прозьвішча ўспамінаў? Траіўся? Цярпі. Ты чаго мяне падстаўляеш?». Але гэта быў адзіны выпадак маёй «залатой маладосьці». У Брэсьце, калі і была сапраўдная «залатая моладзь», дык яна была не ў асяродку кампартыі ці аблвыканкама. А са сфэры гандлю. Там жа была цэлая база «Совтрансавто». Везьлі тавары з Эўропы, нейкія італьянскія боты, джынсы, шмоткі. Тое, што за валюту куплялася. Гэтае дабро давозілася да Брэста і разгружалася. Тут былі велізарныя базы. Кожны начальнік такой саюзнай базы большы за абласнога мэра. Вось іх дзеці хадзілі ў дублёнках ды джынсах. Можа, у Маскве дзе і былі раскошныя разьмеркавальнікі для партыйнай эліты. А ў Брэсьце раскоша выяўлялася ў тым, што на 7 лістапада і на 1 траўня начальнікі атрымлівалі падарункавы набор, дзе быў кавалак кілбасы, баначка ікры ды некалькі воблаў. І пакуль бацька прыходзіў з працы, мы з братам тыя воблы з’ядалі. Бедныя галодныя дзеці беларускай наменклятуры. Калі для дзяцей гандляроў і вайскоўцаў сталіца была Масква, дык для бацькі сталіцай быў Мінск. Куды ён рэгулярна езьдзіў на сэсіі. Бо быў два тэрміны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. І ўсё ягонае начальства было ў Мінску.
Падчас турмы я шмат чаго ўспамінаў. У тым ліку і свой шлях у журналістыку. Я ж у школе быў па перакананьнях чырвоны рэвалюцыянэр. Ну, а якім я мог яшчэ быць у той час? Я вельмі перажываў за сытуацыю ў Чылі, калі зьверглі Альендэ. Памятаю, як я радаваўся, калі ў 1974 годзе сацыяліст Франсуа Мітэран выйграў першы тур на прэзыдэнцкіх выбарах. Забягаю ў клясу і крычу — Мітэрана абралі! На мяне ўсе глядзяць як на вар’ята, у тым ліку і настаўніца. Што такое? Хто такі Мітэран? А потым адбылася рэвалюцыя ў Партугаліі. Рэвалюцыя гвазьдзікоў. Быў такі журналіст Ігар Фесуненка, які працаваў у Партугаліі і аглядаў тыя падзеі ў «Правде». Мяне так захапіла гэта ўсё! І я сачыў з захапленьнем, як павялічваецца на плянэце чырвоны лягер. Вось яшчэ адна краіна да нас адышла! І пасьля падзей у Партугаліі я стаў рэгулярна чытаць прэсу, і ў выніку мне самому захацелася стаць журналістам. Партугальская рэвалюцыя і дагэтуль вылучаецца. Нездарма яе зараз згадваюць часта. Бо тую рэвалюцыю зьдзейсьнілі капітаны. Не генэралы прыкормленыя, а тыя маладыя афіцэры, на якіх і мы спадзяваліся. Можа, яны яшчэ і з’явяцца.
