Пачала працу электронная кнігарня arche.by

У апошні дзень кастрычніка нарэшце запрацавала электронная кнігарня часопіса Arche.

Новы сайт часопіса і выдавецтва ARCHE быў даступны для агляду ад 1 снежня 2015 года. Але сам функцыянал, г.зн. яго ўнутранае ўладкаванне, яшчэ былі далёкія ад працоўнай кандыцыі.

Цяпер на сайце arche.by можна знайсці: ўсе часопісы і кнігі, выдадзеныя з самага пачатку праекту, г.зн. з 1998 года. Гэта больш за 130 нумароў ARCHE і амаль 100 кніг. Гэта значыць, што адкрываецца доступ да папулярных кніг і нумароў, папяровыя наклады каторых распрадалі. Электронныя выданні можна праглядаць з розных прыладаў: кампутару, планшэту і смартфону. Гэта робіць чытанне мабільнейшым і зручнейшым!

Насамрэч электронных кніг на сайце значна болей (іх колькасць перавысіла адзнаку ў 200 адзінак). Гэтак сталася таму, што на старонках часопіса “ARCHE” часта друкаваліся цэлыя кнігі (часам ажно на 200 ці 300 старонак), якія пасля так і не былі перавыдадзены асобным выданнем.

Публікацыі выдавецтва ARCHE даступныя не толькі ў выглядзе цэлых нумароў ці кніг, але і паасобных артыкулаў. Цяпер на сайце можна знайсці амаль 6 000 артыкулаў, якія былі апублікаваны ў выпусках часопіса ці кнігах.Так было зроблена адмыслова, каб чытачы маглі набываць канкрэтны артыкул, не купляючы ўсяго выдання.

На сайце кнігарні прадстаўлены тэксты амаль 2 000 аўтараў. Збольшага гэта грунтоўныя публікацыі з асноўных галін гуманітарнай навукі – гісторыі, мовазнаўства, літаратуразнаўства, паліталогіі, сацыялогіі ды г.д.

Кошты, умовы аплаты ды іншую падрабязную інфармацыю глядзіце на сайце arche.by