Маё разьвітаньне з камунізмам адбывалася паступова. Пасьля першага курсу мяне замест канікул завербавала такое выданьне «Знамя Юности. На студенческой стройке». Гэта быў дадатак да Рэспубліканскай камсамольскай газэты для тых, хто працуе ў студэнцкіх будатрадах. І ў кожнай вобласьці быў карэспандэнт. І так я першыя два месяцы працаваў у Віцебску. Жыў у інтэрнаце мэдыцынскага інстытута. Да мяне прыходзілі цынічныя студэнткі мэдычкі і адкрывалі мне вочы на жыцьцё. Тое дрэнна, гэта дрэнна. А я зь імі спрачаюся! Я ім расказваю, як у нас у Савецкім Саюзе ўсё выдатна! Ну а чым мне дрэнна? Жывем у трохпакаёвай кватэры, скончыў музычную школу, маю новыя чаравікі. Нават воблу па сьвятах ем. Што яшчэ трэба для шчасьця? А яны на мяне глядзяць, як на іншапланетніка. Маўляў, вы жыцьця ня ведаеце. А потым я на наступную практыку прыяжджаю ў раёнку, у «Зару над Бугам», потым я еду ў будаўнічы атрад. Дзе пакрысе адкрываецца жыцьцё. Але поўнае працьверазеньне адбылося, як я папрацаваў у газэце «Інтэграл» і мяне ўзялі лектарам у абкам камсамола. Я ўжо жанаты, дзіця. І я пайшоў у абкам фактычна зарабляць на кватэру. Але я паглядзеў гэтую сыстэму знутры і ўбачыў, наколькі яна гнілая. Як усе гэтыя ідэалы, пра якія я марыў, ім усім «до фонаря».
Алег Груздзіловіч з дзецьмі. Фота з асабістага архіва
Асаблівы быў шок, калі я паехаў на Фэстываль моладзі і студэнтаў у Маскве. Камсамольскія важакі думаюць аб тым, як бы набіць кішэні. Мы жылі пад Масквой, каля спартыўнай базы, пабудаванай да Алімпіяды-80. Я неяк зайшоў на гэту базу. Велізарнае памяшканьне, дзясяткі кабінак з разьбітымі ўнітазамі, ваннамі. Карціна, як пасьля варожага нашэсьця. І ўвесь гэты пагром асьвятляецца электрычнымі лямпачкамі. Выключальнікаў няма, а лямпачкі гараць. Марнуюцца грошы, і ўсім пляваць. І на тым фэстывалі я бачыў тое самае. Наш абавязак быў сустракаць замежных гасьцей у аэрапорце Шереметьево і дарыць розныя налепкі, значкі ды матрошкі. І сакратар абкама, які кіраваў нашай групай, усё гэтае дабро сабе цягнуў. Набіваў кішэні гэтымі значкамі. І ён не адзін быў такі. Увесь актыў быў проста хворы на гэтую халяву. Я тады цалкам расчараваўся ў гэтай сыстэме, і калі пачалася перестройка, ужо быў цалкам да яе падрыхтаваны.
Напрыканцы 80-х я працаваў адказным сакратаром у «Знамени Юности». Ужо быў у Эстоніі Народны Фронт, у Латвіі Народны Фронт. У нас тут забаранялася нават згадваць пра народныя франты. А я сам макетаваў трэцюю старонку, міжнародную. Я бяру матэрыялы з АПН, лібэральнага агенцтва саюзнага. Я бяру ў іх матэрыяльчык пра эстонскі Народны Фронт і запускаю яго ў «замежную» паласу. І некалькі такіх публікацый прайшло. Потым нехта з начальства гэта заўважыў: «Ты што робіш?». Ну, я ўключыў прастачка. Маўляў, трэба было месца запоўніць. Так атрымалася.
«Знамя Юности» тых часоў — гэта каманда прафэсіяналаў. Аляксандр Класкоўскі, Ларыса Саенка, Павел Уладзіміраў, Алесь Ліпай, Галіна Айзенштадт. Мы яшчэ да сярэдзіны 90-х гадоў былі вельмі ўплывовым выданьнем. І наклад у нас быў семсот тысяч.
Алег Груздзіловіч на працы ў 1996 годзе. Фота: press-club.pro
Дзякуючы нашай папулярнасьці праз нашу газэту хацелі запусьціць у Беларусі скандальны ліст Ніны Андрэевай. У сакавіку 1988-га ў газэце «Советская Россия» выйшаў яе скандальны артыкул «Не могу поступаться принципами». Гэткі бальшавіцкі маніфэст, сталінісцкі. І пачалася хваля перадруковак у абласных партыйных газэтах. Цэнтральныя выданьні асьцярожнічаюць. Гарбачоў едзе некуды ў адпачынак. А ў нас жа «Вандэя перастройкі»! У гэты час ідзе загад надрукаваць гэты артыкул у нас, у Беларусі. Але дзе? У «Звязду» ж ня сунеш. Ці ў цэнтральную «Советскую Белоруссию». А вось ёсьць «Знамя Юности» зь велізарным тыражом. А я — адказны сакратар. Да мяне прыходзіць рэдактар Саламаха і падчас размовы, паміж справаў, кідае гранкі ўжо набранага матэрыяла. Маўляў, пастаў гэта на суботу. І хуценька разьвітаўся.
Я пачынаю гэта чытаць. І разумею, што гэта поўнае дно. І гэта хочуць праз нас працягнуць. І як гэта спыніць? Я ж як адказны сакратар не магу не выканаць даручэньня. Я хуценька, а ўжо пятніца, склікаю рэдкалегію і паказваю гэты тэкст. І пастанавілі не падпісаць такі макет. Газэта пайшла ў друк з іншым матэрыяламі. Нешта іншае паставілі. У панядзелак скандал. Прыехаў інструктар ЦК КПБ Крукоўскі, які адказваў за прэсу: «Вы што нарабілі?». Мяне выклікаюць. Кажу — такое рашэньне рэдкалегіі. Гэта супярэчыць курсу партыі на перабудову. І праходзіць два дні. Гарбачоў вярнуўся з адпачынку. Яму паклалі гэта на стол. Казалі нават, што да яго дайшлі чуткі пра нашу газэту, якая адмовілася гэты тэкст друкаваць. У выніку чым скончылася. Прыходзіць Саламаха праз два дні. Паціскае мне руку. «Малайцы, таварышы! Дзякуй! Адказна падышлі да справы! Выратавалі гонар газэты!».
Калі арганізоўваўся Беларускі Народны Фронт, я яшчэ працаваў адказным сакратаром. І аргкамітэт па стварэньні БНФ арганізаваў у Курапатах суботнік. Я сам зь дзецьмі прыяжджаў. Мы там працавалі, гальлё прыбіралі. Ну, а потым я напісаў нататку пра гэты суботнік. А начальства бярэ і здымае, што гэта арганізаваў БНФ. Маўляў, адбыўся суботнік, людзі сабраліся прыбралі, і ўсё. Ну, мне шкада было зусім здымаць матэрыял. Усё ж людзі працавалі. І я пагадзіўся з такой цэнзурай. Выйшаў матэрыял. І ў той жа дзень тэлефонны званок. Падымаю. Пазьняк звоніць. Спадар Грузьдзіловіч. Мы Вас паважаем як журналіста. Але чаму няма згадкі пра Народны Фронт? Я яму патлумачыў, што была згадка. Але зьнялі. Я палічыў патрэбным згадкай ахвяраваць, каб даць у друк саму нататку. «Наступным разам не пагаджайцеся. Калі ня хочуць згадваць Народны Фронт, тады ўвогуле ня трэба». Разьвіталіся, паклаў трубку. Усё ж мяне гэта зачапіла. Як жа Пазьняк сябе афішуе занадта. Значыць, для яго ня важна, што людзі прыйшлі ў Курапаты і прыбралі? А тое, ці было гэта Народным Фронтам зроблена? Цяпер я разумею, што гэта звычайныя паводзіны палітыка. Але ж тады іншы час быў. І мералі мы не палітыкай, не піяр-шумам, а справамі.
Вось сёньня чым мераць? Ты браў удзел у Маршах? Хоць раз? Не, ня браў? Дык што ты мне будзеш гаварыць пра палітыку? Пачынаючы з кастрычніка, выйсьці на Марш — гэта рызыкаваць, што цябе пасадзяць.
А гэтых вэтэранаў БНФ я на Маршах штосьці ня бачыў.
Алег Груздзіловіч
Мой бацька памятае яго, як ён служыў у памежных войсках. Ён быў камсоргам. У штабе сядзеў. І там, пры штабе быў музэй памежнага атрада. І Лукашэнка там часам праводзіў экскурсіі. Бацька яго добра запомніў. Высокі, складна гаворыць. Але ні зь якімі аўчарамі па паласе ён ня бегаў.
А мне ўспамінаецца такі выпадак. Я быў парлямэнцкім карэспандэнтам у «Народнай газэце». Я падыходжу да яго па камэнтар. Пра нейкі прыняты закон. І ён пачынае мне гаварыць. Адбарабаніў. Я задаволены, ён задаволены. І я ўжо сабраўся сыходзіць, як тут падбягае да яго журналіст з газэты «Товарищь». І просіць яго пракамэнтаваць той самы прыняты закон. І Лукашэнка на гэтую ж тэму пачынае казаць яму дыямэтральна супрацьлеглае. Ён хвіліну назад казаў мне з адной пазыцыі, а зараз ужо зусім іншае. Ні фіга сабе — думаю. І тады я пераканаўся, што ён заўжды кажа тое, што людзі хочуць пачуць. Але ён ня быў тады нейкай заўважнай фігурай, каб пра яго нешта думаць. Ён быў адзін з многіх. Але выснову пра ягоную шчырасьць я зрабіў. Але, калі ён гаварыў, дык гаварыў выразна, узважана. Быццам гэта не шараговы камэнтар, а прамова з трыбуны.
І яшчэ адзін эпізод. Часам дэпутаты гулялі ў футбол. Ну і неяк сабралася каманда маладых дэпутатаў, а каб было больш гульцоў, запрашалі часам журналістаў. А я ж таксама гуляў у футбол! Таму з радасьцю неяк далучыўся да іх каманды. Поле забясьпечваў такі быў дэпутат-вайсковец Паўлаў. Ён дамаўляўся са спарткомплексам ва Ўруччы. А там жа яшчэ была саўна! Ну, якія ж дэпутаты без саўны. Загружаліся на плошчы Незалежнасьці, каля Дома ўраду. Паехалі да гасьцініцы «Кастрычніцкай» і стаялі там, можа, хвілін дзесяць. Каго чакаем? Антончык кажа: «Сашу чакаем. Ён жа тут жыве». І вось прыбягае Лукашэнка. У чырвоным спартовым касьцюме. Як заўжды, нечым незадаволены. Нават «дзякуй» не сказаў, што яго пачакалі. І адразу, як сеў, паміж ім і дэпутатамі з апазыцыі ўспыхнулі спрэчкі. Потым быў футбол, дзе два моманты мне асабліва запомніліся. Першае, ён гуляе подла. Ён не даруе чалавеку, які яго абвёў. Ён бяжыць за ім і б’е па нагах. Ён так некалькі разоў Лябедзьку лягаў. Я глядзеў і афігеваў — што за вар’ят! Так не прынята! Тым больш, сёньня мы гуляем у адной камандзе, заўтра ў другой. Як так можна? Гэта нікому не даруецца. Біць па нагах у таварыскай абстаноўцы.
Ну і другі момант. Пры ўсёй ягонай грузнасьці, непаваротлівасьці, часам ён трапляў нядрэнна. Аднойчы ледзь не з сярэдзіны поля ў «дзявятку» патрапіў з развароту. Хаця як гулец ён дрэнны. Бегаць ён ня можа, прарывацца ня можа. Толькі піхнуць каго. Але ж здаля папаў.
Але самае цікавае было пасьля футболу. Пайшлі ўсе ў лазьню. Выпіваць пачалі. І ўсчалася размова пра будучае прэзыдэнцтва. І ён там, у парыльні, усім прысутным заяўляў, што «я буду прэзыдэнтам». Яго там паднялі на сьмех. Жартавалі, кпілі. Ён адбіваўся, спрачаўся. Потым былі спрэчкі пра Савецкі Саюз. Дайшло да жорсткіх словаў, нават да абразаў. Я ў гэты момант выйшаў. А там каля лазьні сажалка невялікая. Каб з парыльні бухнуцца. Ну я ў яе залез і расслабляюся. І раптам дзьверы расчыняюцца, і выходзіць Саша. Чырвоны, распараны. І бяжыць да мяне. Бухаецца ў сажалку, вынырвае. А ягоная чупрына, каторая звычайна хітразачасаная, яна ўся на ягоным твары, калі вынырнуў. Тое яшчэ відовішча. І я думаю — як бы яго супакоіць. У мяне ўжо фраза была на языку: «Ды супакойцеся. Што Вы так блізка да сэрца бераце?». А ён сваю галаву з вады высоўвае, з гэтым тварам, як у русалкі, ваду выплюнуў і кажа: «Які Саюз, бл**і, развалілі!». Мяне нібы халоднай вадой абдало. Ні фіга сабе! Чалавек у такіх умовах! Замест таго, каб расслабіцца пасьля пары, пакайфаваць. А ён увесь час злы і пра Саюз думае. Я гэтую фразу потым успамінаў, калі Лукашэнка, ужо будучы прэзыдэнтам, езьдзіў зь Ельцыным на МТЗ. І я там апынуўся побач. І ён там казаў Ельцыну — вось, гэта ж ня толькі наш завод, гэта і ваш завод. І тады я ў газэце «Свабода» напісаў артыкул пра тое, што Лукашэнка яўна марыць пра тое, каб узначаліць Расею. Гэтае «ваша — наша» побач з нямоглым Ельцыным. Але пасьля той лазьні я даў сабе слова ніколі пра яго не пісаць. І не пісаў.
Там узьнікалі ня тое, што спрэчкі, але гарачыя абмеркаваньні. Вяліся сур’ёзныя дыспуты. Ці трэба захоўваць сьмяротную кару? Пасьля знайшлі больш цікавую праблему. Дыскрымінацыя ЛГБТ, ці варта ім дазваляць усынаўляць дзяцей. А адзін крымінальнік, які адседзеў восем гадоў, калісьці бамбіў розныя кіёскі, проста хапаўся за галаву. Вы што гэта абмяркоўваеце? Калі б тут сядзелі злодзеі і даведаліся, што вы гэтую тэму нават проста абмяркоўваеце — пры наступнай ходцы вы б ужо хадзілі з мачалкай. Ён нас знаёміў з турэмнай лексікай. Праводзіў такі лікбез. Што такое «шконка». А самога яго ўзялі за нацыянальны сьцяг. Хадзіў зь беларускім сьцягам па Сухараве.
Я заўжды гаварыў па-беларуску. І маіх маладых калег часам апаноўвала ідэя «з заўтрашняга дня гаварыць толькі па-беларуску». Але пачынаўся новы дзень, як правіла, з мата. Як правіла, з мата на адзін адрас.
Верш «Воля» з кнігі Алега Груздзіловіча «Прыгоды Дзядзі Віці на Валадарцы»
Калі я выйшаў з Баранавіч, мне было вельмі цяжка вяртацца ў гэтую тэму. Я ж пішу пра гэта ўжо больш за дваццаць гадоў! Пачынаючы ад першых пасадак, ад першых «Чарнобыльскіх шляхоў». І так ад усяго гэтага моташна. А тут яшчэ сам перажыў. І зноў у гэта ўсё вяртацца.
Але да гэтага лета, як бы ты ні пісаў пра чалавека ў турме, усё роўна атрымаецца павярхоўна. Нібы хлусіш. І калі ты сам гэта ўсё перажыў, становіцца лягчэй. Я ўжо сам магу сказаць — а ў мяне было так, я цябе разумею. А зь іншага боку, мне балюча ўсё гэта ўспамінаць, пражываць.
Такая рэч у мяне была. Пачынаецца суд нада мной. Усе хлопцы, зь якімі сядзеў, аўтаматам атрымлівалі па пятнаццаць содняў. Яны ўсе праз пяць хвілін вяртаюцца. А мне прыводзяць адваката. Бачу жонку, калег. Гэта ўсё зацягваецца. Бачу, што судзьдзя шукае нейкія падставы, каб мяне не пасадзіць: «Колькі Вам гадоў? Калі Вы выходзіце на пэнсію? Якія ў Вас хваробы?». Бачна, што нешта хоча. Зь некім раіцца. Потым перапынак. Я бачу, што яны могуць мяне і адмазаць. З аднаго боку, мне радасна. А зь іншага, неяк няёмка. Як у тым анэкдоце пра партызана. Перад хлопцамі няўдобна. Усім па 15 сутак, а мне штраф. Думаю, ну хоць бы дзесяць сутак далі. Згодны і на дзесяць! І тут мне абвяшчаюць пятнаццаць. Я пачынаю гнеўна кідаць судзьдзі: «Я ня згодны! Я буду абскаржваць!». А сам пра сябе падумаў — ну й добра.
Потым, калі ўсё адседзеў і перахварэў, я ўжо нічога не абскарджваў. Мне было брыдка ў суд хадзіць. Пачынаецца мая адсідка ў Баранавічах. І праз пяць сутак адседкі я ўжо падумаў, што згодны быў бы і на дзесяць. А яшчэ празь дзень згодны быў бы і на штраф. Весь гераізм прайшоў.
Думаеш, на халеру такія выпрабаваньні? Да бытавых нязручнасьцяў можна прызвычаіцца. Але ты ня можаш сябе прызвычаіць, асабліва ў такім веку, да прыніжальнага стаўленьня. «Рукі за сьпіну! Глаза не падымаць! Глядзець у пол!».
Матрацы выдавалі. І ўсім далі нармальныя, а мне нейкі бясформены мяшок. Я яго ўзяў. Папёр у камеру. А потым гляджу — ва ўсіх новыя. Ну, думаю, скажу. Выходжу ў калідор. І тут жа: «Што! Папытка пабега!». І гэты іхны брэх мяне больш за ўсё выводзіў.
Баюся, што калі б мяне ў аўтазаку пачалі біць, я б даў у адказ. Я б не стрымаўся. Бачаць жа, што чалавек ужо сівы, немалады. А яны ўсё роўна так ставяцца. Яны, вядома, так выконваюць інструкцыі. Але яшчэ накладаюцца дзьве рэчы. Па-першае, іх нявыхаванасьць. А другое — ідэалягічнае выхаваньне. Яны ўсе перакананыя, што мы ўсе купленыя.
Памятаю такі эпізод. Акрэсьціна. Ідзе суд. І пакуль выносяцца рашэньні, выходжу ў калідор. Сяджу. А ў суседнім пакоі судзяць дзяўчыну з Наргасу. А яшчэ дзяўчынка, падзельніца, сядзіць побач са мной. Пытаюся — а Вас за што? Ды вось, кажуць, выйшлі на тры хвіліны пастаяць з плякацікам. Потым выходзіць яе сяброўка, сядае на яе месца, а тая пайшла ў пакой. У сяброўкі сьлёзы. Што такое, пытаюся. Пятнаццаць сутак. За тры хвіліны з плякатам. Плача. Я сяджу насупраць. Калідор, вертухаі ходзяць. Я ёй кажу — не хвалюйцеся так, не перажывайце. Прыйдзе час, будзеце яшчэ ганарыцца, што быў такі эпізод у Вашым жыцьці. І тут вертухай: «Што ей гаварыш! Чэм ана будзет гардзіцца? Ей жызнь сламалі такіе как ты!». Ды я, кажу, супакоіць чалавека хачу. «Каво ты хочэш успакоіць? Пусьць думает, што дзелает!». А яна так на яго паглядзела і кажа са сьлязой: «Эта не он мне сламал жызнь. Мне другой челавек сламал жызнь!». Кіно!
Запісаў Зміцер Бартосік, Budzma.org